У Парыжы 10-11 лютага 2025 года прайшоў саміт, прысвечаны развіццю штучнага інтэлекту. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі больш як 60 краін свету. Па выніках двух дзён яны заключылі пагадненне развіваць этычны і адкрыты штучны інтэлект, даступны ўсяму насельніцтву планеты. Не падпісалі яго ЗША і Вялікая Брытанія, заявіўшы, што жорсткае рэгуляванне тэхналогіі можа яе знішчыць.
Распавядаючы пра гэтую падзею, некаторыя расейскія і беларускія медыі звярнулі ўвагу, што на мерапрыемстве прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон не паціснуў руку прэм'ер-міністру Індыі Нарэндру Модзі
«На трансляцыі Associated Press зафіксавалі момант, як прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон праігнараваў прэм'ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі на саміце ў Парыжы па штучным інтэлекце і не паціснуў яму руку. <...> Макрон, як было бачна на трансляцыі, пры гэтым павітаўся з іншымі ўдзельнікамі саміту», — напісала 11 лютага БелТА са спасылкай на РИА «Новости».
Сярод іншых расейскіх медыяў, якія апублікавалі гэтую ж інфармацыю, — «Аргументы и факты» і РБК. Відэа з лагатыпам апошняга выкарыстоўвалі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» у посце з аналагічным зместам:
«На кадрах бачна, як французскі прэзідэнт павітаў віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса, Генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша, прэм'ер-міністра Канады Жустэна Трудо, нават абмяняўся слінявымі пацалункамі з кіраўніцай Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, але дэманстратыўна не стаў вітаць прэм'ера Індыі».
На відэа бачна, што Эманюэль Макрон сапраўды абышоў прэм'ера Індыі бокам, калі вітаў удзельнікаў саміту.
Пост з такім жа зместам у той жа дзень апублікавалі і аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч».
Каманда WTF знайшла арыгінальнае відэа Associated Press. Калі паглядзець яго спачатку, відаць, што Макрон і Модзі прыйшлі на саміт разам, яны — сустаршыні гэтага мерапрыемства.
Пасля саміту Макрон зладзіў прыватную вячэру для прэм'ер-міністра Модзі, яны наведалі Марсэль, каб адкрыць там Генеральнае консульства Індыі. Індыйская прэса назвала стасункі двух лідараў «выдатнымі».