БРЦ высветліў, што нягледзячы на заходнія санкцыі, амаль палова экспартных угнаенняў «Гродна Азоту» усё яшчэ паступае ў ЕЗ праз фірмы-пракладкі, звязаныя з атачэннем Аляксандра Лукашэнкі.
Ключавыя знаходкі:
- У 2024 г. 186 тыс. т угнаенняў заводу на $59 млн перасеклі мяжу ЕЗ, склаўшы амаль палову экспарту «Гродна Азоту».
- Арэнда плошчаў і абсталявання заводу хавае вытворцу; пяць спецэкспарцёраў афармляюць тавар як свой, прыносячы 18% маржы і $8,1 млн прыбытку за 9 мес 2024.
- Фірмы-пракладкі звязаныя з «гаманцамі» Лукашэнкі – Мікалаем Варабʼём і Сяргеем Цяцерыным; адной кампаніі экспарт дазволіў асабістым распараджэннем Лукашэнка.
- Пасля польскай блакады канца 2024 г. паток перанакіравалі праз Латвію; новыя пракладкі ўскосна звязаныя з Віктарам Шэйманам.
- Аналіз інвойсаў і іншай дакументацыі аднаго са спецэкспарцёраў паказаў, што яны могуць быць падробленымі. У іх указаны Туркменістан і Казахстан, хоць банкаўскія дадзеныя паказваюць, што сыравіна і вытворчасць застаюцца на «Гродна Азоце».
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывай «Рабочы Рух» і латвійскай грамадскай тэлерадыёкампаніяй LSM. Гэта першая частка расследавання пра схему, арганізаваную з мэтай абыходу санкцыяў супраць прадпрыемства «Гродна Азот».
5 лістапада 2024 году. З трох беларускіх вагонаў на тэрмінале лагістычнага аператара PKP Cargo Connect у Польшчы выгрузілі 164 тоны азотных угнаенняў. Шасцю днямі раней той жа тавар загрузілі на чыгуначнай станцыі Аўльс — па суседстве з заводам «Гродна Азот». Гэтае прадпрыемства на той момант ужо тры гады знаходзілася пад заходнімі санкцыямі. У гэтым расследаванні БРЦ знайшоў адказ на пытанне, як у такім выпадку гэтая падсанкцыйная прадукцыя бесперашкодна перасекла мяжу і трапіла на тэрыторыю Еўразвязу.
На самой справе летась такіх вагонаў было ў тысячу разоў болей. Цягам аднаго толькі мінулага году ў ЕЗ патрапіла 186 тысячаў тонаў забароненых беларускіх угнаенняў на $59 млн.
Стратны поспех
«Гродна Азот» патрапіла пад санкцыі яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У жніўні 2020-га тысячы рабочых прадпрыемства далучыліся да пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Пасля жорсткага разгону нязгодных у кастрычніку, звальненняў і крымінальных справаў, ЗША ў красавіку 2021 года аднавілі санкцыі супраць прадпрыемства. Еўразвяз далучыўся да іх у снежні.
Цягам наступных гадоў кіраўніцтва «Гродна Азоту» неаднаразова заяўляла, што здолела пераарыентаваць экспарт у Расею і краіны «дальняй дугі». У 2022-м — заняць 10% расейскага рынку ўгнаенняў карбамідна-аміячнай сумесі (скарочана КАС), а ў 2023-м — павялічыць экспарт у РФ яшчэ на траціну. Такім чынам, у Расею трапляе амаль 20% ад усяго беларускага экспарту азотных угнаенняў.
Аднак гэта — толькі пазітыўная частка гісторыі. БРЦ з дапамогай актывістаў «Рабочага Руху» выкрыў яе негатыўны бок. Праз доступ да ўнутранай справаздачы канцэрну «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць гарадзенскае азотнае прадпрыемства, мы даведаліся фінансавыя падрабязнасці экспарту «Гродна Азоту» у далёкія краіны праз расейскія парты і ў саму Расею. З дакументу вынікае, што ён пераважна стратны. Напрыклад, КАС дае «Гродна Азоту» мінус амаль 28% рэнтабельнасці, а страты на сульфаце амонію сягаюць 41%. Прыбытковыя толькі пастаўкі карбаміду — каля 8%. Калі палічыць увесь экспарт у Расею і краіны далёкага замежжа за першыя тры кварталы 2024 года, то рэнтабельнасць складзе мінус 6%, або мінус $3,53 млн.
Прыбытак жа «Гродна Азоту» дае экспарт на тэрыторыю, дзе яго прадукцыя афіцыйна забароненая.
Ратуюць Еўразвяз і спецэкспарцёры
У справаздачы «Белнафтахіму» журналісты БРЦ знайшлі інфармацыю пра пастаўкі ў Еўразвяз. Экспарт туды выглядае значна больш выгадным: карбамід — прыбытковасць болей як у 3 разы вышэйшая, чым у Расею, КАС — мінус 1%, сульфат амонію — мінус 13%, але за тры кварталы летась экспартавалі толькі 28 тонаў, што мела невялікі ўплыў на агульны вынік. За першыя 9 месяцаў 2024 года рэнтабельнасць паставак у ЕЗ склала 18%, чысты прыбытак — $8,1 млн. Гэта адзіны накірунак экспарту, які дае «Гродна Азоту» прыбытак на продажы ўгнаенняў.
У Расею і краіны «дальняй дугі» «Гродна Азот» пастаўляе прадукцыю самастойна. А для экспарту ў ЕЗ выкарыстоўваюць фірмы-пасярэднікі. Іх у справаздачы «Белнафтахіму» называюць «спецэкспарцёрамі». «Гродна Азот» нібыта здае ім у арэнду абсталяванне заводу, і афіцыйна тавар вырабляюць ужо спецэкспарцёры, а не прадпрыемства. [*]
У даведцы для Савету міністраў Беларусі «Белнафтахім» адкрыта прызнаецца: «Для пераадолення санкцыйнага бар'ера было арганізавана прадстаўленне ў арэнду абсталявання асобных вузлоў устаноўкі па вытворчасці азотных угнаенняў, што дазваляе змяніць вытворцу ўгнаенняў і стварыць умовы па простых адгрузках прадукцыі ў краіны ЕЗ з мінімальнымі лагістычнымі выдаткамі». [*]
У дакументах адрас сапраўднага вытворцы — «Гродна Азоту» — падмяняюць на юрыдычны адрас спецэкспарцёра. [*] Калі партыя тавару прыбывае на мяжу, еўрапейскія мытнікі не бачаць, што гэта прадукцыя падсанкцыйнага прадпрыемства. Па такой схеме, паводле наяўных у БРЦ дакументаў, у 2024 годзе амаль палова экспарту «Гродна Азоту» — амаль 200 тыс. тонаў азотных угнаенняў на няпоўныя $60 млн — ішла ў Еўразвяз.
Набліжаныя да Лукашэнкі
БРЦ выкрыў шэсць спецэкспарцёраў прадукцыі падсанкцыйнага прадпрыемства. Першы з іх — ТАА «Новая біятэхналагічная кампанія». Дазвол на экспарт яму асабістым распараджэннем надаў Аляксандр Лукашэнка. [*]
Наступныя тры фірмы звязаныя з бізнесоўцам Мікалаем Вараб’ём. ЕЗ і ЗША наклалі на яго санкцыі, называючы «гаманцом» Лукашэнкі.
Адна з іх — ТАА «МетаТрэйдзінгПрам» — мае ліцэнзіі на экспарт карбаміду і КАС. [*] [*] [*] Заснавалі кампанію тры асобы. [*] [*] Першая з іх — Алег Алёхін. У 2021 і 2023 гадах ён прадстаўляў «Гродна Азот» на міжнародных выставах. З 2020 году займаў пасаду начальніка аддзелу інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння на прадпрыемстве і праходзіў пацярпелым па крымінальнай справе супраць страйкамаўцаў — нібыта на ягоны адрас прыходзілі пагрозы. [*] Другі заснавальнік — экс-выканаўчы дырэктар прэзідэнцкага спортклубу Андрэй Карповіч, якога можна пабачыць на фотаздымках побач з сынамі Лукашэнкі Віктарам і Дзмітрыем. Трэці — Сяргей Пузевіч. На момант рэгістрацыі ён быў супрацоўнікам фірмы ТАА «Лагістык Энерджы». Гэта другая кампанія, звязаная з Вараб’ём: яна належыць асобе з яго атачэння і мае статус спецэкспарцёра, але возіць прадукцыю «Гродна Азоту» толькі ў краіны «дальняй дугі». [*] [*] [*]
Трэцюю кампанію, звязаную з Мікалаем Вараб’ём — ТАА «НФТ» — заснаваў Гарадзенскі райвыканкам праз дзве кампаніі-пракладкі, ЗАТ «ФДК» і «Юлры». [*] [*] [*] [*] [*] [*] Дырэктар апошняй, Мікалай Лойша, з 2017 па 2021 гады працаваў у кампаніі «Влатэ Лагісцік», звязанай апроч Вараб’я яшчэ з двума «гаманцамі» Лукашэнкі — Аляксеем Алексіным і Аляксандрам Зайцавым. Пасаду дырэктара «НФТ» займае Алег Алёхін, ужо вядомы нам як адзін з заснавальнікаў «МетаТрэйдзінгПрам» і былы супрацоўнік «Гродна Азоту».
Другая група кампаній ускосна звязаная з былым асабістым трэнерам Аляксандра Лукашэнкі па тэнісе, а цяпер адным з вядомых беларускіх бізнесоўцаў, набліжаных да ўлады, Сяргеем Цяцерыным. На працягу доўгага часу ягоным партнёрам у розных праектах быў грамадзянін Арменіі Армэн Аруцюнян. [*] [*] Менавіта ён кіруе яшчэ адным спецэкспрацёрам — ТАА «Тэхнаспецтрэйдынг». У 2023 і 2024 гадах яно прадавала ў Еўразвяз прадукцыю «Гродна Азоту» пад выглядам уласных угнаенняў. [*] Чвэрць кампаніі належыць армянцы Рузане Хачатран, рэшта — самой сабе. [*] [*] [*] [*] [*] [*] «Тэхнаспецтрэйдынг» валодае яшчэ адным спецэкспрацёрам — ТАА «ТэхнаспецтрэйдынгЭкспарт». [*] [*]
Армэн Аруцюнян працуе ў розных беларускіх кампаніях з 1997 году, а з 2011-га валодае некалькімі з іх. З экс-трэнерам Лукашэнкі яго звязвае не толькі бізнес: Цяцерын пазычыў $1,7 млн на пакрыццё шкоды дзяржаве ў межах крымiнальнай справы, па якой Аруцюняна прызналі арганізатарам злачыннай схемы. [*] [*] [*]
Схема стоп старт
Пакуль журналісты БРЦ працавалі над гэтым расследаваннем, арганізатары незаконнай схемы паставак сутыкнуліся з цяжкасцямі. Польскія ўлады прызналі, што адзіны рэальны вытворца азотных угнаенняў у Беларусі — гэта «Гродна Азот». У канцы 2024-га — пачатку 2025-га Варшава пачала блакаваць дзейнасць усіх вядомых спецэкспарцёраў. Цягам некалькіх месяцаў усе яны трапілі ў нацыянальныя санкцыйныя спісы Польшчы і экспарт азотных угнаенняў праз гэтую краіну цалкам спыніўся.
Літва істотна ўзмацніла кантроль за імпартам азотных угнаенняў з Беларусі яшчэ раней: пасля таго, як у лютым 2023 году актывісты «Рабочага Руху» заблакавалі цяжкавікі з грузам падсанкцыйнага тавару на беларуска-літоўскай мяжы.
Аднак нават пасля гэтага схема з абыходам санкцыяў не знікла.
Санкцыі Варшавы не маюць агульнаеўрапейскай юрысдыкцыі, яны абмяжоўваюцца нацыянальнымі межамі. Астатнія чальцы Еўразвязу не мусяць іх прытрымлівацца. А значыцца, забаронены тавар можна прынамсі паспрабаваць завезці праз іншую краіну аб’яднання. Каб спраўдзіць гэтую тэзу, журналісты БРЦ праверылі еўрапейскую статыстыку па імпарце азотных угнаенняў. І знайшлі новую схему абыходу абмежаванняў.
Новы маршрут
Паводле Еўрапейскага статыстычнага агенцтва, паставак азотных угнаенняў з Беларусі ў Латвію не было ўжо 4 гады. Але на пачатку 2025-га яны зноў з’явіліся ў спісе экспартных тавараў. Праз Латвію ўгнаенні з Беларусі едуць кліентам з Нямеччыны, Вугоршчыны і іншых еўрапейскіх краінаў. [*] [*] [*]
У накладных паперах станцыяй адпраўлення больш не пазначаюць Аўльс — тэрмінал побач з «Гродна Азотам». Цяпер месцам загрузкі ўказваюць Берасце, Баранавічы, Матыкалы і Жабінку.
Схема, па якой запрацаваў экспарт праз Латвію, атрымала дробныя змены, але ў цэлым захавала старую форму. Спецэкспарцёры, як і раней, бяруць прадукцыю на «Гродна Азоце», але грузаадпраўшчыкам у Латвію выступаюць новыя беларускiя фірмы, якія раней не былі заўважаныя ў экспарце забароненых тавараў у Польшчу. То бок цяпер у схеме ўдзельнічае не адна кампанія-пракладка, а дзве. Дакументы, якія ёсць у распараджэнні рэдакцыі, сведчаць, што з пачатку гэтага году такім чынам у Латвію заехала як мінімум 278 вагонаў з азотнымі ўгнаеннямі.
Журналісты БРЦ выкрылі тры новыя беларускія кампаніі-пракладкі, якія ўдзельнічаюць у экспарце па новым накірунку. Усе тры звязаныя паміж сабой і, ускосна, з Віктарам Шэйманам — найбліжэйшым паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі, былым кіраўніком яго справамі.
Сям’я і гандаль па два бакі мяжы
На сайце першай з трох новых беларускіх кампаніяў-пракладак няма ні слова аб працы з сельскагаспадарчымі ўгнаеннямі, але менавіта яна выступіла новым адпраўніком прадукцыі «Гродна Азоту» у Латвію. З ёй звязаныя ўсе фігуранты новай схемы паставак у Еўразвяз. Называецца фірма — «Лесахімік». [*] [*]
У ёй працуюць або раней працавалі асобы, звязаныя з уласнікамі дзвюх іншых кампаніяў — «БелАмікс» і «Брэстзнештранс», якія адпраўлялі падсанкцыйныя грузы. [*] [*]
Праз ланцужок асобаў «Лесахімік» звязаны з адным з найбольш уплывовых беларускіх высокапасадоўцаў. Адзін супрацоўнікаў Сяргей Хохатаў прыходзіцца родзічам бізнесоўцу Міхаілу Цыплакову. Цыплакоў займаў пасаду намесніка гендырэктара дзяржаўнай кампаніі «Белзарубежгандаль», якая экспартавала нафтапрадукты пад кіраўніцтвам Віктара Шэймана — правай рукі Аляксандра Лукашэнкі. [*]
Цыплакоў разам з Хохатавым заснавалі фірму «Апстрым», якую пазней перадалі ў кіраванне сваякам Шэймана. [*]
У схеме па экспарце прадукцыі «Гродна Азоту» ўдзельнічае яшчэ адзін чалец клану Цыплакова. Яго зяць — Сяргей Неміроўскі — валодае дзвюма еўрапейскімі фірмамі, якія набываюць беларускія азотныя ўгнаенні. Першая — эстонская STACROLOFT INC. OÜ, другая — польская ERTELA SP. Z O.O. Абедзьве з’яўляюцца кліентамі кампаніяў-спецэкспарцёраў, мэта якіх — абыходзіць санкцыі Еўразвязу. [*] [*] [*] [*]
Латышскія партнёры БРЦ па гэтым расследаванні звярнуліся па каментар да латвійскіх уладаў і кампаніяў-пакупнікоў беларускага карбаміду. Прэм’ер-міністарка Латвіі Эвіка Сіліня адзначыла, што ўрад краіны вельмі цвёрды ў пытаннях санкцыяў, гэта тычыцца і мінеральных угнаенняў:
«Мы сваю пазіцыю не мянялі. І, безумоўна, калі там ёсць нейкі абыходны рух у частцы санкцый, тады трэба звяртацца і да тых установаў, якія за гэта адказваюць у нас — як да FIDа (Фінансавая выведка Латвіі, орган, адказны за перадухіленне адмывання грошай і фінансавання тэрарызму — рэд.), які зараз з'яўляецца асноўным назіральнікам за санкцыямі, так і да мытных органаў. Таму што, калі там трэба шукаць нейкія рашэнні на ўзроўні ўраду, мы гатовыя гэта рабіць».
Падробка, зробленая ў…
Спецэкспарцёр «Тэхнаспецтрейдынг» запэўніў латвійскіх кліентаў, што прадукцыя, якую ён ім пастаўляе, не падпадае пад санкцыі. Так нашым латвійскім калегам адказалі кампаніі-пакупнікі беларускага карбаміду. «Тэхнаспецтрейдынг» называў сябе незалежным вытворцам, які перапрацоўвае сыравіну з Туркменістану, набытую праз Казахстан. У пацверджанне беларуская фірма прыкладала рахункі-пратаколы ўзаемадзеяння з туркменскімі і казахстанскімі кампаніямі. [*]
Аднак іншыя дакументы, якія аказаліся ў БРЦ дзякуючы ініцыятыве «Рабочы Рух», сведчаць, што гандаль з гэтымі краінамі фэйкавы. У звестках аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці, якія «Тэхнаспецтрейдынг» складала ў беларускі «ВТБ-Банк», запісана, што да верасня 2024 года адзіным пастаўляльнікам сыравіны для кампаніі быў «Гродна Азот». З іншага дакументу вынікае, што вытворчасць карбаміду адбываецца на тэрыторыі «Гродна Азоту» з выкарыстаннем шырокага спектру абсталявання дзяржаўнага заводу. [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*]
Журналісты БРЦ вывучылі паперы, якія «Тэхнаспецтрейдынг» дае замежным пакупнікам у пацверджанне небеларускага паходжання ўгнаенняў, і знайшлі прыкметы падробкі. Інвойсы ад туркменскага «Марыкарбамід» і казахстанскай Fox Chemical LLP маюць ідэнтычную форму, а ў дакументах указаны неадпаведныя ідэнтыфікатары і адрасы. Напрыклад, замест прынятай у Казахстане сістэмы ідэнтыфікацыі, паводле якой назвы фірмаў пачынаюцца з літараў БИН, выкарыстоўваецца польская сістэма з літарамі NIP. Да таго ж казахстанскі сертыфікат, які паказваюць латвійцам, выдадзены на няслушную марку карбаміду («Б» замест «А») і з нявернай вагой. [*] [*] [*] [*]
Таксама расследавальнікі БРЦ высветлілі, хто на самой справе зарабляе на продажы азотных угнаенняў у Еўразвяз. Грошы ідуць зусім не ў беларускі бюджэт і нават не «Гродна Азоту». Але пра гэта мы распавядзем у другой частцы расследавання пра экспарт падсанкцыйных беларускіх угнаенняў. Там жа можна будзе прачытаць аб кулуарных канфліктах паміж бенефіцыярамі схемы.
Раней мы ўжо распавядалі, як беларускія ўгнаенні, нягледзячы на санкцыі, працягваюць трапляць у Еўропу. У адным з нашых расследаванняў — «Акно ў Еўропу для “Гродна Азота”» — мы паказалі, як шэраг кампаніяў, у тым літоўская Milca Baltija, забяспечвалі пастаўкі прадукцыі з Горадні ў Еўразвяз. Пры гэтым кантракты з’яўляліся нават пасля таго, як ЕЗ афіцыйна забараніў такую гандлёвую дзейнасць.
У іншым матэрыяле — «Як беларускі вытворца ўгнаенняў пастаўляе забаронены азот у Еўропу праз фірмы-пракладкі» — мы расследавалі сеткі кампаній у Літве і Польшчы, праз якія прадукцыя «Гродна Азота» паступала на еўрапейскі рынак з «адмытым» паходжаннем.