Антыфэйк / фактчэк

31 кастрычніка 2023

Палякі зачынялі храмы, катавалі людзей і планавалі захапіць усю Беларусь. «Зеркало» знайшло фэйкі ў фільме «На іншым беразе»

«Беларусьфільм» зняў кінакарціну «На іншым беразе» да 17 верасня — Дня народнага адзінства. Каманда выдання «Зеркало» прааналізавала фільм і выявіла ў ім маніпуляцыі гістарычнымі падзеямі, замоўчванні і скажэнні фактаў.

Падзеі ў фільме «На іншым беразе» адбываюцца ў 1925 годзе. Пасля распаду Расейскай імперыі ў 1918-м была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Аднак на яе тэрыторыю прэтэндавалі і Польшча, і Савецкая Расея. Вынікам вайны паміж імі стаў Рыжскі мір (1921), па якім краіны падзялілі Беларусь: Варшаве адышла заходняя частка, Маскве — усходняя. Менавіта ў такім выглядзе беларускія землі існавалі 18 гадоў. Заходняя Беларусь адышла да БССР, калі Іосіф Сталін з Адольфам Гітлерам у 1939 годзе па чарзе напалі на Польшчу, пачаўшы Другую сусветную вайну. Гэтыя падзеі сталі кантэкстам новай беларускай кінакарціны. Каманда «Зеркала» прааналізавала яе гістарычную дакладнасць. 

Фэйк №1: Польшча ў 1925 годзе закрывала храмы ў заходніх вобласцях Беларусі

Партнёрскі матэрыял

У карціне «На іншым беразе» паказалі сцэну, дзе польскія памежнікі закрываюць праваслаўны храм. На словах — часова. Яны нібыта забіраюць яго пад харчовы склад. 

Жанчыны становяцца ў счэпку, абараняючы царкву. Памежнікі выкарыстоўваюць пугі. Адна з жанчын у счэпцы моцна пацярпела ад рук начальніка заставы. Неўзабаве яна памірае. 

Гэта гістарычны ляп. У Польшчы храмы не зачыняліся, а перадаваліся каталікам (аналагічна — толькі наадварот — паступалі ў Расейскай імперыі). Але далёка не ўсе. Да моманту, калі Беларусь аб'ядналася, у заходніх вобласцях налічвалася 542 праваслаўныя цэрквы і 606 святароў. Тады як ва ўсходняй частцы краіны, як пісаў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Цымбал, «былі зачыненыя ўсе цэрквы, не існавала ніводнай епархіі і не было ніводнага біскупа». 

Да таго ж не вядома ніводнага прыкладу, калі ў Заходняй Беларусі пры перадачы храма загінуў чалавек. 

Фэйк №2: На тэрыторыі БССР выкарыстоўвалі рускую мову

Партнёрскі матэрыял

У пачатку фільму «На іншым беразе» паказваюць карту падзеленай Беларусі. Справа, на тэрыторыі БССР, назвы нашых гарадоў напісаны на рускай мове. Злева яна на вачах змяняецца з рускай на польскую. Беларускай мовы няма.

Гэта зусім не характэрна для перыяду, паказанага ў кінакарціне, — ішла беларусізацыя, усюды ўводзілася беларуская мова. Нагадаем, гаворка ідзе пра 1925 год.

Фэйк №3: Польшча абавязалася забяспечыць суверэнітэт далучанай часткі Беларусі

Партнёрскі матэрыял

Аўтары фільму «На іншым беразе» абвінавачваюць Польшчу ў тым, што пасля далучэння часткі Беларусі ў 1921 годзе, яна не забяспечыла ёй суверэнітэт. 

«Польшча, якая абавязалася забяспечыць суверэнітэт далучанай часткі Беларусі і роўныя правы насельніцтву, якое пражывае там, на справе адразу пачала праводзіць палітыку апалячвання», — кажа закадравы голас у фільме. 

Варшава сапраўды не забяспечыла беларусам роўнасці і хутка перайшла да палітыкі паланізацыі. Але суверэнітэт — гэта незалежнасць дзяржавы ў вонкавых справах. Беларусь, будучы далучанай да Польшчы, не магла мець суверэнітэт. Гэтак жа яго не было і ў той часткі краіны, якую ў 1921 годзе далучыў СССР. Аднак пра гэта аўтары фільму не гавораць ні слова.

Фэйк №4: Польшчы патрэбна была ўся тэрыторыя Беларусі

Партнёрскі матэрыял

У карціне «На іншым беразе», дзе паказаныя нібыта падзеі 1925 года, некалькі разоў фігуруе тэзіс, што Польшча хацела захапіць усю тэрыторыю Беларусі. 

«Асноўнай задачай польскага кіраўніцтва было разбурэнне далікатнага міру паміж Польшчай і СССР, каб працягнуць сваю захопніцкую палітыку. Ім патрэбна была ўся тэрыторыя Беларусі. Яны трызнілі пра “крэсы ўсходнія", пра адраджэнне Рэчы Паспалітай. Але дзякуючы прафесійным і дакладным дзеянням контрразведчыкаў і падпольшчыкаў з ліку мясцовых жыхароў правакацыя акупантаў была сарваная. Мір гэтым разам выстаяў. Але наперадзе яшчэ былі доўгія і крывавыя гады барацьбы. Барацьбы за адзінства народу, за адзінства Беларусі», — кажа голас за кадрам, які перыядычна з'яўляецца ў фільме. 

Насамрэч Варшава не збіралася захопліваць Усходнюю Беларусь. Польская эліта сапраўды абмяркоўвала такую ідэю. Але толькі да Рыжскага міру, падпісанага ў 1921 годзе. У рэшце рэшт палякі пагадзіліся, што змогуць «пераварыць» толькі палову нашай краіны. 

Партызанскую барацьбу супраць суседзяў вёў СССР, які аж да 1925 года засылаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі дыверсійныя групы. У выніку стваральнікі фільму абвінавачваюць палякаў у тым, што рабіў СССР.

Фэйк №5: Польскія сілавікі ўвесь час збівалі людзей

Партнёрскі матэрыял

У Савецкім Саюзе было добра, а ў Польшчы — дрэнна. Такое ўражанне можа скласціся ў гледача пасля прагляду фільму «На іншым беразе» дзякуючы некаторым маніпуляцыям, якія дапускаюць аўтары.

У карціне паказана, што польскія сілавікі толькі і робяць, што збіваюць людзей і прыдумляюць правакацыі. Савецкія — ветлівыя, культурныя і дзейнічаюць выключна на падставе закона.

У фінале фільму высокапастаўлены савецкі чэкіст перажывае, што ў выніку дзеянняў ідэйнай савецкай разведчыцы Лесі Рубцовай загінулі мірныя беларусы і начальнік польскай заставы. Маўляў, гэта можа выклікаць канфлікт з Польшчай. Аднак тое, што СССР рэгулярна адпраўляе праз раку дыверсантаў у Польшчу, застаецца за кадрам.

Польская турма, куды трапляе адзін з герояў кіно, перапоўненая. Пра савецкія турмы ў фільме няма ні слова. Між тым Камуністычную партыю Заходняй Беларусі ў будучыні распусцяць, яе актывістаў рэпрэсуюць. Напрыклад, знакамітая Вера Харужая, якая відавочна стала адной з прататыпаў галоўнай гераіні фільму Рубцовай, два гады правяла ў засценках па абвінавачванні ў працы на Польшчу.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць