Польскія медыі на пачатку верасня апублікавалі расследаванне, у якім распавялі, што консульскія ўстановы Польшчы ў краінах Азіі і Афрыкі за хабар выдалі каля 250 тыс. працоўных віз. У выніку ўзняўся візавы скандал.
Польскія праваахоўнікі распачалі крымінальную справу. Некалькі высокапастаўленых дыпламатаў страцілі пасады. На беларускім тэлеканале СТБ заявілі, што з-за гэтага Польшчу хочуць выключыць з ЕЗ.
«Польшчу могуць выгнаць з Еўразвяза. Дэпутаты Еўрапарламенту ад Нямеччыны звярнуліся ў Еўракамісію з просьбай разгледзець пытанне аб яе далейшым сяброўстве ў ЕЗ. Падставай з'яўляецца гучны візавы скандал, які ўзняўся пасля таго, як стала вядома, што ўлады Варшавы за хабар выдавалі замежнікам працоўныя візы. <...>
Дэпутаты ўспрымаюць махлярства з выдачай польскіх віз гібрыднай атакай на ЕЗ. У сувязі з гэтым папрасілі Еўракамісію разгледзець магчымасць ужывання 7 артыкула Дамовы аб Еўразвязе, які прадугледжвае выключэнне дзяржавы з ЕЗ»,— гаворыцца ў навінавым сюжэце тэлеканалу ад 27 верасня.
Сапраўды, дэпутат Еўрапарламенту Гунар Бек 19 верасня накіраваў у Еўракамісію ліст, у якім спытаў, ці лічаць там дзеянні Польшчы гібрыднай атакай на ЕЗ, як арганізацыя мае пакараць вінаватых і ці ініцыюе яна працэдуру разбору ў адпаведнасці з артыкулам 7 Дамовы аб Еўрапейскім звязе.
У 7-м артыкуле Дамовы аб ЕЗ не прапісаная магчымасць выключэння краіны.
У ёй гаворыцца толькі, што калі нейкая краіна-сябар парушае асноўныя каштоўнасці Еўразвяза, то Еўрапейская Рада можа запусціць працэдуру разбору ў дачыненні да такой краіны.
Яго вынікі могуць легчы ў аснову вываду, што дзяржава-ўдзельніца сапраўды сур'ёзна і пастаянна парушае еўрапейскія каштоўнасці, з наступным пакараннем: прыпыненнем дзеяння некаторых правоў гэтага сябра ЕЗ, у тым ліку права голасу.
Выключэнне краіны з ЕЗ не прадугледжанае — у дакументах Еўразвяза не прапісаная такая працэдура. Магчымы толькі добраахвотны яе выхад з аб'яднання.