З пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну па сакавік 2025 года Віцебскі завод радыёдэталей «Маналіт» адправіў расейскай кампаніі «Спец-электронкамплект» тавары агульным коштам больш за 40 мільёнаў долараў. Дакументы, якія гэта пацвярджаюць, БРЦ атрымаў дзякуючы крыніцы ў лагістычнай галіне ў межах сумеснага расследавання з «Радыё Свабода» і ўкраінскім расследавальніцкім праектам «Слідство.Інфо».
АТ «Спец-электронкомплект» або АТ «Спец-ЭК», паводле расследавання i-Stories, з’яўляецца пастаўшчыком кампанентаў мікраэлектронікі для буйных прадпрыемстваў расейскага ВПК. Сярод яго кліентаў, напрыклад, АТ НДІ «Вектар», які распрацоўвае сістэмы процідзеяння беспілотнікам і комплексы радыёвыведкі.
Больш за 96% закупак «Спец-ЭК» ад «ВЗРД «Маналіт» складаюць керамічныя кандэнсатары — ключавы элемент мікрачыпаў. Кандэнсатары стабілізуюць праходжанне праз мікрачыпы электрычнасці, назапашваючы яе на выпадак нязначных перабояў у паступленні току. У 2023 годзе дзяржаўнае агенцтва БелТА сцвярджала, што прадукцыя «ВЗРД «Маналіт» ахоплівае палову рынку кандэнсатараў у СНД.
Дырэктар беларускага «ВЗРД «Маналіт» Акіф Гасымаў расказваў у 2018 годзе, што асноўныя спажыўцы прадукцыі завода — прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплекса, у першую чаргу расейскага.
Спецыяліст Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Украіны паведаміў выданню «Слідство.Інфо», што «ВЗРД «Маналіт» — адзіны вядомы яго ведамству буйны вытворца кандэнсатараў К10-84 у Беларусі і Расеі. Паводле яго, гэтыя мадэлі кандэнсатараў знаходзілі ў ракетах С-200 і С-300. «ВЗРД «Маналіт» на сваім сайце сапраўды называе сябе вытворцам і распрацоўшчыкам гэтай мадэлі і пералічвае гэтыя кандэнсатары сярод сваіх найноўшых і перспектыўных вырабаў.
Яшчэ адзін спецыяліст у электроніцы, які служыць у ЗСУ і пажадаў застацца ананімным, у інтэрв’ю «Радыё Свабода» паведаміў, што кандэнсатары «ВЗРД «Маналіт» знаходзяць у асколках ракет «Іскандэр», Х-101 і «Калібр», выпушчаных Узброенымі сіламі РФ па Украіне.
Сярод абсталявання «ВЗРД «Маналіт», якое трапляла ў кадры СМІ, — станкі вытворчасці славенскай кампаніі KEKO Equipment Ltd, печы для тэрмаапрацоўкі нямецкай кампаніі Nabertherm GmbH і японскай Pro-face by Schneider Electric (частка французскай карпарацыі Schneider Electric SE).
Завод уключаны ў санкцыйныя спісы Украіны (з траўня 2023 года), пры гэтым санкцыі ЕЗ на яго не распаўсюджваюцца. Пацверджаных звестак аб пастаўках абсталявання пасля ўвядзення санкцый няма. Разам з тым выпуск і адгрузкі кандэнсатараў выраслі: +39% у 2023-м да 2022-га і +85% за першыя два гады вайны.
Кантрольны пакет акцый «ВЗРД «Маналіт» належыць расейскай фірме ТАА «Кулон», якая таксама зʼяўляецца пастаўшчыком ВПК РФ.