Антыфэйк / фактчэк Сёння

Вядоўца News.by выдала фэйк за цікавы факт пра КНДР

Паўночная Карэя адкрыта прымае турыстаў з розных краін, распавяла Паліна Шуба.

Вядоўцы «Галоўнага эфіру» на Першым інфармацыйным канале заявілі, што Паўночная Карэя адкрыта прымае турыстаў з розных краін і падыходзіць для круглагадовага адпачынку. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гэта не так: КНДР прымае турыстаў толькі з Расеі, а падарожжы туды і для іх застаюцца жорстка арганізаванымі і абмежаванымі.

Кантэкст: Пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Паўночную Карэю 25–26 сакавіка беларускія дзяржаўныя медыі і праўладныя спікеры спрабавалі прэзентаваць яго як амаль беспрэцэдэнтную падзею. Прыкладам, палітолаг Андрэй Лазуткін у эфіры Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё сцвярджаў, што КНДР за апошнія 30 гадоў прыняла толькі двух замежных лідараў — Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку. А міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на тэлеканале СТБ падкрэсліў выключны прыём з боку Кім Чэн Ына. Каманда Weekly Top Fake давяла, што абедзве заявы фэйкавыя.

Праз тры дні пасля завяршэння візіту Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР дзяржаўныя медыі працягнулі яго абмеркаванне. Расказваючы пра Паўночную Карэю ў эфіры 29 сакавіка 2026 года, вядоўцы «Галоўнага эфіру» на Першым інфармацыйным канале (News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі) загаварылі пра турыстычны патэнцыял краіны.

— Цікавы факт: КНДР абсалютна адкрыта прымае турыстаў з розных краін. Для шмат каго падарожжа ў Пхеньян успрымаецца, хутчэй, як экстрэмальнае, — сказала Паліна Шуба напачатку рубрыкі «Час першага».

— Але праўда ў тым, што КНДР падыходзіць для круглагадовага адпачынку, — працягнуў сувядоўца Максім Угляніца.

Гэта не так. Паўночная Карэя не прымае турыстаў адкрыта і з розных краін. На дадзены момант КНДР могуць наведваць толькі турысты з Расеі. Іх цікавасць да краіны сапраўды расце: калі ў 2024 годзе туды паехалі крыху больш за тысячу чалавек, то летась — ужо прыкладна ў пяць разоў больш.

Для турыстаў з усіх іншых краін Паўночная Карэя застаецца зачыненай з 2020 года, то бок з пачатку пандэміі COVID-19. Да гэтага сітуацыя была іншай: у КНДР сапраўды прыязджалі тысячы турыстаў, галоўным чынам з Кітая. Па розных ацэнках, іх колькасць складала ад 150 да 300 тысяч у год. Заходніх турыстаў было значна менш — каля 5 тысяч чалавек. Праз шэсць гадоў пасля пандэміі гэтая плынь гэтак і не аднавілася. Год таму Паўночная Карэя дазволіла турыстам наведваць прымежны рэгіён Расон, але ўжо праз два тыдні па неназваных прычынах скасавала гэтае рашэнне.

Нельга назваць Паўночную Карэю і краінай, адкрытай для вольнага турызму. Індывідуальных падарожжаў туды няма. Турысты могуць трапіць у краіну толькі ў складзе груп, а ўсе іх перасоўванні праходзяць па загадзя ўзгодненай праграме і ў суправаджэнні гіда. Магчымасці самастойна гуляць па горадзе ці заходзіць у мясцовыя крамы для звычайнага шопінгу ў іх няма. Каштуе такі тыднёвы тур каля $2 тыс.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць