Антыфэйк / фактчэк

11 чэрвеня

Дэпутатка параўнала доступ да здаровага харчавання ў Беларусі, суседніх краінах і ЗША. Палічылі, у колькі разоў яна памылілася

Інфармацыя, якую зачытала ў эфіры дэпутатка Волкава, ёсць у адкрытым доступе.

У Беларусі людзей, якія не могуць дазволіць сабе здаровае харчаванне, у 5-9 разоў менш, чым у суседніх краінах. Такія лічбы агучыла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Юлія Волкава. Журналісты Weekly Top Fake высветлілі, ці так гэта. 

Якасць харчавання беларусаў абмеркавалі ў кантэксце харчовай бяспекі краіны ў эфіры «Беларусь 4» тэлерадыёкампаніі Гомель 7 чэрвеня 2024 года. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Юлія Волкава паведаміла, што ў суседніх краінах здаровая ежа менш даступная грамадзянам, чым у Беларусі. 

«Пры гэтым доля беларусаў, якія не могуць дазволіць сабе здаровае харчаванне, адна з найменшых у свеце — 0,2%. Дарэчы, у Польшчы доля такіх грамадзян у 5 разоў большая, у Літве — у 6, у ЗША — у 7,5 разы, у Латвіі — у 9 разоў большая», — пералічыла дэпутатка.

Дадзеныя па даступнасці здаровага харчавання на сайце Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) адрозніваюцца ад агучаных Юліяй Волкавай. Па паказніках за 2021 год (самыя свежыя на момант публікацыі лічбы), доля тых, хто не можа дазволіць сабе здаровае харчаванне, у Беларусі — 0,5%. Дэпутатка назвала колькасць у 2,5 разы меншую. Такі ж узровень у Польшчы, а не ў пяць разоў большы, як заявіла Волкава. У Літве доля крыху вышэйшая, але толькі ў 1,5 разу, а не ў 6. У ЗША — у 2,5 разу вышэй, а не ў 7,5. У Латвіі — у 3, а не ў 9. Гэта значыць паказнікі перабольшаныя па ўсіх краінах. 

Лепш, чым у Беларусі, з даступнасцю здаровага харчавання, з еўрапейскіх краін у Фінляндыі, Славеніі, на Кіпры, у Люксембургу, Бельгіі і іншых. А вось у Расеі сітуацыя горшая ў пяць разоў, чым у Беларусі. 

Інфармацыя, якую зачытала ў эфіры дэпутатка Волкава, ёсць у адкрытым доступе. Яе крыніца — Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэты тэкст рыхтавалі на падставе звестак дзяржорганаў для агучвання на адзіных днях інфармавання. Аўтары з Акадэміі выкарыстоўвалі дадзеныя ФАО 2020 года. З тых часоў паказнік Беларусі пагоршыўся, а розніца паміж краінамі скарацілася.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі