Антыфэйк / фактчэк

16 жніўня 2023

Фэйкі тыдня: у Нідэрландах паказваюць секс-шоў з удзелам дзяцей, а кітайцы любяць падарожнічаць у Беларусь

А таксама — Украіна сябруе з Польшчай толькі да заканчэння вайны, работнікі ў заходніх краінах зусім абленаваліся, «Формула-1» прасоўвае ЛГБТ-парадак. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Падаляк заявіў, што Украіна і Польшча сябруюць да канца вайны

Дата фэйка: 9.08.2023

Пасля таго як кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзідэнта Польшчы заявіў, што Украіна павінна быць больш удзячнай за дапамогу, у Беларусі загаварылі пра разлад паміж Кіевам і Варшавай. Як доказ гэтаму вядоўца перадачы «Аб'ектыўна» ад 9 жніўня на АНТ Дзмітрый Бачкоў працытаваў заяву дарадцы кіраўніка Офісу Зяленскага Міхаіла Падаляка:

«Другая рэпліка. Гэтым разам з Офісу Зяленскага вуснамі Міхаіла Падаляка. Варшава пазбавіцца статусу блізкага сябра Кіева пасля завяршэння СВА. Украіна будзе лічыць Польшчу блізкім сябрам да заканчэння баявых дзеянняў. Пасля чаго паміж краінамі пачнуцца канкурэнтныя адносіны, заявіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны».

Міхаіл Падаляк сказаў гэта ў жывым эфіры тэлеканалу FREEДOM. Вось як цытата гучыць у арыгінале

«У нас сёння ёсць праблема пад назвай закрытыя збожжавыя калідоры марскога шляху, нам неабходна пашырэнне сухапутных збожжавых калідораў, а гэта пытанне дыскусіі. Пытанне іншае, і гэта трэці складнік, — дыскусію трэба весці абсалютна правільна, карэктна, максімальна адкрыта, не баяцца публічнай дыскусіі. Я не бачу ніякай праблемы ў цяперашняй дыскусіі паміж Польшчай і Украінай. І ўжо сапраўды гэтая дыскусія не прывядзе да нейкіх надрываў, парываў, нечага падобнага. У нас максімальна блізкі партнёр, максімальна блізкі сябар на сённяшні дзень — гэта Польшча. І так будзе да канца вайны. Пасля канца вайны, вядома, у нас будуць канкурэнтныя адносіны, вядома, мы будзем канкураваць за тыя ці іншыя рынкі».

Гаворка ідзе аб нармалізацыі канкурэнтных рынкавых адносін пасля завяршэння вайны, а не аб спыненні дружбы. Абедзве краіны з'яўляюцца значнымі сусветнымі экспарцёрамі збожжа. 

Фэйк №2: кітайцы аддаюць перавагу падарожжам у Беларусь

Дата фэйка: 6.08.2023

У «Галоўным эфіры» на «Беларусь 1» распавялі, што пакуль паміж ЗША і Кітаем ідзе супрацьстаянне, беларуска-кітайскія адносіны настолькі стабільныя, што для кітайскіх турыстаў Беларусь — адзін з любімых напрамкаў для падарожжаў.

«Прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў з Паднябеснай усё часцей наведваюць Беларусь. Перспектывы для супрацы не маюць ніякіх абмежаванняў. Наша краіна ўваходзіць у топ пераваг для турыстаў з Кітая», — заявілі вядоўцы 6 жніўня.

Кітайская пошукавая сістэма Baidu апублікавала справаздачу, у якой распавяла пра самыя папулярныя пошукавыя запыты кітайцаў пры планаванні падарожжаў у першай палове 2023 года. Часцей за ўсё яны цікавіліся паездкамі ў Тайланд, Японію, ЗША, Сінгапур і на Мальдывы. З еўрапейскіх краін у дзясятку трапіла толькі Вялікая Брытанія.

Па пошуку білетаў на самалёт у лідарах Ганконг, Макао і Токіа. З еўрапейскіх гарадоў — толькі Лондан. У топ гатэляў патрапілі Макао, Парыж і Ганконг. Менску ў ім няма. 

Гэта пацвярджаюць і іншыя даследаванні. У канцы 2022 года маркетынгавая кампанія Dragon Trail International правяла апытанне сярод кітайцаў, куды б яны хацелі паехаць пасля адмены ўсіх ковідных абмежаванняў. Часцей за ўсё яны называлі ўсё тыя ж азіяцкія напрамкі: Ганконг, Японію і Макао, Тайланд і Паўднёвую Карэю. На 6 месцы — Францыя.

У папярэднім апытанні кітайцы называлі таксама Расею, але праз вайну яна перастала быць прывабнай для турыстаў. Згадак пра Беларусь няма ні ў адным з даследаванняў.

Фэйк №3: «Формула-1» прасоўвае ЛГБТ-тэматыку

Дата фэйка: 3.08.2023

Палітолаг Вадзім Ялфімаў у эфіры «Радыё Менск» заявіў, што «Формула-1» прасоўвае ЛГБТ-тэматыку.

«На наступны год пачалі прапіхваць ЛГБТ-шную тэматыку. Дзяўчаты раней прыгожыя хадзілі ў кароценькіх спаднічках, прадстаўлялі кожнага гоншчыка, кожную каманду. Палічылі, што гэта з ЛГБТ-шнай маралі няправільна. Прыбралі іх. Паставілі маладых людзей. Потым прымусілі ўсіх гоншчыкаў «Формулы-1», якія атрымліваюць немалыя грошы, па мільёнах еўра зарабляюць, людзі самастойныя, прымусілі іх усіх перад стартам стаць на калені. Але там адмовіліся, дарэчы, наш расейскі гоншчык Квят таксама адмовіўся. Яго потым на наступны год прыбралі», — распавёў 3 жніўня палітолаг.

Гоншчыкі «Формулы-1» у 2020 годзе сапраўды перад заездам сталі на адно калена. Але не ў падтрымку ЛГБТ, а супраць расавай няроўнасці. Да гэтага калегаў заклікаў гоншчык каманды «Мэрсэдэс» Льюіс Хэмілтан. Шасцёра адмовіліся. Сярод іх — расеец Данііл Квят, а таксама зоркі «Формулы-1» Шарль Леклер з каманды «Ферары» і Макс Ферстаппен з «Рэд Бул». На іх кар'ерах гэта ніяк не адбілася. Квят пакінуў «Формулу-1» не праз прынцыповую пазіцыю, а таму што не дамогся вялікіх поспехаў на трасе.

Фэйк №4: Прадукцыйнасць працы на Захадзе вельмі нізкая

Дата фэйка: 9.08.2023

Эканоміка заходніх краін трымалася толькі на рабаванні Афрыкі, таму што на Захадзе людзі не хочуць працаваць. Такую заяву ў эфіры перадачы «Аб'ектыўна» на АНТ зрабіў кіраўнік аб'яднання «Белая Русь» Алег Раманаў, каментуючы ваенны пераварот у Нігеры, былой французскай калоніі. 

«Мы паглядзім зусім на іншую Еўропу і на іншую Амерыку. Яшчэ раз падкрэслю: таму што жыве яна не за кошт сваёй прадукцыйнай працы. Мы добра ведаем, што працоўная этыка ў еўрапейскіх і амерыканскіх краінах вельмі нізкая. Працаваць не хочуць, лайдакі, бамжы, усё што заўгодна. Жыць на сацыяле, сацыяльных дапамогах, абы не працаваць. Пытанне, за кошт чаго прыбыткі? За кошт чаго велізарныя даходы карпарацый? А вось за кошт чаго», — заявіў Раманаў 9 жніўня.

Па дадзеных дэпартаменту статыстыкі Міжнароднай арганізацыі працы, у Нігеры за адну гадзіну працы прадукцыйнасць працы складае $1,66. Гэта не заробак за гадзіну працы, а кошт прадукту, які работнік стварыў за гэты час.

У краінах-лідарах па прадукцыйнасці, напрыклад, Люксембургу, за гэты ж час ствараюць прадукцыю на $136. Гэта значыць у 80 разоў больш. У ЗША прадукцыйнасць больш у 43 разы. У Беларусі гэты паказнік роўны $21,5 за гадзіну працы — на ўзроўні Егіпта, Іраку і Экватарыяльнай Гвінеі. 

Часопіс Нацыянальнага банку Беларусі «Банкаўскі веснік» апублікаваў артыкул, у якім прывёў дадзеныя па прадукцыйнасці працы на аднаго занятага ў прамысловасці. Беларускі работнік за год стварае прадукцыі на $13 тысяч. У Кітаі прадукцыйнасць у два разы большая, у Японіі — у шэсць разоў, у ЗША — амаль у дзевяць. Тлумачыцца гэта інавацыямі і развіццём тэхналогіяў.

Фэйк №5: У Нідэрландах на ТБ транслююць секс-шоў з удзелам дзяцей

Дата фэйка: 4.08.2023

Рыгор Азаронак і газета «Менская праўда» абвінавацілі заходняе тэлебачанне ў трансляцыі шоу, дзе дзеці гуляюць з цацкамі з секс-шопа.

«Я думаю, вы разумееце, чаму мы гэта заблакавалі. Вы ўжо не людзі. Вось тыя, хто гэта зняў, гэта ўжо не людзі. Гэта нават не жывёлы. Нават пацукі аб прыплодзе сваім клапоцяцца. Вы проста дэманы. Вас проста трэба знішчаць», — пракаментаваў ролік Азаронак 4 жніўня.

Больш падрабязна напісала пра гэта «Менская праўда»: «Нідэрландскае тэлебачанне выпусціла на экраны шакавальнае шоу. У роліку паказана, як дзеці дастаюць са скрынак тавары з секс-шопа і рэагуюць на іх. Гэта кашмарнае відовішча ў чарговы раз паказала верх заходняга вар'яцтва. Сёння ў Нідэрландах транслююць тэлевізійную перадачу, сэнс якой заключаецца ў тым, каб паказаць гледачам рэакцыю дзяцей на цацкі для дарослых. Ці трэба разважаць пра садамію ў Нідэрландах?»

Журналісты Weekly Top Fake знайшлі гэты ролік цалкам. Яго сэнс апынуўся зусім іншым. Калі б Азаронак паказаў відэа да канца, гледачы змаглі б прачытаць надпіс «Нявінная фантазія для гэтых дзяўчынак. Жахлівая рэальнасць для мільёнаў іншых».

Гэта відэа — сацыяльны ролік, накіраваны на барацьбу з дзіцячай прастытуцыяй. Яго апублікавалі ў 2017 годзе. Тады з 15 па 21 траўня ў Нідэрландах праходзіў тыдзень барацьбы з дзіцячай прастытуцыяй Free A Girl. 

Дзякуючы гэтай акцыі ўдалося сабраць звыш €400 тысяч на дапамогу пацярпелым дзецям. У тым ліку дзякуючы гэтаму роліку, які распавядаў пра праблему і заклікаў да дзеянняў.

Арганізацыя Free A Girl змагаецца з сексуальнай эксплуатацыяй дзяцей і ўжо змагла выратаваць амаль сем тысяч дзяўчынак у шасці краінах свету.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі