Расследаванні 04 кастрычніка

«Маладая гвардыя». Як падлеткаў у Беларусі рыхтуюць да вайсковай будучыні пад выглядам патрыятычнага выхавання

Мы пагаварылі з маці, чыіх дзяцей вучаць страляць, адчуваць еднасць з «ЛНР» і «быць мужыком».

Больш за 2500 беларускіх дзяцей наведваюць ваенна-патрыятычныя клубы, што базуюцца пры вайсковых частках і ўваходзяць у склад фонду «Маладая гвардыя». Падлеткі маршуюць, праходзяць агнявую і медычную падрыхтоўку, удзельнічаюць у палявых лагерах. БРЦ высветліў, што за рыторыкай патрыятычнага выхавання хаваюцца элементы мілітарызацыі няпоўнагадовых, трэнаванні з баявой зброяй і распаўсюд прарасейскіх наратываў.

Выхаванне пад наглядам сілавікоў

«Патрыятызм, — патлумачыла Ірына, чаму ў 2021 годзе прывяла сваю дачку, шасцікласніцу Дашу, у ваенна-патрыятычны клуб “Доблесць”. — Калі мужчына праходзіць армію, ён вяртаецца зусім іншым чалавекам. Я думаю, не абавязкова быць мужчынам. Можна быць і жанчынай, і дзяўчынкай, каб хоць трошкі да гэтага дакрануцца».

Далучыцца да клуба сям’і прапанавалі ў школе. «Не ведаю, у шостым класе наколькі гэта была яго [дзіцяці] матывацыя — хутчэй матывацыя бацькоў, чым дзяцей. Нам падказалі, што дзіцяці трэба больш актыўнасці», — кажа Ірына. Пра прасоўванне клубаў ваенна-патрыятычнага выхавання ў школах расказалі і іншыя бацькі, нумары тэлефонаў якіх БРЦ атрымаў дзякуючы ініцыятыве «Рабочы рух». Мы тэлефанавалі ім і прадстаўляліся сакратаром «Маладой гвардыі», што збірае водгукі, а імёны маці і дзяцей у публікацыі змянілі дзеля іх бяспекі.

«Доблесць», як і яшчэ 22 клубы пры частках унутраных войскаў МУС Беларусі, уваходзіць у склад мясцовага дабрачыннага фонду «Маладая гвардыя». Яго стварылі ў траўні 2024 года ў межах загаду Аляксандра Лукашэнкі «Аб развіцці ваенна-патрыятычных клубаў».

На сайце арганізацыі заяўлена, што яе асноўныя задачы — патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай памяці і выхаванне любові да Радзімы. Мерапрыемствы Фонду наведваюць намеснік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў, які ўдзельнічаў у разгоне пратэстаў пасля выбараў 2020 года, найбліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і іншыя высокапастаўленыя прыхільнікі кіраўніка краіны.

«Яна казала: “Усё, магу тыдзень руку не мыць”, — пасля таго, як з ёй павіталіся і звярнулі ўвагу, — падзялілася ўражаннямі дачкі Марыны з гарадзенскага клуба “Цыркон” яе маці Вольга. — Ёй падабаецца глядзець на дарослых і цягнуцца да іх».

Баявая зброя для дзяцей

Мы патэлефанавалі і ў клубы — пад выглядам зацікаўленых бацькоў. У мазырскім «Беркуце» фармат заняткаў апісалі як «падрыхтоўку дзяцей да вайсковай службы». У «Доблесці-Лельчыцы» нам паведамілі, што падлеткі страляюць з баявой зброі, кіруюць дронамі, вучацца штурмаваць будынкі і капаць акопы пад кіраўніцтвам вайсковых інструктараў. «То бок, у асноўным, такія прадметы, якія спатрэбяцца ім і ў паўсядзённым жыцці», — зрабіў выснову прадстаўнік клуба.

Асабліва нас зацікавіў факт, што падлеткі атрымліваюць доступ да баявой зброі. Гэта пацвердзіла і маці выхаванкі «Доблесці» Ірына. Прадстаўнік «Маладой гвардыі» спачатку гэта адмаўляў, але ўрэшце дапусціў магчымасць стральбы для старшакласнікаў: «Нармальных хлопцаў заўсёды цягне да зброі».

«Мы навучым быць мужыком», — каротка апісаў ён праграму.

БРЦ знайшоў у сацсетках Фонду фота і відэа спаборніцтваў па стральбе з аўтамата Калашнікава. Дырэктар арганізацыі Сяргей Грабеннікаў звярнуўся да дзяцей: «Баявая стральба — гэта вельмі адказна». Відэа мы паказалі прадстаўніку ініцыятывы BelPol Уладзіміру Жыгару. Былы супрацоўнік міліцыі пацвердзіў: зброя сапраўды баявая. «Гэта, увогуле, абсурд», — падкрэсліў Жыгар, адзначыўшы, што раней атрымаць у рукі баявую зброю можна было толькі пасля складаных тэстаў.

Крыніца: parhey.wfolio.pro
Крыніца: parhey.wfolio.pro
0 / 2

Бацькі, з якімі мы размаўлялі, ставяцца да гэтага спакойна. «Нічога дрэннага ў гэтым не бачу», — сказала Аляксандра, маці выхаванца гомельскага «Лазурыту».

«Рускі мір» і «чыстыя сэрцы патрыётаў»

Фізічная падрыхтоўка суправаджаецца ідэалагічнай. У верасні 2025 года школьнікаў з клуба «Рысь» наведала дэлегацыя з самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі на чале з яе кіраўніком Леанідам Пасечнікам. У інстаграме «Маладой гвардыі» «ЛНР» называюць «братняй», адзначаюць «агульных герояў, агульную гісторыю і агульную будучыню».

Маці выхаванцаў, з якімі мы размаўлялі, не супраць такіх кантактаў. «На маю думку, усё выдатна», — падзялілася Жанна, маці ўдзельніка гомельскага клуба «Лазурыт». Яе не збянтэжылі б нават ваяры «СВА», як у Расеі клічуць вайну супраць Украіны: «Ну а мне якая розніца? Людзі і людзі».

Некаторыя падлеткі не расказваюць бацькам, што менавіта адбываецца на патрыятычных занятках. «[Сын] мала што расказвае. Сказаў: “Мама, нельга. <…> Гэта ўсё сакрэтна”», — тлумачыць іншая маці.

Тэлеграм-канал «Маладой гвардыі» транслюе тыповыя для расейскай і беларускай прапаганды тэзісы: «Мэта Захаду — уварвацца ў Беларусь», «інкубатары зла ў краінах Балтыі», «культ вайны» ва Украіне. Арганізацыя рэгулярна рэпосціць вядоўцу СТБ Рыгора Азаронка, які супрацьпастаўляе «мільярды Захаду на прамыўку мазгоў» «чыстым сэрцам патрыётаў» Беларусі.

Са школы — у казарму

Членства ў такой арганізацыі дае ільготы пры паступленні ва ўніверсітэты ваеннага профілю або на ваенныя факультэты любой ВНУ. У «Доблесці-Лельчыцы» нам расказалі: з 14 выпускнікоў за апошні год 10 пайшлі ў сілавыя структуры.

Адна з іх — Наталля з «Доблесці» — дзеліцца падрабязнасцямі свайго прафесійнага шляху ў інстаграме. Улетку 2024 года яна апублікавала фота ў студыі дзяржаўных тэлеканалаў АНТ і СТБ са словамі: «Маладая гвардыя прэзідэнта ўступіла ў інфармацыйную вайну». Ужо праз год яна паказала дакументы аб залічэнні ў Ваенную акадэмію.

Крыніца: Старонка выпускніцы ваенна-патрыятычнага клуба ў Instagram

Гісторыі такіх выпускнікоў з іншых клубаў запаўняюць сацсеткі «Маладой гвардыі». Усе бацькі, з якімі мы размаўлялі, падтрымліваюць такі выбар: «Без дапамогі, як я разумею, “Маладой гвардыі”, вайсковай часткі, мы не зможам [паступіць кудысьці]. У нас проста не атрымаецца», — сказала маці Дар’і з «Доблесці».

Паводле словаў адной з нашых суразмоўніц, клубы рыхтуюць дзяцей да вайсковых будняў і праз знаёмства з архаічнымі традыцыямі: «[Сын] кажа: мама, тут таксама ёсць дзедаўшчына. Кажа — той, хто ходзіць даўжэй [у клуб], той і галоўны, той і капітан. Хоць, кажа, што ёсць хлопцы значна лепшыя і па сілавой падрыхтоўцы, і па ўсім астатнім». Але адразу дадала, што «скардзіцца ён не скардзіўся».

Цана патрыятызму

Інфарматары, якія прадставіліся ініцыятывай «Цёмны агеньчык», звярнулі нашую ўвагу на фінансавую справаздачу «Маладой гвардыі» за 2024 год. З яе вынікае, што фонд задэклараваў крыху больш за адзін мільён беларускіх рублёў ($312,5 тыс.) спонсарскай дапамогі, з якіх 724 тыс. ($223 тыс.) выдаткаваў. Найбуйнейшыя артыкулы выдаткаў: заробкі (308 тыс. або $95 тыс.) і «спонсарская дапамога вайсковым часткам» (192 тыс. або $59 тыс.). Каля 300 тыс. ($92 тыс.) засталіся нявыкарыстанымі. [*] [*]

Ключавая фігура фонду — намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў. Ён рэгулярна наведвае мерапрыемствы фонду і лабіюе спонсарскую дапамогу: напрыклад, у чэрвені 2025 года стала вядома, што ён звяртаўся з гэтым пытаннем у ААТ «Інтэграл». Яшчэ адна публічная асоба «Маладой гвардыі» — яе кіраўнік Сяргей Грабеннікаў. Ён служыў у трох вайсковых частках, а цяпер спалучае працу ў «Маладой гвардыі» з пасадай у фінансава-эканамічным упраўленні Галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі МУС, вынікае з дадзеных «Кіберпартызанаў». Да кастрычніка 2024 года фонд узначальвала Ала Вяруш — цяпер яна дарадца «Маладой гвардыі», прафесарка Акадэміі МУС і былы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, заснаванага Аляксандрам Лукашэнкам.

Беларускі аналаг «Юнарміі»

Палітычны аналітык інфармагенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі адзначае падабенства «Маладой гвардыі» з аналагічнай расейскай структурай «Юнармия»:

«Абодва рэжымы абменьваюцца, так бы мовіць, перадавым досведам — я кажу гэта з іроніяй — у галіне таго, што яны называюць ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі».

На думку Класкоўскага, «Маладая гвардыя» — гэта толькі адзін з аспектаў татальнай мілітарызацыі свядомасці грамадства:

«Галоўная задача тут — выхаваць бяздумных абаронцаў рэжыму. Не радзімы, а менавіта рэжыму. З іншага боку, я не пераацэньваў бы сілу гэтай індактрынацыі, бо сучасная моладзь усё ж... Так, ім цікава гэты аўтамат патрымаць у руках, пастраляць па мішэнях, але гэта не значыць, што гэта ўсё — яны стануць такімі маленькімі Карпянковымі».

Педагог Дзмітрый Зіцэр звяртае ўвагу на ролю бацькоў:

«Гэтыя дзеці ж у асноўным не самыя ў гэтыя клубы прыходзяць. Яны маюць бацькоў. І іхныя бацькі, на маё вялікае шкадаванне, іх падтрымліваюць у гэтым або пасылаюць туды ж, што яшчэ горш. І гэта праблема, мабыць, яшчэ большая, чым самыя гэтыя клубы».

Мы накіравалі запыт у фонд «Маладая гвардыя» з просьбай пракаментаваць вышэйпададзеную інфармацыю, але на момант публікацыі адказу не атрымалі.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць