Адзін з герояў гэтага расследавання – былы дэпутат, чые даходы ў некалькі разоў меншыя за суму на яго швейцарскім рахунку. Другі – бізнесмен, які двойчы трапляў за краты, прычым у розных краінах. Трэці – блізкі да беларускіх уладаў бізнесмен, які гандляваў нафтапрадуктамі па шэрых схемах.

Дадзеныя аб кліентах буйнога швейцарскага банка Credit Suisse атрымала нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung. Гэтым злівам яно падзялілася з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, чальцом якога з'яўляецца БРЦ. Ва ўцечцы мы знайшлі больш за 120 беларусаў, якія адкрывалі рахункі ў Credit Suisse.

Падчас гэтага расследавання з дапамогай КіберПартызанаў мы праверылі беларускіх кліентаў Credit Suisse з высокім узроўнем рызыкі: звязаных з палітыкай ці асуджаных за злачынствы. З агульнага спісу мы выбралі трох чалавек, якія маглі выкарыстоўваць сакрэтнасць швейцарскай банкаўскай сістэмы для сумнеўных мэтаў.

Адзін з герояў гэтага расследавання – былы дэпутат, чые даходы ў некалькі разоў меншыя за суму на яго швейцарскім рахунку. Другі – бізнесмен, які двойчы трапляў за краты, прычым у розных краінах. Трэці – блізкі да беларускіх уладаў бізнесмен, які гандляваў нафтапрадуктамі па шэрых схемах.

Усе яны маглі скарыстацца сакрэтнасцю швейцарскай банкаўскай сістэмы для сумнеўных мэтаў. Часам банкі недастаткова строга правяраюць сваіх кліентаў. Былыя і дзейныя супрацоўнікі Credit Suisse у гутарцы з журналістамі OCCRP тлумачылі гэта карпаратыўнай культурай, якая заахвочвае рызыку дзеля павышэння прыбытку.

Ганаровая пенсія

Апошні дзень лета 2008 гада. У чаргу на выезд з Беларусі ў Польшчу стаіць аўтамабіль Аўдзі. За рулём – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётр Калугін.

Сваю трэцюю кадэнцыю ён заканчвае ў статусе ветэрана працы і ганаровага грамадзяніна Салігорска. Гэтыя рэгаліі Калугін атрымаў за працу на «Беларуськаліі». Пачаўшы свой шлях на прадпрыемстве звычайным слесарам, ён даслужыўся да гендырэктара і займаў гэтую пасаду амаль дзесяць гадоў – з 1992 па 2001 гады.

Ужо на наступны дзень пасля перасячэння мяжы Калугін адкрывае рахунак у швейцарскім банку Credit Suisse для неназванай фірмы. На той момант ён афіцыйна не працаваў у ніводнай кампаніі ў Беларусі – толькі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Праз год і сем месяцаў на гэтым рахунку з'явяцца амаль $1,3 млн.

З дапамогай КіберПартызанаў мы высветлілі, што прыбытак Калугіна за сем гадоў – з 2003 па 2009 – склаў каля $87 тысячаў. Гэта ў 15 разоў менш, чым сума на ягоным швейцарскім рахунку.

Па тлумачэнні мы звярнуліся наўпрост да Пятра Калугіна, але ў тэлефоннай размове выразна пракаментаваць нашыя пытанні ён не змог. Адказы мы пачалі шукаць самі, у ягонай біяграфіі.

Сёння Пятру Калугіну 81 год. Нарадзіўся ён у Расеі, вучыўся ў Ленінградскім горным інстытуце, а ў Беларусь прыехаў у 1966 годзе. Тут ён пачаў працаваць на «Беларуськаліі», дайшоўшы да вяршыні кар'ернай лесвіцы ў 1992 годзе. Калугін прызнаваў, што аб'ёмы вытворчасці пры ім упалі больш як у два разы. Затое якасць прадукцыі ацанілі за мяжой і прадпрыемства выйшла на міжнародныя рынкі.

Таксама пад кіраваннем Калугіна крыху змянілася структура «Беларуськалія». У 2000 годзе ад яго аддзялілася падраздзяленне «Шахтспецбуд». Яшчэ з савецкіх часоў яно займалася пракладкай шахтаў, у якіх потым працавалі непасрэдныя супрацоўнікі «Беларуськалія». Нашая крыніца ў галіне сцвярджае, што адным з ключавых уладальнікаў ужо прыватнага прадпрыемства «Шахтспецбуд» стаў яго дырэктар Валерый Старцаў, а Калугін актыўна падтрымаў гэтую прыватызацыю. У наступным годзе Калугін сышоў з «Беларуськалія» і засяродзіўся на дэпутацкай кар'еры.

Увосень 2008 года, праз пару месяцаў пасля адкрыцця рахунку ў Credit Suisse, скончылася кадэнцыя Калугіна ў Палаце прадстаўнікоў. Ужо ў 2009 годзе ён пачаў працаваць у «Шахтспецбуд» – у свайго былога падрадчыка, якому ён дапамог стаць прыватнікам. Прычым прызначэнне Калугіна адбылося напярэдадні вялікага праекта.

У студзені 2010 года Беларусь дамовілася аб будаўніцтве ў Туркменістане Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната коштам каля $1 млрд. Генеральны падрадчык праекта, дзяржаўны «Белгархімпрам», узяў на субпадрад «Шахтспецбуд». Праз два месяцы на швейцарскім рахунку Калугіна з'явіліся тыя самыя $1,3 млн., якія, як мы ўжо высветлілі, у месцах афіцыйнага працаўладкавання ён зарабіць не мог.

Будаўніцтва Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната
Крыніца: «Шахтспецбуд» / Будаўніцтва Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната

Будаўніцтва комплексу абярнулася скандалам. Па дадзеных СМІ, туркменскія ўлады абвінавацілі Беларусь у неналежным выкананні кантракта і падалі пазоў у Арбітражны інстытут Гандлёвай палаты Стакгольма, шырока вядомы як Стакгольмскі арбітраж. Урон яны ацанілі ў $900 млн. У Беларусі гэтыя абвінавачанні адхілілі і падалі сустрэчны іск на $400 млн. Аб завяршэнні разбору да гэтага часу не паведамлялася, але калійны камбінат у Туркменістане ўсё ж здалі ў эксплуатацыю. Адбылося гэта ў 2017 годзе, хаця запуск планаваўся двума гадамі раней.

Увесь гэты час Пётр Калугін працаваў у «Шахтспецбуд». На яго запісаны невялікі дом у Слуцкім раёне, на яго жонку – чатырохпакаёвая кватэра каля Камсамольскага возера ў Менску і двухпавярховы катэдж ля Салігорскага вадасховішча.

Свой рахунак у швейцарскім банку Калугін закрыў у жніўні 2014 года.

Крымінальная Расея

У беларуса Альберта Ларыцкага ў швейцарскім банку Credit Suisse мы знайшлі два рахункі. Абодва адкрытыя ў пачатку 2011 года – менавіта тады разгортвалася гісторыя, пасля якой у турме апынуліся расейскі губернатар і сам Ларыцкі. У той час як звязанае з ім расейскае прадпрыемства разаралася, атрымліваючы дзяржкрэдыты, ён назапашваў мільёны на сваім рахунку ў Швейцарыі. А пасля абвінавачанняў у фінансавых махінацыях Ларыцкі, падобна, паўдзельнічаў у правакацыі супраць ліберальнага палітыка. Нядаўна ён выйшаў на волю, і мы першымі змаглі даведацца яго версію падзей.

Альберт Ларыцкі родам з Гомеля, яму 47 гадоў.

У родным горадзе ён у 90-я пачаў свой першы бізнес – гандляваў спіртным оптам і ў розніцу. Тады ж Ларыцкі пазнаёміўся з бізнесменам Юрыем Зудхаймерам. Той родам з Казахстана, але яшчэ да развалу Савецкага Саюза перабраўся ў Нямеччыну. Там пачаў займацца вытворчасцю фільтраў і змазак і адкрыў іх склад у Гомелі.

Пазней дарогі Зудхаймера і Ларыцкага часова разышліся. Першы пераехаў з Нямеччыны ў Швейцарыю, а другі перабраўся ў Расею, дзе стаў віцэ-прэзідэнтам «Зернастандарта». У 2008 годзе гэты аграхолдынг выкупіў акцыі «Нававяцкага лыжнага камбіната» і неўзабаве пачаў яго мадэрнізацыю, план якой падтрымаў тагачасны губернатар рэгіёну Мікіта Бялых.

Гэты праект зноў звёў Зудхаймера і Ларыцкага разам. Па словах нямецкага бізнесмена, на мадэрнізацыю «Нававяцкага камбіната» ён па просьбе свайго беларускага партнёра вылучыў каля $40 млн. Але праект праваліўся, а прадпрыемства загразла ў даўгах і стала неплацежаздольным. Разлічваючы вярнуць укладзеныя ў камбінат грошы, Зудхаймер звярнуўся ў ФСБ, і ў 2015 годзе Ларыцкага затрымалі па падазрэнні ў фінансавых махінацыях.

Альберт Ларыцкі
Крыніца: Newsler.ru / Альберт Ларыцкі ў залі суда

Па версіі следства, беларускі бізнесмен, які да таго моманту атрымаў від на жыхарства ў Швейцарыі, па падробленых кантрактах браў крэдыты ў расейскага «Сбербанка» на закуп абсталявання для мадэрнізацыі камбіната, але атрыманыя грошы выводзіў на свой асабісты рахунак у тым самым банку Credit Suisse.

Альберт Ларыцкі так пракаментаваў гэта для БРЦ: «Я жыву ў Швейцарыі. У мяне, вядома, ёсць рахунак. І, вядома, на гэты рахунак я пераводзіў са сваёй кампаніі грошы. Гэта значыць, я перавёў грошы як інвестыцыі са свайго рахунку на сваю кампанію і потым гэтыя грошы часткова атрымаў назад. Не ўсе».

Мы праверылі гісторыю рахунку Ларыцкага, адкрытага ў лютым 2011 года – падчас мадэрнізацыі «Нававяцкага камбіната». У маі 2011 года на ім налічвалася каля $3 млн. Максімальная сума на другім рахунку – прыкладна $275 тыс. у сакавіку 2014 года. Аднак па дадзеных следства, у выніку фінансавых махінацый Ларыцкі вывеў значна большую суму – каля $10 млн. На судзе ён цалкам прызнаў сваю віну, але нам заявіў, што яго да гэтага прымусілі:

«У [СІЗА] «Лефортава» прызнаюцца ўсе. Палітыкі, бізнесмены, міністры. Па рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека знаходжанне ў «Лефортава» прыраўноўваецца да катаванняў. Я правёў там два гады і чатыры месяцы. Паверце, калі б, не дай Бог, вы туды патрапілі, вы б прызналіся ў забойстве Кенэдзі».

Ларыцкі лічыць сваю справу палітычна матываванай – сфабрыкаванай, каб пасадзіць тагачаснага губернатара Кіраўскай вобласці Мікіту Бялых. Яго затрымалі ў 2016 годзе з доказамі злачынства пры атрыманні хабару ў Маскве. Як сцвярджаў на судзе пракурор, грошы Бялых атрымліваў за заступніцтва над «Нававяцкім лыжным камбінатам». Ларыцкі нібыта праз пасрэднікаў перадаў Бялых €200 тыс. у 2011-2012 гадах, а Зудхаймер –  €400 тыс. у 2014-2016 гадах.

Да прызначэння на пасаду губернатара ў 2009 годзе Мікіта Бялых быў лідэрам ліберальнага Саюза Правых Сіл – расейскага апазіцыйнага блока, сузаснавальнікам якога з'яўляецца Барыс Нямцоў. Стаўшы губернатарам, Бялых выйшаў з усіх апазіцыйных арганізацый, але ад ліберальных поглядаў не адмовіўся – прызначыў сваім дарадцам Аляксея Навальнага.

Міжнародная арганізацыя Transparency International мяркуе, што сілавікі маглі выкарыстоўваць Ларыцкага і Зудхаймера ў справе Бялых у якасці «тарпеды». Так называюць чалавека, якога ў рамках аператыўнага эксперыменту адпраўляюць для дачы хабару службовай асобе.

У выніку суд прыгаварыў Ларыцкага да трох гадоў калоніі, а Бялых – да васьмі, і ён да гэтага часу адбывае пакаранне. Зудхаймеру абвінавачванняў прад'яўлена не было, хаця Бялых прызналі вінаватым у атрыманні хабару менавіта ад яго, а па эпізодзе з Ларыцкім апраўдалі.

Ларыцкі пасля вызвалення некаторы час працаваў у Беларусі, але пасля  па заяве Зудхаймера зноў трапіў у турму – на гэты раз у Швейцарыі. Нядаўна ён выйшаў на волю.

Запахла вялікімі грашыма

У студзені 2012 года ў швейцарскім банку Credit Suisse з'яўляецца рахунак на неназваную кампанію беларускага бізнесмена. У ліпені на ім налічваецца ўжо больш за $36 млн. Да таго часу з Credit Suisse Trade Finance ужо супрацоўнічае літоўскі бізнесмен Вітольд Тамашэўскі. У швейцарскім банку ў яго адкрыты рахунак на фірму Savoil. Гэтая кампанія, па дадзеных нашай крыніцы, датычная да схемы з растваральнікамі і разбаўляльнікамі 2011-2012 гадоў.

Тады Расея пастаўляла Беларусі нафту і нафтапрадукты без спагнання мытных пошлінаў. Іх трэба было плаціць толькі ў тым выпадку, калі Беларусь прадавала на экспарт нафтапрадукты, зробленыя з расейскай нафты. Але быў шэраг тавараў, якія не абкладаліся пошлінамі. Напрыклад, растваральнікі і разбаўляльнікі. Пад іх выглядам беларускія дзялкі і пачалі актыўна перапрадаваць расейскія нафтапрадукты, такім чынам ухіляючыся ад падаткаў.

Як нам удалося высветліць, сярод іх еўрапейскіх партнёраў была, напрыклад, літоўская фірма One Energy. У 2011 годзе яе выручка перавысіла $1 млрд., і чвэрць даходу прыпала на растваральнікі і разбаўляльнікі.

Крыніца: БРЦ / Сумы пазначаныя ў літоўскіх літах

Але асноўныя аб'ёмы паставак па гэтай схеме ішлі праз кампанію Savoil Вітольда Тамашэўскага, сцвярджае нашая крыніца. За пяць месяцаў працы выручка гэтай фірмы перавысіла $800 млн., а за 2012 год наблізілася да $5 млрд. Чысты прыбытак за два гады – звыш за $80 млн.

Тамашэўскі – даўні партнёр апальнага беларускага бізнесмена Юрыя Чыжа. Пра іх шматгадовыя кантакты мы расказвалі ў адным з папярэдніх расследаванняў. Іх галоўны сумесны праект – як раз схема з растваральнікамі і разбаўляльнікамі. Разам з літоўскім расследавальніцкім цэнтрам Siena мы высветлілі, што з беларускага боку ў афёры ўдзельнічала кампанія «Трайпл» Юрыя Чыжа і яшчэ дзве фірмы – «Трайпл-Энерга» і «Белнафтагаз». Абедзве звязаныя з бізнесоўцам Аляксеем Алексіным: першую ён узначальваў, а другой валодаў разам з жонкай.

У той час Алексін працаваў на Чыжа, і менавіта яму прыпісваюць ідэю схемы з растваральнікамі і разбаўляльнікамі.

Аляксей Алексеін
Крыніца: Office Life / Аляксей Алексеін

У студзені 2012 года – у разгар гэтай схемы – Алексін і адкрыў той самы рахунак у швейцарскім банку, на якім пасля аказалася $36 млн. Мы патэлефанавалі бізнесмену, каб даведацца, адкуль ён атрымаў гэтыя грошы, але ён адмовіў нам у каментары. У 2012 годзе Расея спыніла схему з растваральнікамі і разбаўляльнікамі, а праз два гады Алексін закрыў рахунак у Credit Suisse.

Дарогі Чыжа і Алексіна разышліся. Першы ўжо двойчы пабываў за кратамі, а другі стаў адным з самых уплывовых бізнесоўцаў Беларусі і ў 2021 годзе патрапіў пад санкцыі ЕЗ і ЗША як «гаманец» Лукашэнкі.

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць