Антыфэйк / фактчэк 04 сакавіка

На СТБ узрост цэн у Польшчы назвалі імклівым, хоць у Беларусі за два гады прадукты падаражэлі мацней

Вядоўца спаслалася на кошт базавага кошыка: за два гады польскі падаражэў на 7%, беларускі — прыкладна на 15%.

Пад канец лютага ў навінах на СТБ расказалі пра імклівы ўзрост цэн на прадукты ў Польшчы і прывялі дадзеныя пра падаражэнне базавага кошыка. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэту інфармацыю і высветліла, што гэта паведамленне ўводзіць у зман.

Кантэкст: Прэмʼер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову Саўміна «Пра ўсталяванне для насельніцтва цэн на газ і тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію». Дакумент прадугледжвае падвышэнне тарыфаў з 1 сакавіка 2026 года: цана на газ вырасце на 7,07%, тарыф на электраэнергію — на 7%. З 1 чэрвеня плануюць павялічыць тарыф на цеплаэнергію на 7,3%.

Вядоўца праграмы навін «24 гадзіны» на СТБ паведаміла, што «у Польшчы назіраецца імклівы ўзрост цэн на прадукты». У эфіры 25 лютага 2026 года яна сказала:

«Толькі за апошні тыдзень кошт базавага кошыка павялічыўся на 1,6%. Асабліва заўважна падаражэлі асобныя тавары: бульба на 10%, пшанічная мука на 7%, цукар на 5%. Цяпер сярэдні кошт асноўных прадуктаў складае 113 злотых — гэта больш за $31. Узрост цэн працягваецца ўжо некалькі месяцаў — яшчэ ў лістападзе мінулага года кошт прадуктовага кошыка ўпершыню перавысіў псіхалагічную мяжу ў 100 злотых».

Каманда Weekly Top Fake праверыла, адкуль узялася лічба 113 злотых. Гаворка ідзе пра польскі дадатак PanParagon, які па цэнах у супермаркетах штотыдзень адсочвае кошт аднаго і таго ж набору прадуктаў. Цяпер ён і праўда каштуе каля 113 злотых — гэта крыху вышэй, чым тыдзень таму. Аднак на СТБ не ўдакладнілі, што год таму гэты ж кошык каштаваў амаль столькі ж — 112,5 злотага. То бок за год кошт набору вырас менш чым на адзін злоты — прыкладна на 0,5%.

Калі паглядзець шырэй, пазалетась у гэты ж час той жа набор прадуктаў каштаваў каля 105 злотых. Выходзіць, што за два гады прадуктовы кошык падаражэў прыкладна на 7% — гэта ўзрост, але яго нельга назваць імклівым, як сказала вядоўца ў эфіры. Такія ваганні шмат у чым тлумачацца сезоннасцю: цягам года цэны не толькі растуць, але і зніжаюцца. Падаражэнне ў студзені ці лютым можа быць часткай звычайнай сезоннай дынамікі, а ўлетку цэны нярэдка ідуць уніз.

Для параўнання: за тыя ж два гады цэны на прадукты ў Беларусі выраслі больш — паводле дадзеных Белстату, прыкладна на 15%.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць