Бізнес-джэт, якім раней карысталіся сям'я і атачэнне Аляксандра Лукашэнкі, у траўні 2025-га перарэгістравалі ў Сан-Марына. Пасля гэтага аператарам стала кампанія Falcon Luxe. Яе матчыная структура звязаная з Мустафой Эгемэнам Шэнэрам — уладальнікам менскага H Casino, які фігуруе ў расследаванні БРЦ аб магчымым адмыванні грошай для міжнароднай злачыннай групоўкі з Паўночнага Кіпру.
Джэт для найбліжэйшых…
У траўні 2025 года ў міжнародным аэрапорце Жэневы сфатаграфавалі люксавы джэт. Ён быў афарбаваны ў колеры афіцыйнага беларускага сцягу, але меў нумар рэгістрацыі T7-AFP у Сан-Марына — юрысдыкцыі, якая арыентаваная на замежных уласнікаў, прапануе падатковыя ільготы і не раскрывае ўладальнікаў суднаў. Яго зафіксаваў мясцовы фатограф Карантэн Альтэр, які апублікаваў здымак на сайце Pictaero.com, створаным энтузіястамі авіяцыі. Гэта быў бізнес-джэт Gulfstream G550, які з 2020-га звязвалі з сям'ёй і атачэннем Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле звестак з базы Нідэрландскага авіяцыйнага таварыства, тады ж, у траўні 2025 года, самалёт атрымаў новы знак. З 2020-га па 2021 год самалёт быў зарэгістраваны ў Беларусі пад нумарам EW-001PJ. Камбінацыю «001» у Беларусі выкарыстоўваюць выключна для бартоў Лукашэнкі. Найбольш яскравыя прыклады — ягоныя боінгі EW-001PA, EW-001PB і верталёт EW-001PH, набыты расейскім бізнесоўцам Мікаілам Гуцэрыевым, — усе ў афіцыйных дзяржаўных колерах і з надпісам «Беларусь» на борце. Лукашэнка вядомы сваёй любоўю да нумара «адзін». Ягоны хакейны нумар — 01, а нумар пашпарту з выцеку базы ПЛР-тэстаў складаецца толькі з нулёў і адзінак.
Наколькі нам вядома, сам Аляксандр Лукашэнка на бізнес-джэце Gulfstream G550 не лятаў. [*] [*] [*] [*] Ім карысталася сям'я палітыка.
У 2020 годзе журналісты TUT.BY заўважылі, што джэт лятаў тымі ж маршрутамі, што і сыны Лукашэнкі. Напрыклад, у кастрычніку 2019 года — з Менску ў Варшаву, дзе праходзіла 48-я Генеральная Асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), а выконваючы абавязкі першага віцэ-прэзідэнта НАК Беларусі Віктар Лукашэнка ўзначальваў беларускую дэлегацыю. З 28 кастрычніка да 8 лістапада 2019 года самалёт быў у ААЭ, дзе Лукашэнка [*] знаходзіўся з афіцыйным візітам. Разам з ім у паездку адправіліся сыны Віктар і Дзмітрый. БРЦ атрымалася пацвердзіць гэтую інфармацыю пры дапамозе звестак ад «Кіберпартызанаў». Раней мы таксама пісалі, што гэты самалёт выкарыстоўвала нявестка Лукашэнкі Лілія.
Мы таксама высветлілі, [*] што на джэце — ужо з беларускай рэгістрацыяй — разам ляталі «гаманец» Лукашэнкі Аляксей Алексін, кіраўнік апарату памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Сяргей Зелянкевіч і Віктар Лукашэнка.
У 2021 годзе джэт трапіў пад санкцыі Вялікай Брытаніі, пасля чаго яго перарэгістравалі ў Расеі пад нумарам RA-11003.
Праект «МотолькоПомоги» ў пачатку 2022-га паведамляў, што гэты джэт коштам $60 млн Аляксандру Лукашэнку нібыта падарыў расейскі алігарх Мікаіл Гуцэрыеў. TUT.BY звязваў самалёт з іншым бізнесоўцам. Да рэгістрацыі ў Беларусі ў лютым 2020-га джэт Gulfstream G550 насіў аўстрыйскі бартавы нумар OE-ILN. Паводле звестак выдання, заказчыкам ягонага першага рэйсу ў Менск у 2019 годзе выступала кампанія Eolinus. Яе ўладальніка журналісты звязвалі з ТАА «Юларус», а праз гэтую кампанію — з бізнес-партнёрам Мікалая Вараб'я Аляксеем Чульцом. У адказе на запыт БРЦ Аляксей Чулец заявіў, што «кампаніі ТАА Юларус і НТ Марыне (NT Marine OU — эстонская кампанія Чульца — рэд.) не мелі ніякіх дачыненняў з кампаніяй Eolinus і мне нічога не вядома аб гэтай кампаніі». Ён адзначыў, што не лятаў на Gulfstream G550 і нічога не ведае пра яго.
… і для вельмі багатых
Пасля перарэгістрацыі ў Сан-Марына аператарам самалёта ў авіяцыйных онлайн-рэестрах сталі пазначаць кампанію Falcon Luxe — структуру, звязаную з Мустафой Эгемэнам Шэнэрам, уладальнікам менскага H Casino, які раней фігураваў у расследаванні БРЦ аб меркаваным адмыванні грошай.
На сайце Falcon Luxe, якая цяпер кіруе сямейным бізнес-джэтам Лукашэнкі, гаворыцца, што кампанія з'яўляецца падраздзяленнем прыватных чартарных рэйсаў кампаніі Falcon, якая ў сваю чаргу ўваходзіць у Alex Group Investment LLC. Заснавальнікам і старшынём Alex Group Investment пазначаны Султан Рашыд Абдула Рашыд Аль Шэнэ.
Гэтае імя ўжо сустракалася ў расследаванні БРЦ аб адмыванні грошай у менскім казіно H Casino. Тады мы прыйшлі да высновы, што імя «Султан Рашыд Абдула Рашыд Аль Шэнэ» можа выкарыстоўваць Мустафа Эгемэн Шэнэр — турэцкі бізнесоўца і афіцыйны ўладальнік аднаго з самых прыбытковых казіно Беларусі на той момант.
Уладальнікі казіно звязаныя з беларускімі чыноўнікамі, палітыкамі і сілавікамі.
Тады мы спасылаліся на дакументы зямельнага дэпартаменту Дубаю, з якіх вынікала, што Султан Рашыд Абдула Рашыд Аль Шэнэ валодаў амаль 90 аб'ектамі нерухомасці ў эміраце. У дакументах таксама быў пазначаны нумар тэлефону, запісаны на яго імя. Пры дадатковай праверцы БРЦ высветліў, што гэты нумар прывязаны да ўліковага запісу Microsoft з імем «Эгемэн Шэнэр» і ягоным фотаздымкам. Гэты ж нумар быў звязаны з ягоным імем у сэрвісе GetContact. Калі журналісты патэлефанавалі па гэтым нумары і спыталі, ці гавораць яны з Шэнэрам, суразмоўца гэта пацвердзіў.
У тым жа расследаванні мы выявілі сувязь Мустафы Шэнэра з крымінальнай імперыяй Халіля Фальялы — прадпрымальніка, забітага ў Паўночным Кіпры, якога звязвалі з сеткай нелегальных букмекерскіх сайтаў. Былы фінансавы дырэктар Фальялы сцвярджаў, што Шэнэр мог выкарыстоўваць менскае казіно дзеля легалізацыі наяўных, атрыманых ад нелегальнага онлайн-гэмблінгу ў Еўропе. Паводле ягоных словаў, сродкі афармлялі як даход казіно, выводзілі ў Дубай, а затым скіроўвалі на куплю дарагой нерухомасці. Бізнес Шэнэра ў Менску мог працаваць пры заступніцтве людзей, звязаных з сілавымі структурамі і атачэннем Аляксандра Лукашэнкі.
Новыя маршруты
Пасля змены рэгістрацыі на Сан-Марына люксавы джэт сталі часта выкарыстоўваць. З 10 ліпеня 2025 года — першага пасля перарэгістрацыі палёту з Жэневы ў Дубай — судна здзейсніла больш за 100 рэйсаў. [*] [*] [*] [*] Іх геаграфія шырокая: Еўропа, ЗША, Афрыка, Азія і Блізкі Усход. Хутчэй за ўсё, пункт базавання самалёту знаходзіцца ў Дубаі, паколькі 53 разы менавіта гэты горад быў або пунктам адпраўлення, або пунктам прыбыцця.
На момант публікацыі незразумела, ці ідзе гаворка аб перадачы правоў уласнасці на самалёт, аб змене аператара або толькі аб перарэгістрацыі борту. БРЦ скіраваў запыты Falcon Luxe, Alex Group Investment, Мустафе Эгемэну Шэнэру, а таксама прадстаўнікам, звязаным з эксплуатацыяй самалёту, з просьбай пракаментаваць іх ролю ў кіраванні бортам і характар іх адносінаў з асобамі з атачэння Аляксандра Лукашэнкі. На момант публікацыі адказы не паступілі.
Як працуе ландрамат у менскім казіно і чаму беларускія сілавікі не звяртаюць на яго ўвагі — чытайце ў расследаванні БРЦ.