З 17 па 22 сакавіка 2026 года ў Менску прайшла XXХIII міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Разважаючы пра яе 20 сакавіка ў эфіры «Альфа Радыё» і СБТВ, вядоўца Вадзім Шэпет сказаў, што «беларусы любяць кнігу». Ён спытаў госця праграмы, старшыню Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка, «чаму важна захоўваць любоў да кнігі».
«Беларусы — чытальная нацыя, ува ўсіх праявах. У нас любяць кнігу ў яе фізічным выразе, у паперы», — адказаў госць праграмы «Будні».
Падобныя тэзы гучалі і ад намесніка міністра інфармацыі Дзяніса Язерскага. У час наведвання выставы 19 сакавіка ён сказаў, што ў Беларусі павялічваюцца наклады кніг, якія выдаюцца, у тым ліку беларускамоўных. Раней, у часе прэсавай канферэнцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня дарэння кнігі, ён таксама расказаў пра высокую чытацкую культуру ў Беларусі. Яго словы 12 лютага 2026 года ў артыкуле пад загалоўкам «Па дзве кнігі на кожнага: як растуць наклады ў Беларусі» працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА:
«Калі мы возьмем усе выпушчаныя кнігі і падзелім на ўсё насельніцтва нашай краіны, то на кожнага беларуса давядзецца дзве кнігі на аднаго жыхара. Добры паказнік, і ён амаль не змяняецца. Гэта кажа пра тое, што наша нацыя чытальная».
Аднак афіцыйныя дадзеныя сведчаць пра адваротнае. За дзесяць гадоў колькасць кніг, якія выдаюцца ў Беларусі, скарацілася прыкладна на 30%. Тая ж тэндэнцыя назіраецца і ў дачыненні да газет і часопісаў.
Зніжаецца і агульны наклад кніг і брашур. Калі цяпер на аднаго жыхара краіны даводзіцца амаль дзве кнігі, то пяць гадоў назад гэты паказнік быў вышэй за два, а больш за дзесяць гадоў таму — вышэй за тры. То бок наклады не растуць, а скарачаюцца.
На той жа прэсавай канферэнцыі да Дня дарэнні кнігі Язерскі заявіў, што кожны пяты беларус чытае кнігі некалькі разоў на тыдзень, а яшчэ столькі ж — некалькі разоў у месяц. З яго словаў вынікае, што каля 40% жыхароў краіны чытаюць кнігі даволі рэгулярна.
Але і гэта тэза не супадае з дадзенымі апытанняў. Па інфармацыі Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2024 год, сталых беларусаў, якія чытаюць кнігі, — не больш за 20%. Для параўнання, годам раней у аналагічным апытанні такіх было каля 30%.
Не дадае аптымізму і статыстыка бібліятэк. Колькасць іх карыстальнікаў, як і колькасць запытаў, паступова зніжаецца: у 2014 годзе бібліятэкі наведалі амаль 3,5 млн чалавек, у 2024-м — ужо меней за 2,7 млн.