Антыфэйк / фактчэк

12 кастрычніка 2023

Фэйкі тыдня: польская апазіцыя хоча дамовіцца з Менскам і Масквой, а Вашынгтон — атрымаць кантроль над Кіевам

А таксама — лайфхак ад украінцаў, як не патрапіць на фронт, віла за €7 млн для дачкі экс-міністра абароны Украіны і рост коштаў на паліва і электраэнергію ў ЕЗ. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Украінцы мяняюць прозвішча і імя, каб не патрапіць на фронт

Украінцы адмыслова мяняюць імя, прозвішча і імя па бацьку на «абракадабру», каб супрацоўнікі ваенкаматаў уносілі іх дадзеныя з памылкамі, напісаў тэлеграм-канал «Зямля наша». У пацверджанне аўтары поста апублікавалі фатаграфію пашпарта ўкраінца з незвычайнымі дадзенымі.

«Лайфхакі ад украмаГілізацыі. Украінскія чоловіки мяняюць свае прозвішчы, імя на абракадабру, каб ваенкамы запаўнялі позвы з памылкамі.

Патэнцыйнага магілізанта клічуць:

“Бранівогнеўладзіслаў-Едуардалеанардаканстанцінаслаў Валадзімірэнкліменжыл’енка-Громінрэвінградінціменка”», — напісана ў посце гэтага телеграм-канала ад 5 кастрычніка (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя). 

Мужчына, пра якога ідзе гаворка, памяняў прозвішча 13 гадоў таму. Пра гэта ён распавёў у чэрвені 2019 года ў інтэрв'ю «Т1 навіны»: 

«Мне калега сказаў, што магчыма такое. Я нават не ведаў. Гэта можна было і ў 16 гадоў зрабіць. А я толькі ў 10-м годзе гэта зрабіў».

З ягоных слоў, прычыны змены імя і прозвішча не звязаныя з прызывам на вайсковую службу.

«Мэта была нават у тым, што я маю права на ўласны выбар. Бацькі ў мяне забралі гэта. Забралі, скавалі мяне. І далей гэта працягваюць не наўпрост», — патлумачыў ён.

Фэйк №2: Ад Украіны патрабуюць увесці амерыканцаў у склад наглядальных саветаў стратэгічных карпарацый

Вашынгтон 28 верасня перадаў Украіне пералік прыярытэтных рэформаў, правядзення якіх чакае для працягу аказання дапамогі. Распавядаючы пра гэтую падзею, вядоўца перадачы «Вакол планеты» на «Беларусь 1» Дар'я Тарасава заявіла, што ЗША спрабуюць «пазбавіць Кіеў усякай самастойнасці»: 

«Зяленскаму перададзены так званы план рэформаў, які зробіць магчымым уступленне Украіны ў Еўразвяз. Здавалася б, прычым тут ЗША, але гэта не самае дзіўнае. Ад Украіны патрабуюць увесці амерыканскіх прызначэнцаў у склад наглядальных саветаў усіх стратэгічна важных кампаній. Пад кантроль Штатаў таксама павінны быць пастаўленыя антыкарупцыйныя і сілавыя структуры. І нарэшце — злачынцы будуць падлягаць экстрадыцыі па першым патрабаванні замежных судоў», — сказала вядоўца ў эфіры 1 кастрычніка.

У сюжэце паказалі план рэформаў, апублікаваны выданнем «Украінская праўда». У ім ёсць пункт, які заклікае «увесці па сёмым чальцы наглядальных саветаў Укрэнерга і Нафтагазу». Але ў дакуменце не пазначана, што гэтыя чальцы павінны быць прызначаныя ЗША.

Наяўнасць сямі чальцоў наглядальных саветаў прапісана ў статутах «Укрэнерга» і «Нафтагазу». Аднак цяпер у абедзвюх кампаніях прызначана па шэсць чальцоў — то бок палажэнні статутаў не выконваюцца.

Патрабавання ўвесці прадстаўнікоў ЗША ў сілавыя ведамствы ў апублікаваным дакуменце таксама няма. У ім гаворыцца, што неабходна забяспечыць незалежны, празрысты, канкурэнтны і своечасовы адбор новага кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па перадухіленні карупцыі. А таксама ўдасканаліць працэдуру адбору кіраўніка і ключавых службовых асоб антыкарупцыйнай пракуратуры.

План рэформаў ніяк не звязаны з уступленнем Украіны ў ЕЗ, у ім гаворыцца пра ўмовы атрымання заходняй дапамогі.

Фэйк №3: Экс-міністр абароны Украіны купіў дачцэ дом за сем мільёнаў еўра

Вядоўца Рыгор Азаронак абвінаваціў былога ўкраінскага міністра абароны ў куплі дарагога дому ў Францыі.

«А цяпер былы ўжо міністр абароны выхваляецца. Нельга яго называць ні міністрам, ні абароны, наогул нікім, — гэта чарвяк. Выхваляецца, што дачушцы сваёй купіў асабняк, на які ён павінен — ужо падлічылі — калі б працаваў на свой заробак, павінен 230 гадоў працаваць», — заявіў ён у перадачы «Азаронак. Наўпрост» 2 кастрычніка.

Раней, 24 ліпеня, гэтую інфармацыю распаўсюдзіў сайт тэлеканалу АНТ са спасылкай на тэлеграм-канал былога кіраўніка ўкраінскага ўрада Мікалая Азарава.

«Дачка міністра абароны Рэзнікава Анастасія Штэйнгауз зноў вызначылася. У пачатку чэрвеня яна купіла дом у горадзе Валёрыс побач з Канамі. Басейн, ліфт, сем спальняў. Усё як належыць. Кошт — €7 млн», — гаворыцца ў відэа ў тэлеграм-канале Азарава.

На кадрах з вілай бачныя вадзяныя знакі Christie's International Real Estate. Аб'ява аб яе продажы да гэтага часу апублікавана на сайце гэтага агенцтва нерухомасці. На запыт Weekly Top Fake там адказалі, што інфармацыя аб куплі дачкой Аляксея Рэзнікава гэтай вілы з'яўляецца фэйкавай.

Фэйк №4: Праз дапамогу Украіне ў ЕЗ у разы выраслі кошты на электраэнергію і паліва

У Берліне 3 кастрычніка прайшло некалькі нешматлікіх антываенных акцый.  Распавядаючы пра іх, палітолаг Вадзім Баравік 4 кастрычніка ў эфіры Ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» заявіў, што еўрапейцы стаміліся падтрымліваць Украіну: 

«Усё гэта зручна простаму жыхару, які прывык на машыну сесці і паехаць? Не, нязручна. Тое, што ён за электраэнергію ў чатыры разы больш плаціць, — гэта зручна? Не. Паліва ў 1,5-2 разы ў залежнасці ад краіны ЕЗ. Натуральна, гэта будзе ўплываць на настрой у грамадстве».

У Нямеччыне, паводле звестак на 4 кастрычніка, літр дызеля каштаваў блізу €1,85, а 23 лютага 2022 года — €1,73. Гэта значыць рост не ў 1,5-2 разы, а прыкладна на 7%. У Нідэрландах дызель за гэты час падаражэў амаль на €0,20 — на 10%. Прыкладна на столькі ж змяніліся кошты на паліва і ў астатніх краінах Еўразвязу.

Кошты на электраэнергію ў ЕЗ наадварот упалі. У Нямеччыне да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну кілават-гадзіна каштавала €0,37, 4 кастрычніка 2023-га — €0,295.

Фэйк №5: Масавыя пратэсты ў Польшчы арганізавалі прыхільнікі паляпшэння стасункаў з Расеяй і Беларуссю

У Варшаве 1 кастрычніка каля мільёна чалавек выйшлі на «Марш мільёна сэрцаў», арганізаваны апазіцыяй перад парламенцкімі выбарамі, якія павінны прайсці 15 кастрычніка. На наступны дзень аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін заявіў, што за пратэстамі стаяць новыя, праеўрапейскія сілы, якія супрацьстаяць кансерватарам з кіруючай партыі «Права і справядлівасць».  

«Цяпер гэтыя сілы набіраюць усё большую вагу сярод насельніцтва, таму што яны кажуць пра адно: трэба перастаць праводзіць палітыку санкцый у дачыненні да Расеі, у дачыненні да Беларусі, неабходна зноў дамаўляцца. Дамаўляцца дзеля чаго? Дзеля атрымання танных энергарэсурсаў», — распавёў Аўдонін у эфіры «Альфа Радыё».

«Марш мільёна сэрцаў» арганізавала «Грамадзянская кааліцыя». Яна аб'ядноўвае некалькі апазіцыйных палітычных партый, у якіх у пытанні стаўлення да Расеі з партыяй улады няма рознагалоссяў. 

Лідар кааліцыі Дональд Туск раней быў прэм'ер-міністрам Польшчы і займаў пасаду прэзідэнта Еўрапейскай Рады. Калі быў кіраўніком урада, ён выступаў за зняцце напружанасці ў польска-расейскіх стасунках, але пасля анексіі Расеяй Крыму стаў яе крытыкам.

У 2019 годзе Туск заявіў: «Мне даводзілася амаль кожны тыдзень публічна нагадваць іншым, што Расея — не наш "стратэгічны партнёр", а наша "стратэгічная праблема"».

Ён таксама крытыкаваў Эмануэля Макрона за прапанову перагледзець пазіцыю ЕЗ у дачыненні да Расеі: «Прэзідэнт Макрон кажа, што ён падзяляе тыя ж погляды ў гэтым пытанні, што і Віктар Орбан, і што ён спадзяецца, што спадар Орбан дапаможа пераканаць палякаў змяніць сваю пазіцыю ў Расеі. Можа быць, але не мяне, Эмануэль"» 

У верасні 2023 лідар «Грамадзянскай кааліцыі» заклікаў польскія ўлады не скарачаць вайсковую дапамогу Украіне.

Дональд Туск таксама крытыкаваў беларускія ўлады. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» ў кастрычніку 2020 года ён заявіў: «Лукашэнка прайграе гэтую бітву. І нават калі не гэтую бітву, то гэтую вайну, задуманую ім супраць свайго ж народу і беларускай грамадзянскай супольнасці».

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі