Антыфэйк / фактчэк 18 чэрвеня

Большасць давярае Лукашэнку? Як ТАСС і Ігар Дадон дадалі беларускаму палітыку прыхільнікаў у Малдове

У станоўчы рэйтынг уключылі нават тых, хто адказаў, што мала давярае Лукашэнку.

Былы прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў, што большасць грамадзян краіны давяраюць Аляксандру Лукашэнку. Расейскае агенцтва ТАСС назвала і канкрэтную лічбу — 53%. Але дадзеныя апытання кампаніі IMAS паказваюць іншы вынік.

Кантэкст: У афіцыйным акаўнце старшынства Кіпра ў Радзе Еўразвязу 3 чэрвеня 2026 года з’явілася інфармацыя пра тое, што ЕЗ гатовы распачаць абмеркаванне канкрэтных умоў уступлення Малдовы ў Еўразвяз. За тыдзень да гэтага, 26 траўня, экс-прэзідэнт Малдовы і кіраўнік Партыі сацыялістаў Ігар Дадон прыехаў у Менск для ўдзелу ў канферэнцыі і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле слоў Дадона, большасць грамадзян Малдовы хацелі б, каб краіна праводзіла такую ж палітыку, як Беларусь.

У інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» на Першым інфармацыйным тэлеканале, якое выйшла 31 траўня 2026 года, малдаўскі палітык Ігар Дадон, які выступае за ўмацаванне стратэгічнага партнёрства з Расеяй, заявіў, што большасць грамадзян Малдовы давяраюць Аляксандру Лукашэнку.

«Невыпадкова большасць грамадзян Малдовы ў апошнім апытанні — месяц таму — заявілі, што з усіх замежных палітыкаў давяраюць... Нумар адзін — гэта Лукашэнка».

Апытанне кампаніі IMAS прайшло не месяцам раней, а ў лютым. Пра высокі ўзровень даверу грамадзян Малдовы да Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі пісала і расейскае агенцтва ТАСС. Яно назвала канкрэтныя лічбы: 53% — у Лукашэнкі і 52% — у Пуціна. Гэтую інфармацыю падхапілі і некаторыя беларускія медыя. Аднак справаздача пра даследаванне паказвае, што лічбы ТАСС і заява Дадона не адпавядаюць вынікам апытання.

Рэспандэнтаў спыталі: «Наколькі вы давяраеце наступным лідарам?» Варыянты адказаў на румынскай мове можна перакласці як «вельмі моцна», «моцна», «мала» і «зусім не давяраю». Першыя два варыянты адназначна азначаюць давер. Іх выбралі 30% апытаных у дачыненні да Пуціна і 34% — у дачыненні да Лукашэнкі. Гэта ніяк не больш за 50%, як сцвярджала ТАСС.

Атрымаць вынік вышэй за 50% можна толькі ў тым выпадку, калі дадаць да станоўчых адказаў варыянт «мала давяраю». Па-румынску ён гучыць як puțină. Верагодна, ТАСС палічыла, што слабы давер лепшы за яго поўную адсутнасць, і ўключыла гэты адказ у станоўчы рэйтынг. Але ў сацыялогіі адказ «мала давяраю» адносіцца да адмоўных. Гэта відаць і па іншым апытанні, праведзеным у Малдове ў 2024 годзе, вынікі якога таксама публікавалі беларускія медыя. У ім адказы размеркавалі па шкале даверу і недаверу, і варыянт puțină знаходзіўся ў адмоўнай частцы.

Кіраўнік кампаніі IMAS Дору Петруцы на прэзентацыі вынікаў таксама назваў іншыя паказнікі, чым ТАСС:

«У рэйтынгу даверу да міжнародных лідараў з вялікім адрывам лідаруюць Лукашэнка і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін — з паказнікамі даверу 34% і 30% адпаведна».

Такім чынам, 34% — гэта першае месца сярод замежных палітыкаў, але не давер большасці грамадзян Малдовы. Ігар Дадон, Першы інфармацыйны тэлеканал і агенцтва ТАСС перабольшылі папулярнасць Лукашэнкі і Пуціна, уключыўшы ў лік іх прыхільнікаў нават тых, хто адказаў, што мала ім давярае.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Антыфэйк / фактчэк Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Вядоўца СТБ патлумачыў, чаму, на ягоную думку, украінскім уладам варта перастаць «мачыць, знішчаць, гнабіць» царкву Маскоўскага патрыярхату.
17 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць