На тэлеканале СТВ з нагоды 31-х угодкаў першага ўступу Аляксандра Лукашэнкі ў пасаду прэзідэнта расказалі пра поспехі беларускай прамысловасці, у прыватнасці электроннай галіны. Генеральны дырэктар Кіроўнай кампаніі холдынгу «Гарызонт» Юры Прадко заявіў, што прадпрыемства выпускае больш тэлевізараў, «чым максімальная магутнасць была ў Савецкім Саюзе».
«Штодругі тэлевізар, які мы бачым на паліцах крам як у Беларусі, так у Расеі і іншых краінах, вырабляецца ў нас», — сказаў Прадко 20 ліпеня ў эфіры праграмы «Тыдзень».
Тэарэтычна, прадукцыя «Гарызонту» можа займаць палову паліц беларускіх крам. Па рэкамендацыях Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, айчынныя тавары павінны быць прадстаўленыя на гандлёвых плошчах, не меншых, чым з імпартнымі таварамі. Але, паводле дадзеных Белстату, тры з чатырох тэлевізараў, купленых у Беларусі ў 2024 годзе, былі замежнага паходжання.
Што да Расеі, то брэнда HORIZONT няма сярод лідараў продажаў тэлевізараў. Пры гэтым прадукцыя холдынгу займае 48% расейскага рынку, паведаміў у ліпені 2025 года часопіс Forbes. Аднак гаворка ідзе не пра тэхніку пад маркай беларускага вытворцы, а пра «50 брэндаў тэлевізараў, улучаючы Dexp, Harper, Hartens». Прыкладам, на магутнасцях беларускага холдынгу «Гарызонт» для расейскага рынку выпускаюць лінейку тэлевізараў кітайскага брэнда Skyworth. Пра гэта летам мінулага гады расказаў дырэктар заводу «Гарызонт» Яўген Шандабыло:
«Skyworth ужо не першы год выкарыстоўвае магутнасці заводу для выпуску электронікі пад уласным брэндам. Вытворчасць тэлевізараў ажыццяўляецца з арыгінальных кампанентаў пад строгім кантролем заказчыка і з выкананнем усіх вытворчых стандартаў кампаніі. Абʼём патэнцыйнай вытворчасці тэлевізараў складзе парадку 200 тыс. адзінак на 2025 год».
Са жніўня 2025 года холдынг плануе збіраць тэлевізары «ТБ Станцыя» для кампаніі «Яндэкс».
Наколькі выгадная такая зборка для прадпрыемства — нам не вядома, яно не публікуе фінансавых справаздач.