Антыфэйк / фактчэк Сёння

Як на беларускім ТБ перабольшылі ўзрост цэн на паліва ў Нямеччыне і ЗША

СТБ месячнае падаражэнне выдаў за штодзённае, News.by цэны на асобных запраўках прадставіў як норму.

На фоне падаражэння паліва ў Беларусі дзяржаўныя тэлеканалы расказвалі пра імклівы ўзрост цэн на бензін у Еўропе і ЗША. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ў гэтых сюжэтах узрост цэн у заходніх краінах заўважна перабольшылі: у адным выпадку месячнае падаражэнне выдалі за штодзённае, у іншым — адзінкавыя дарагія запраўкі прэзентавалі як агульную карціну па краіне.

Кантэкст: У Беларусі цэны на паліва з 28 сакавіка павялічылі на 4 капейкі, а праз тыдзень павялічаць яшчэ на 3. «Белнафтахім» патлумачыў гэта глабальным узростам каціровак на нафту і нафтапрадукты на сусветным рынку. Гэта самае вялікае аднаразовае падаражэнне за апошнія гады: раней цэны, зазвычай, павялічваліся паступова — на 1–2 капейкі за раз. Пры гэтым бензін у Беларусі застаецца заўважна танней, чым у Еўразвязе, бо яго вырабляюць галоўным чынам з расейскай нафты, якая дастаўляецца на схаднейшых умовах у параўнанні з сусветнымі цэнамі. У самой Расеі з 1 красавіка ўвялі поўную забарону на экспарт бензіну для вытворцаў, каб падтрымаць унутраны рынак.

На фоне падвышэння цэн на паліва ў Беларусі дзяржаўныя тэлеканалы паведамлялі пра тое, як імкліва даражэе бензін у ЗША і Еўропе. Вядоўца праграмы «Навіны 24 гадзіны» на СТБ распавяла 24 сакавіка 2026 года пра «рэха блізкаўсходняга канфлікту» у Нямеччыне:

«Улады Нямеччыны апынуліся не гатовыя да паліўнага крызісу, які накрывае краіну. Нягледзячы на ўсе высілкі ў іх не атрымоўваецца стрымаць узрост цэн на паліва. З пачатку амерыкана-ізраільскай вайны з Іранам кошт бензіну і дызеля ўжо перавысіў рэкордныя €2,5 за літр. За дзень паліва ў сярэднім даражэе на 30–50 цэнтаў. Гэта выклікае абурэнне немцаў, бо ў іншых еўрапейскіх краінах заправіцца можна значна выгадней».

На 28 лютага, калі ЗША пачалі вайсковую аперацыю супраць Ірану, бензін і дызель у Нямеччыне каштавалі прыкладна €1,8 за літр. Калі б цэны сапраўды раслі на 30–50 цэнтаў штодня, то да моманту выйсця сюжэту літр паліва павінен быў бы каштаваць ужо каля €9–14. На самой справе праз амаль месяц пасля пачатку канфлікту цэны былі зусім іншымі: бензін каштаваў прыкладна €2,10 за літр, а дызель — каля €2,30. То бок на 30–50 цэнтаў паліва падаражэла не за дзень, а ў цэлым за месяц з пачатку вайны.

Падобным чынам перабольшылі сітуацыю і на «Першым інфармацыйным» (News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі). У «Галоўным эфіры» 22 сакавіка 2026 года распавялі:

«У ЗША галон бензіну прабіў адзнаку ў $7,5. Для сямʼі з прыгарада гэта азначае лішнія $450 выдаткаў у месяц».

Такія цэны сапраўды сустракаліся ў паведамленнях медыяў, але гаворка ішла пра асобныя запраўкі ў Каліфорніі. На некаторых з іх бензін каштаваў $7–8 за галон, а на адной цана амаль дасягнула $9. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі, а не сярэдні ўзровень па краіне.

У сярэднім па ЗША на момант публікацыі бензін каштуе каля $4 за галон, тады як да вайны — прыкладна $3. Іншымі словамі, рэальны ўзрост склаў каля $1 за галон.

Завышанай апынулася і ацэнка дадатковых выдаткаў для сямʼі. Сярэдняя амерыканская сямʼя спажывае каля 87 галонаў бензіну ў месяц. Пры ўзросце цаны прыкладна на долар за галон дадатковыя выдаткі складаюць каля $80, а не $450.

Такім чынам, і ў сюжэце СТБ пра Нямеччыну, і ў матэрыяле «Першага інфармацыйнага» пра ЗША выкарысталі завышаныя ацэнкі. У адным выпадку месячнае падаражэнне паліва ператварылі ў штодзённае, у іншым — рэдкія экстрэмальна высокія цэны выдалі за сярэдні кошт бензіну па краіне. У выніку ўзрост цэн на паліва за мяжой у эфіры беларускага ТБ выглядаў куды больш драматычна, чым вынікала з рэальных дадзеных.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць