Расследаванні Учора

Падтрымка ніжэй радараў. Хто пастаўляе беспілотнікі з Беларусі ў Расею, нягледзячы на забароны

БРЦ выявіў пастаўкі дронаў кампаніям, звязаным з ВПК Расеі.

AI Сціслы пераказ

Галоўныя моманты расследавання: БРЦ выявіў пастаўкі беларускіх дронаў кампаніям, звязаным з ваенна-прамысловым комплексам Расеі; 14 беларускіх кампаній прадалі больш за 20 тысяч беспілотнікаў на суму каля $34 млн.

Тры найбуйнейшыя пастаўшчыкі:

  1. СТАА «Хобі-Парк» (пастаўкі на $14,3 млн)
  2. ЗАТ «КББВ» (пастаўкі на $12 млн)
  3. ТАА «Альфа Арыён» (пастаўкі на $3,1 млн)

Ключавыя схемы:

  1. Расейскія кампаніі абыходзяць забароны на ваеннае выкарыстанне праз падмену прадукцыі і перапрадаж
  2. Расейскія кампаніі выдаюць беларускія распрацоўкі за свае
  3. Некаторыя беларускія кампаніі маюць афіліяцыі ў краінах ЕЗ, нягледзячы на санкцыі

Важна адзначыць, што хоць пастаўкі беларускіх дронаў складаюць невялікую частку ад агульнай колькасці беспілотнікаў, якія выкарыстоўвае Расея (каля 1,5 млн толькі ў 2024 годзе), яны былі асабліва важныя ў перыяд вострага дэфіцыту такой тэхнікі ў 2022 годзе.

Грамадзянскія квадракоптары на вайне з Украінай сталі зброяй у «сафары на людзей». Кітайскія вытворцы забаранілі выкарыстоўваць іх ва ўзброеных канфліктах, але Расея працягвае атрымліваць беспілотнікі і камплектуючыя для іх з-за мяжы. У прыватнасці, дроны кампаніі DJI — самыя папулярныя на вайне квадракоптары. БРЦ высветліў, што гэтыя і іншыя беспілотнікі расейскім кампаніям, звязаным з вайсковай прамысловасцю, пастаўляюць сярод іншых беларускія кампаніі.

Расследаванне падрыхтаванае ў партнёрстве з латвійскім тэлеканалам TV3, пры падтрымцы каманды Цэнтру даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP Research and Data і «Кіберпартызанаў».

Саўдзельнікі «сафары на людзей»

«Дзе мы будзем хавацца, калі лісце ападзе? Пачнецца сезон палявання на людзей», — сказала выданню Kyiv Independent жыхарка Херсону Вольга Чарнышова восенню 2024-га. За тыдзень да гэтай размовы дрон скінуў на ейную машыну выбуховае прыстасаванне.

Праваабаронцы Human Rights Watch (HRW) сцвярджаюць, што падобных нападаў на мірных жыхароў і грамадзянскія аб'екты ў Херсоне з дапамогай невялікіх квадракоптараў з чэрвеня 2024 года было некалькі сотняў. На канец траўня 2025-га ад падобных атак загінулі амаль 150 чалавек, паведаміла незалежная Міжнародная камісія ААН па расследаванні парушэнняў па Украіне. Яны працягнуліся і летам 2025-га. Пра адну з іх у ліпені пісала The Telegraph: тады ў Херсоне ў выніку атакі беспілотніка загінула аднагадовае дзіця. Медыі называюць гэтыя дзеянні расейскіх вайскоўцаў «сафары на людзей». А іх галоўная мэта, паводле словаў экспертаў, — пасеяць страх сярод грамадзянскага насельніцтва.

Вытворцы беспілотнікаў-квадракоптараў, якія выкарыстоўваюць у гэткіх «сафары на людзей», забаранілі продажы ў Расею і Украіну. Аднак гэтыя дроны, нароўні з апаратамі грамадзянскага прызначэння, працягваюць прадаваць у РФ — у тым ліку беларускія кампаніі. У распараджэнні БРЦ апынуліся звесткі аб пастаўках з Беларусі ў Расею дронаў рознага тыпу за 2022 — чэрвень 2025 года. Паводле нашых падлікаў, 14 беларускіх кампаніяў прадалі больш за 20 тыс. БПЛА прыкладна на $34 млн. У гэтым расследаванні мы распавядзем аб трох найбольш буйных пастаўшчыках, кліентамі якіх былі ў тым ліку кампаніі, звязаныя з расейскай вайсковай прамысловасцю.

Крыніца: БРЦ. Заўвага: мы знайшлі адну дэкларацыю, пастаўшчыком у якой было паказана ТАА «Аграсістэма», на дадзены момант у Беларусі няма такой дзеючай кампаніі, магчыма, у дэкларацыі дапусцілі памылку

Беларускія «мавікі»…

Найбуйнейшы вытворца квадракоптараў у свеце — кітайская кампанія DJI. Ейная доля на сусветным рынку дронаў ацэньваецца ў 70%. У 2022 годзе DJI прыпыніла дзейнасць у Расеі і Украіне, аднак засталася найбольш папулярнай маркай беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюць у вайне, прычым абодва бакі.

Пра тое, што Расея выкарыстоўвае ў вайне кітайскія дроны, летам 2025-га паведамляла і праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch. Яе эксперты ідэнтыфікавалі квадракоптары, якія расейскія сілы выкарыстоўвалі для нападаў на мірных жыхароў у Херсоне. Гэта былі дроны кітайскіх кампаніяў DJI і Autel, а таксама мадэль, вырабленая расейскім аб'яднаннем на базе батальёна ім. П.А. Судаплатава, якое называе сябе «валанцёрскай арганізацыяй». Вытворцы DJI і Autel ў адказ на запыт HRW прызналі, што расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць іхныя дроны ў баявых мэтах.

Найбольш папулярнымі дронамі вытворчасці DJI на вайне сталі «мавікі» – квадракоптары лінейкі Mavic. Гэтыя беспілотнікі выкарыстоўваюць для разведкі, навядзення, атакі. За час ваенных дзеянняў іх перапрашывалі, каб пазбавіцца магчымасці адсочвання, на іх базе стваралі іншыя дроны, распрацоўвалі аналагі, пра іх пісалі апавяданні, на іх абвяшчалі зборы сярод насельніцтва.

«Серыя DJI Mavic надзвычай папулярная і па-ранейшаму ўваходзіць у лік самых запатрабаваных спажывецкіх квадракоптараў, якія выкарыстоўваюцца ў Расеі», — распавёў БРЦ Дэвід Хэмблінг, брытанскі журналіст, які спецыялізуецца на вайсковай і тэхналагічнай тэматыках. Паводле яго, расейцы шырока выкарыстоўваюць «мавікі» для ўстаноўкі мін, у прыватнасці, супрацьпяхотных ПФМ-1 «Пялёстак». Украінская выведка таксама паведаміла БРЦ, што Расея выкарыстоўвае квадракоптары DJI, у прыватнасці мадэлі DJI Matrice 30T, DJI Matrice 3t, Mavic 3 Pro, Mavic 3.

У траўні 2022 года гэтымі дронамі зацікавілася і Міністэрства абароны Беларусі. Ведамства тады вырашыла закупіць 56 квадракоптараў DJI Mavic 2 Enterprise Advanced. Пастаўшчыком абралі зарэгістраванае ў Менску СТАА «Хобі-Парк». Кошт кантракту перавысіў 1,8 млн беларускіх рублёў (каля $700 тыс.).

БРЦ высветліў, што менавіта «Хобі-Парк» — найбуйнейшы пастаўшчык лятальных апаратаў з Беларусі ў Расею. Яго пастаўкі склалі $14,3 млн. Гэта каля паловы кошту ўсіх беспілотнікаў, прададзеных беларускімі кампаніямі ў Расею з пачатку поўнамаштабнай вайны і да чэрвеня 2025 года ўключна. У 2022-м прыбытак кампаніі вырас амаль у 27 разоў і склаў $9,7 млн (у наступныя два гады ён зніжаўся да $3 млн і $1,7 млн, але ўсё роўна быў у некалькі разоў большы, чым у 2021-м).

Кампанія пастаўляла ў РФ квадракоптары і акумулятары да іх беларускай і кітайскай вытворчасці, у тым ліку розныя мадэлі «мавікаў». Напрыклад, у 2022 годзе адправіла ў Расею 743 дроны DJI Mavic.

У 2023 годзе DJI у каментары «Настоящему времени» назваў «Хобі-Парк» афіцыйным дылерам.

...для калявайсковых кампаніяў

«Хобі-Парк» існуе ўжо 15 гадоў. Заснавалі кампанію ў 2010 годзе расеец, які нарадзіўся ў Крыме, экс-дарадца намесніка міністра транспарту РФ Алег Бадэра і беларускі прадпрымальнік Дзмітрый Курносенка. [*] [*] У снежні 2011-га ўладальнікамі кампаніі сталі беларусы Віктар Пылаеў і ягоны старэйшы сын Данііл. [*] У «Хобі-Парку» працавалі і іншыя чальцы сям'і Пылаевых: жонка Данііла Вольга, паводле звестак «Кіберпартызанаў», — адміністратарам-касірам, малодшы сын Віктара Міхаіл, які нарадзіўся ў Рызе, працаваў у кампаніі прадаўцом.

«Хобі-Парк» паставіў у Расею 2827 дронаў, у тым ліку вытворчасці DJI. Большасць яго пакупнікоў не маюць дачынення да вайсковых структураў, але БРЦ выявіў, што некаторыя з іх наўпрост ці ўскосна звязаныя з расейскім ВПК і продажам зброі.

Два самых буйных кліента «Хобі-Парку» звязаныя паміж сабой. Першы — ТАА «Позитрон». За жнівень, кастрычнік і лістапад 2022 года кампанія купіла ў «Хобі-Парку» 1026 дронаў амаль на $7 млн. Другая — ТАА «Тайгер-Ган» набыла 45 дронаў на $268 тыс. з чэрвеня па кастрычнік 2022-га. Бенефіцыяр «Позитрона» — Аляксандр Пісьменны, паводле падлікаў мясцовага выдання, у 2023 годзе быў у трэцім дзясятку самых багатых жыхароў Растоўскай вобласці. Бенефіцыяр «Тайгер-Ган» — Лідзія Пісьменная. У нас ёсць падставы меркаваць, што яна — маці Аляксандра.

Дырэктар ТАА «Тайгер-Ган» Дзмітрый Міхееў уваходзіць у апякунчую раду фонду генерала-палкоўніка, дэпутата Дзярждумы РФ Уладзіміра Шаманава. Апошні з верасня 2022 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, а з 2014 года — і ЕЗ за разгортванне паветрана-дэсантных сілаў РФ у Крыме. Бенефіцыяру «Позитрона» Аляксандру Пісьменнаму таксама належыць ТАА «Спектр». Сярод відаў дзейнасці гэтай кампаніі — вытворчасць зброі і боепрыпасаў.

Іншы кліент, ТАА «Небесная Механика» ў лістападзе 2023 года закупіла ў «Хобі-Парку» тры дроны DJI на $50 тыс. Праз год, 30 кастрычніка 2024-га, гэтая кампанія трапіла пад санкцыі ЗША, бо «займаецца аптовым продажам БПЛА, набытых за межамі Расеі, а таксама пастаўляе беспілотнікі і абсталяванне ў падтрыманне ўварвання Расеі ва Украіну».

У ліку пакупнікоў «Хобі-Парку» таксама АТ «Пергам-Инжиниринг», якое ў сваёй прэзентацыі распавядае, што яму давяраюць «сілавыя структуры (ФСА, ФСБ, МУС і інш.) і прадпрыемствы ВПК Расеі». З лістапада 2022-га да снежня 2023-га «Пергам-Инжиниринг» закупіў у «Хобі-Парку» 13 дронаў DJI Mavic 3 на $77 тыс.

З кастрычніка 2023-га па студзень 2025-га «Хобі-Парк» паставіў 31 квадракоптар Mavic 3 на $119 тыс. кампаніі ТАА «ЕФТ Групп». Гэтая фірма супрацоўнічае з ТАА «ГК Тихие Крылья», якая ўваходзіць у АТ «Концерн "Калашников"». Той, у сваю чаргу, уваходзіць у дзяржкарпарацыю «Ростех» — галоўнага расейскага вытворцу ўзбраенняў.

«Не вельмі з беларусамі хочуць супрацоўнічаць»

Апісаныя вышэй пастаўкі мы папрасілі пракаментаваць аднаго з саўладальнікаў «Хобі-Парку» Данііла Пылаева. Ён адмовіўся: «На жаль, гэтае пытанне не магу абмяркоўваць, прашу прабачэння». У тэлефоннай размове з журналістам БРЦ бізнесовец заявіў, што цяпер, «на жаль ці на шчасце», кампанія нічога не прадае ў Расею.

Верагодна, кампанія нічога не прадае ў Расею, бо «[DJI] не вельмі з беларусамі хочуць супрацоўнічаць». Гэта словы менеджаркі кампаніі — журналістка БРЦ патэлефанавала туды пад выглядам патэнцыйнай кліенткі. Тэрміны пастаўкі пры замове — не зразумелыя: «Таму мы не хочам падстаўляцца самі і падстаўляць кліентаў таксама не хочам», — патлумачыла супрацоўніца кампаніі. Яна дадала, што «Хобі-Парк» «перасаджвае» кліентаў на Autel (іншы кітайскі вытворца беспілотнікаў, які таксама забараніў выкарыстоўваць сваю прадукцыю ў вайне). Пры гэтым «Хобі-Парк» працягвае заставацца афіцыйным дыстрыб’ютарам DJI, гэта нам пацвердзіў іншы менеджар кампаніі. Паводле яго, тэрміны пастаўкі прадукцыі кітайскага вытворцы складуць прыкладна два месяцы, але «могуць быць форс-мажоры», бо складанасці ёсць «з усіх бакоў».

Таксама мы скіравалі запыт у DJI: нас цікавіла, чаму вытворца супрацоўнічае з «Хобі-Паркам», які прадае ягоныя дроны кампаніям, звязаным з расейскім ВПК, хоць летам 2023 года ў інтэрв'ю выданню «Настоящее время» сцвярджаў, што сярод яго кліентаў няма тых, хто відавочна плануе выкарыстоўваць іх прадукцыю ў баявых мэтах або дапамагае мадыфікаваць яе для выкарыстоўвання ў баявых дзеяннях. «Усе нашыя дыстрыбʼютары абавязаныя падпісваць пагадненні аб экспартным кантролі і гарантыйныя лісты, каб пазбегнуць перанакіравання прадукцыі бакам, якія падпадаюць пад абмежаванні», — адказала БРЦ PR-каманда DJI. Вытворца заявіў, што «рашуча выступае» супраць любых спробаў мадыфікаваць ягоную прадукцыю для выкарыстання ў баявых мэтах.

«Навошта тады такі верталётны дрон?»

Сярод беларускіх пастаўшчыкоў мы знайшлі не толькі рэсэлераў, але і вытворцаў беспілотнікаў. ТАА «Альфа Арыён» (уваходзіць у групу кампаніяў aOrion і з'яўляецца рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогіяў) прадае ў Расею сваю распрацоўку — дрон верталётнага тыпу Heli-E, які здольны перавозіць да 8 кг грузу. За два гады (з верасня 2022-га да снежня 2024-га ўключна) кампанія паставіла расейскім арганізацыям, звязаным з ВПК, прадукцыі на $3,1 млн.

Адзін беспілотнік Heli-E за $60 тыс. у «Альфа Арыён» у снежні 2022-га купіла расейскае АТ «НПП "Радар ММС"». Гэтае прадпрыемства распрацоўвае сістэмы саманавядзення высокадакладнай зброі, у прыватнасці для ракетаў «Калибр», радыёлакацыйных сістэмаў, а таксама беспілотнікаў. «НПП "Радар ММС"» з 28 чэрвеня 2022 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і з 23 лютага 2024 года — ЕЗ.

Другі партнёр «Альфа Арыён» у Расеі — ТАА «ГК Тихие Крылья» — уваходзіць у канцэрн «Калашнікаў». З верасня па снежань 2023-га, а таксама ў студзені і снежні 2024-га «Альфа Арыён» паставіла расейскай кампаніі беларускія беспілотнікі і камплектуючыя да іх больш чым на $2,6 млн.

Нягледзячы на продажы кампаніям, звязаным з ВПК, сведчанняў ужывання Heli-E на вайне з Украінай няма, сказаў у размове з БРЦ асацыяваны навуковы супрацоўнік «Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы» пры Брэменскім універсітэце Мікалай Мітрохін. Ён жа звярнуў увагу на невысокую эфектыўнасць беспілотніка:

«Чым больш важыць сродак перавозкі, тым больш ён звычайна каштуе. А чым менш бярэ, тым больш кошт перавозкі. Адпаведна, верталётныя дроны відавочна моцна даражэйшыя за квадракоптары, а бяруць менш. <...> У гэтага верталёта ўзлётная вага 26,7 кг, а грузападымальнасць усяго 7 кг. А ўмоўны FPV (First Person View, беспілотнік з камерай, які перадае відэа ў рэальным часе — рэд.) цягне як мінімум траціну сваёй вагі. І з хуткасцю ў два разы большай. Пра кошт мадэляў нават не будзем казаць. Пытанне: навошта тады такі верталётны дрон, які можа прывалачы толькі чатыры бутэлькі вады?»

Магчымы адказ на гэтае пытанне крыецца ў некалькіх падменах, якія выявілі расследавальнікі БРЦ.

«Занадта вялікі і дарагі беспілотнік»

Кампанія «Тихие Крылья», якая набыла Heli-E у «Альфа Арыён», прадставіла на сваім сайце і на сайце канцэрну «Калашников» беспілотны верталёт пад сваім брэндам. Характарыстыкі і знешні выгляд мадэляў амаль ідэнтычныя, але назву расейская кампанія змяніла: новае імя беспілотніка «Альфа-Е».

Маніпуляцыю з перайменаваннем, верагодна, правялі і з распрацоўкай аднаго з найбуйнейшых беларускіх пастаўшчыкоў беспілотнікаў у Расею — ЗАТ «КББВ». Гэтая кампанія сярод іншага вырабляе беспілотны верталёт «Хантэр», створаны для пошуку і знішчэння іншых беспілотнікаў, бронетэхнікі і людзей. Яго прэзентавалі ў 2021 годзе як «першы ў свеце беспілотны разведвальна-ўдарны верталёт». А праз год найбуйнейшы расейскі вытворца ўзбраення «Ростех» прадставіў яго на выставе «Армия-2022» пад назвай БАС-750, не згадаўшы беларускіх распрацоўшчыкаў.

Яшчэ адна распрацоўка КББВ стала базай для іншага расейскага цяжкага БПЛА — БАС-200. Яго планавалі вырабляць з 2023 года ў Башкартастане на магутнасцях АТ «Кумертауское авиационное производственное предприятие» (КумАПП). Яно працуе пад кіраваннем АТ «Вертолеты России», якое ўваходзіць у дзяржкарпарацыю «Ростех». Кампанія выпускае верталёты рознага тыпу для расейскага ваенна-марскога флоту і знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Еўразвязу.

Журналісты БРЦ знайшлі некалькі сітуацыяў, калі, імаверна, за расейскі БАС-200 выдавалі беспілотнікі беларускай вытворчасці. У снежні 2022 года віцэ-прэм'ер Башкартастану Аляксандр Шальдзяеў заявіў, што ўжо гатовыя дзесяць узораў БАС-200 — у тым жа месяцы КББВ паставіла КумАПП восем беспілотнікаў верталётнага тыпу. У 2023 годзе на КумАПП зноў паставілі беспілотнікі КББВ — гэтым разам 20 штук. Верагодна, замовілі з запасам, бо ў 2024 годзе на прадпрыемстве павінны былі вырабіць дзесяць БАС-200. Усяго, паводле нашых падлікаў, у снежні 2022-га, студзені і сакавіку 2023-га КББВ прадала 28 беспілотнікаў верталётнага тыпу беларускага паходжання расейскаму КумАПП амаль за $12 млн.

Пры гэтым, як і ў выпадку з беспілотнікам Heli-E, трое экспертаў сказалі БРЦ, што не чулі нічога аб выкарыстанні ў вайне з Украінай распрацовак беларускай кампаніі КББВ.

«Яны занадта вялікія і дарагія для забеспячэння перадавой, прасцей збіць. А ў 15-20 км ад перадавой гэтыя грузы можна падвозіць аўтатранспартам. Тэарэтычна іх можна выкарыстоўваць для аператыўнай эвакуацыі параненых, але, думаю, ніхто ў расейскім войску гэтым пераймацца не будзе», — сказаў у каментары БРЦ Мікалай Мітрохін.

Прычынаў у маніпуляцыяў з падменай тэхнікі і закупам неэфектыўных беспілотнікаў можа быць мноства, патлумачыў эксперт: «Бывае, што грошы выдаткавалі на распрацоўку, усё зацвердзілі, а на вытворчасць не далі, паколькі, ну вось, прайшлі баявыя выпрабаванні, а яно дрэнна, або грошай няма на гэтую праграму, спатрэбіліся на іншыя і т.п».

Не выключыў Мітрохін і сцэнар «распілоўвання» бюджэтных сродкаў. У снежні 2022 года віцэ-прэм'ер Башкартастану Шальдзяеў даў справаздачу, што на праект вытворчасці БАС-200 атрымалі 800 млн расейскіх рублёў (каля $12,3 млн) з федэральнага бюджэту. Кошт запуску серыйнай вытворчасці БАС-200 ацанілі ў 1,8 млрд рублёў (амаль $25 млн). Большая частка бюджэту, паводле афіцыйнай версіі, пайшла на сертыфікацыю беспілотніка з улікам стварэння доследных узораў і стэндавай базы.

Расейскаму ВПК ад беларускага экстрэміста

Кампанію «Альфа Арыён» у 2017 годзе заснаваў Вадзім Чарэўка. [*] [*] У 2024-м фірма перайшла ягонаму цесцю Сяргею Засухіну. [*] Сярод супрацоўнікаў «Альфа Арыён» БРЦ знайшоў чалавека, якога ў 90-я называлі асабістым пілотам Аляксандра Лукашэнкі. Гэта Вадзім Мельнік, у 2021-2022 гадах ён кіраваў палётамі ў кампаніі, а раней, у 2001-м, быў намеснікам старшыні Дзяржкамітэту па авіяцыі Беларусі, у 2005-м узначаліў яго.

Факты біяграфіі заснавальніка «Альфа Арыён» Вадзіма Чарэўкі могуць падацца несумяшчальнымі паміж сабой. У Расеі ён валодае 49% звязаным з канцэрнам «Калашников» ТАА «ТК Авиасистемы» (у каментары БРЦ Чарэўка назваў кампанію пустышкай), пры гэтым знаходзіцца ў вышуку. [*] [*] [*] У ЕЗ — валодае 90% польскіх кампаніяў Aorion sp. z o. o. і Aorion EU sp. z o. o. Чарэўка «разам з пэўнымі партнёрамі» спрабаваў знайсці інвестыцыі для развіцця бізнесу ў Еўропе, распавёў БРЦ прадстаўнік «Альфа Арыён», але прыцягнуць грошы так і не атрымалася.

Сувязь заснавальніка «Альфа Арыён» Вадзіма Чарэўкі з кампаніямі ў розных краінах
Крыніца: БРЦ / Сувязь заснавальніка «Альфа Арыён» Вадзіма Чарэўкі з кампаніямі ў розных краінах

У Беларусі, дзе Чарэўку належыць чвэрць ТАА «ЮВР», якая таксама займаецца беспілотнікамі, яго ўнеслі ў спіс экстрэмістаў за ўдзел у пратэстах 2020-га. Пра гэта бізнесоўца распавёў сам — на відэа з затрыманнем, якое ў канцы 2023 года апублікаваў праўладны беларускі тэлеграм-канал Книга ГУ «БАЗА». [*] [*]

На момант публікацыі бізнесоўца знаходзіцца ў Еўропе — ён пацвердзіў гэта ў размове з намі. Таксама ён дадаў, што дамовы на пастаўку дронаў утрымліваюць забарону на вайсковае выкарыстанне. Адмаўляе ён і перадачу правоў на выкарыстанне распрацоўкі: «Нам вядомыя выпадкі, калі пакупнікі або збытавыя агенты ў публічных матэрыялах прадстаўлялі грамадзянскія платформы як “уласныя рашэнні” або пад іншымі брэндамі. Гэтыя дзеянні з намі не ўзгодненыя; правоў на рэбрэндынг, выкарыстоўванне нашых ГМ, ПЗ (гандлёвых марак, праграмнага забеспячэння — рэд.) і тэхдакументацыі мы не перадавалі». Паводле яго, кампанія выпускае выключна грамадзянскія беспілотнікі для прамысловага карыстання. Абмежаваная і геазона, у якой пакупнік можа выкарыстоўваць абсталяванне. Тэхніку, прададзеную ў РФ, можна выкарыстоўваць толькі ў міжнародна прызнаных межах 1991 года, сцвярджае Чарэўка.

Геаграфічныя абмежаванні пры выкарыстанні прадукцыі «Альфа Арыён» БРЦ пацвердзілі і ў кампаніі. Публікуем адказ:

«З прычыны падпісання пагадненняў аб неразгалошванні з усімі кліентамі, мы не можам адказаць што-кольвек датычна найменняў і ўмоваў камерцыйнага ўзаемадзеяння з любым з нашых кліентаў.

Аднак, можам заўважыць, што многія расейскія кліенты спрабавалі і спрабуюць займацца рэверс-інжынірынгам нашых вырабаў, што мы кантраляваць юрыдычна ўжо ніяк не можам (1-2 невялікія змены ў канструкцыі або знешнім выглядзе і юрыдычна гэта ўжо іншы апарат). 

Пры гэтым, праз складанасці распрацоўкі нашага вырабу, рэальна лятучых узораў БЛА з такімі ж лётна-тэхнічнымі характарыстыкамі ні ў каго з нашых кліентаў не маецца, а калі нашыя ўзоры былі перапрададзеныя камусьці ў РФ і цяпер выстаўляюцца як узоры ўласнай вытворчасці і пад іншым брэндам, то мы на гэта юрыдычна паўплываць ужо ніяк не можам, пакуль канчатковы карыстальнік не парушыць публічна прызначэнне або ўмоўленыя геаграфічныя межы выкарыстання нашых БЛА, устаноўленыя ў першасным кантракце на пастаўку, а гэта з улікам нашых праграмных абаронаў практычна немагчыма (патлумачу: нават калі кліент паспрабуе паставіць іншае ПЗ на абсталяванне нашага БЛА, то праз складанасці самога рашэння нашай верталётнай сістэмы ажыццяўляць паспяховыя палёты, якія не скончацца падзеннем дрона, магчыма з вельмі нізкай верагоднасцю)».

«ТАА "Альфа Арыён" не мае і ніколі не мела дачынення да якіх-небудзь паставак прадукцыі для вайсковых структураў у любых краінах свету, уключаючы Расейскую Федэрацыю і Украіну.

Нашая кампанія з 2019 года мае ліцэнзію на знешнеэканамічную дзейнасць з таварамі двайнога прызначэння выключна грамадзянскага карыстання і займаецца распрацоўваннем і пастаўкай беспілотных авіяцыйных сістэмаў для паветранай лазернай інспекцыі, аэрафотаздымкі і выканання складаных навукова-тэхнічных задачаў у дружалюбныя Рэспубліцы Беларусь краіны. Усе пастаўкі ажыццяўляюцца паводле спецыяльных ліцэнзіяў, выдадзеных дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэтам Рэспублікі Беларусь. Мы ніколі не запытвалі і не атрымлівалі вайсковую ліцэнзію, а распрацоўванне або пастаўка прадукцыі вайсковага прызначэння без такой ліцэнзіі з'яўляецца крымінальна каральным дзеяннем у РБ.

Беспілотныя лятальныя апараты, якія распрацоўваюцца і вырабляюцца намі, першапачаткова спраектаваныя для грамадзянскага рынку — з ужываннем дарагіх якасных матэрыялаў і камплектуючых, з доўгім тэрмінам службы, убудаванай сістэмай выратавання і дубляванымі сістэмамі і датчыкамі, што адпавядае патрабаванням авіяцыйнай бяспекі і адрознівае нашыя вырабы ад вайсковых узораў, якія арыентаваныя на масавае, таннае і часцяком аднаразовае ўжыванне.

Імпартныя камплектуючыя, якія выкарыстоўваюцца намі, набываюцца афіцыйна і на ўмовах, якія абавязваюць нас выключаць іх ужыванне ў прадукцыі вайсковага прызначэння на тэрыторыі краінаў СНД, уключаючы РФ і Украіну. У мэтах выканання гэтых абавязальніцтваў мы:

  1. уключаем у нашыя кантракты палажэнні аб выключна грамадзянскім ужыванні прадукцыі; 
  2. рэалізавалі ў праграмным забеспячэнні БЛА тэхнічнае абмежаванне на эксплуатацыю за межамі ўзгодненых зонаў палёту (у прыватнасці, нашыя БЛА не могуць ажыццяўляць палёт па-за афіцыйнымі межамі РФ, зафіксаванымі станам на канец снежня 1991 года).

Што тычыцца пытанняў аб структуры ўласнасці, біяграфіі заснавальнікаў і згаданых трэціх асобаў, ТАА “Альфа Арыён” не ўпаўнаважана каментаваць асабістыя абставіны фізічных асобаў. Аднак, з адкрытых крыніцаў і публікацыяў вы зможаце знайсці інфармацыю аб тым, што наш былы заснавальнік спадар Вадзім Чарэўка ў 2024 годзе быў асуджаны ў Рэспубліцы Беларусь паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах, якія з'яўляліся пратэстам супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Незалежныя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным вязнем. Пасля, улічваючы палітычны характар пераследу, яму быў дадзены прытулак на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Такім чынам, уключэнне Вадзіма Чарэўкі ў розныя спісы і рэестры ў Беларусі звязана выключна з ягонай грамадзянскай пазіцыяй і абставінамі палітычнага характару, а не з якой-небудзь супрацьпраўнай або экстрэмісцкай дзейнасцю.

У 2021 і 2022 гг. Вадзімам Чарэўкам сапраўды рэгістраваліся юрыдычныя асобы ў некаторых еўрапейскіх краінах, але паводле нашай інфармацыі, да бягучага моманту фактычна аперацыйную дзейнасць ніводная з гэтых кампаніяў так і не ажыццяўляла.

Мы пацвярджаем, што ТАА “Альфа Арыён” вядзе сваю дзейнасць у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі абавязальніцтвамі.

Мы адкрытыя для дыялогу з журналісцкай супольнасцю і гатовыя даваць тлумачэнні, скіраваныя на перадухіленне распаўсюджвання неправеранай інфармацыі».

Расейскія партнёры «Альфа Арыён» — «НПП "Радар ММС"» і «ГК Тихие Крылья» — не пракаментавалі супрацу з беларускімі кампаніямі.

Санкцыі і еўрапейскія кампаніі

Не атрымалі мы адказаў і ад КББВ — кантактныя нумары не адказваюць, на пісьмовы запыт на момант публікацыі рэакцыі не было.

Кампанія, як і яе заснавальнік Уладзімір Чудакоў, [*] [*]  знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Канады. Вялікая Брытанія ўвяла абмежаванні толькі супраць фірмы. У ёй, паводле звестак «Кіберпартызанаў», у 2023-2024 гадах працаваў Уладзімір Япрынцаў — былы партнёр бізнесоўцы Юрыя Чыжа, які лічыўся галоўным «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Япрынцаў таксама быў саўладальнікам расейскай дачкі КББВ ТАА «Барс». Сярод відаў дзейнасці гэтай кампаніі пазначана: вытворчасць лятальных апаратаў, міжкантынентальных балістычных ракетаў, вайсковых баявых машын і рэактыўных рухавікоў.

Чудакоў заснаваў кампаніі не толькі ў Расеі і Беларусі. Нягледзячы на тое, што КББВ з ліпеня 2025 года знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, на момант публікацыі Чудакоў застаецца саўладальнікам латвійскай UAV helicopters SIA. Ягоны партнёр і другі саўладальнік Алег Чазаў (Oļegs Čazovs), паводле звестак латвійскіх СМІ, служыў у савецкай выведцы. Ён — сябра рады дырэктараў іншай латвійскай кампаніі — InDrones SIA — вытворцы беспілотнікаў пад брэндам Skytiller. [*] [*]

Беспілотны нацпраект

Са словаў Уладзіміра Пуціна, расейскія вайскоўцы толькі ў 2024 годзе атрымалі больш за 1,5 млн беспілотнікаў розных тыпаў, штодня на перадавую адпраўлялі блізу чатырох тысяч FPV-дронаў. На гэтым фоне беларускія пастаўкі — каля 21 тыс. беспілотнікаў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання — могуць здацца нязначнымі. Аднак важны момант: беларускія кампаніі пастаўлялі дроны, калі Расея мела вострую патрэбу ў іх. У чэрвені 2022-га медыі паведамлялі пра дэфіцыт беспілотнікаў, які звязвалі з прыпыненнем продажаў DJI і павелічэннем прыватных закупак. Пазней, з 1 студзеня 2024-га Расея запусціла нацпраект «Беспілотныя авіяцыйныя сістэмы». Урад выдзеліў на яго 250 млрд рублёў (амаль $3 млрд) на найбліжэйшыя шэсць гадоў. Краіна плануе стварыць сістэму праектавання, выпрабаванняў і вытворчасці беспілотнікаў, стымуляваць галіну за кошт субсідыяў і льготаў вытворцам, а таксама рыхтаваць спецыялістаў па дронах, пачынаючы са школаў.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць