Кантэкст: Прэмʼер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову Саўміна «Пра ўсталяванне для насельніцтва цэн на газ і тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію». Дакумент прадугледжвае падвышэнне тарыфаў з 1 сакавіка 2026 года: цана на газ вырасце на 7,07%, тарыф на электраэнергію — на 7%. З 1 чэрвеня плануюць павялічыць тарыф на цеплаэнергію на 7,3%.
Вядоўца праграмы навін «24 гадзіны» на СТБ паведаміла, што «у Польшчы назіраецца імклівы ўзрост цэн на прадукты». У эфіры 25 лютага 2026 года яна сказала:
«Толькі за апошні тыдзень кошт базавага кошыка павялічыўся на 1,6%. Асабліва заўважна падаражэлі асобныя тавары: бульба на 10%, пшанічная мука на 7%, цукар на 5%. Цяпер сярэдні кошт асноўных прадуктаў складае 113 злотых — гэта больш за $31. Узрост цэн працягваецца ўжо некалькі месяцаў — яшчэ ў лістападзе мінулага года кошт прадуктовага кошыка ўпершыню перавысіў псіхалагічную мяжу ў 100 злотых».
Каманда Weekly Top Fake праверыла, адкуль узялася лічба 113 злотых. Гаворка ідзе пра польскі дадатак PanParagon, які па цэнах у супермаркетах штотыдзень адсочвае кошт аднаго і таго ж набору прадуктаў. Цяпер ён і праўда каштуе каля 113 злотых — гэта крыху вышэй, чым тыдзень таму. Аднак на СТБ не ўдакладнілі, што год таму гэты ж кошык каштаваў амаль столькі ж — 112,5 злотага. То бок за год кошт набору вырас менш чым на адзін злоты — прыкладна на 0,5%.
Калі паглядзець шырэй, пазалетась у гэты ж час той жа набор прадуктаў каштаваў каля 105 злотых. Выходзіць, што за два гады прадуктовы кошык падаражэў прыкладна на 7% — гэта ўзрост, але яго нельга назваць імклівым, як сказала вядоўца ў эфіры. Такія ваганні шмат у чым тлумачацца сезоннасцю: цягам года цэны не толькі растуць, але і зніжаюцца. Падаражэнне ў студзені ці лютым можа быць часткай звычайнай сезоннай дынамікі, а ўлетку цэны нярэдка ідуць уніз.
Для параўнання: за тыя ж два гады цэны на прадукты ў Беларусі выраслі больш — паводле дадзеных Белстату, прыкладна на 15%.