Кантэкст: У 2025 годзе ў Беларусі нарадзіліся 54 257 дзяцей — гэта антырэкорд за ўсю гісторыю назіранняў. Каэфіцыент нараджальнасці ў краіне апусціўся да 5,96 дзіцяці на 1000 жыхароў. Гэта ўжо адзін з самых нізкіх узроўняў у свеце.
На фоне дэмаграфічнага антырэкорду ў Беларусі на дзяржаўным тэлеканале расказалі пра закрыццё радзільных аддзяленняў, крызіс фінансавання медыцыны і дэфіцыт лекаў у Польшчы. Пасля сюжэту пра поспехі айчыннай пасяўной кампаніі ў эфіры СТБ 4 траўня 2026 года вядоўца праграмы «Навіны 24 гадзіны» Вікторыя Маркевіч перайшла да «небяспечнага дэфіцыту» ў суседзяў:
«У Польшчы заканчваюцца многія лекі. З трывожным папярэджаннем выступіла фармацэўтычная інспекцыя. Паводле звестак ведамства, у спісе прэпаратаў, якім пагражае дэфіцыт, — ужо каля 300 найменняў. Сярод іх — сродкі ад дыябету, сардэчна-сасудзістых і рэспіраторных захворванняў».
Пасля гэтага паказалі галоўнага фармацэўтычнага інспектара Польшчы. У перакладзе і агучцы СТБ прагучала цытата: «У нас ёсць сістэма маніторынгу гандлю лекавымі сродкамі, якая дазваляе нам адсочваць кожны прадукт ад вытворцы да аптэкі. Гэта дазваляе нам рэалістычна ацэньваць узровень лекавай бяспекі краіны. Нашы аналізы паказваюць, што сярэдні запас лекавых сродкаў у Польшчы перавышае чатыры месяцы, што з’яўляецца высокім паказнікам нават з пункту гледжання эканомікі фармацэўтычнага рынку».
Паказанае інтэрв’ю з галоўным фармацэўтычным інспектарам Польшчы насамрэч было апублікаванае яшчэ ў кастрычніку 2024 года. У ім гаворка ішла не пра бягучы дэфіцыт лекаў, а пра небяспеку куплі медыкаментаў праз інтэрнэт. У арыгінальным фрагменце чыноўнік казаў:
«Мы ў цэлым разумеем, наколькі рызыкоўныя такія паводзіны. Частку гэтых прэпаратаў праверылі, і аказалася, што насамрэч большасць з іх не ўтрымлівала нават слядоў рэчыва, якое павінна было ў іх утрымлівацца».
У тым інтэрв’ю галоўны фармацэўтычны інспектар тлумачыў, што лекі, купленыя праз інтэрнэт, могуць быць падробленымі. Ён таксама сказаў: «Продаж рэцэптурных лекаў праз любыя онлайн-каналы, інтэрнэт-крамы з’яўляецца злачыннай дзейнасцю».
Сама цытата, якую СТБ наклаў на старое відэа, сапраўды належыць гэтаму польскаму чыноўніку. Ён прамовіў яе ў канцы красавіка ў іншым інтэрв’ю, і сэнс быў супрацьлеглы таму, які стварыў тэлеканал. Польскі чыноўнік казаў, што ў спісе дэфіцытных лекаў каля 300 найменняў, але падстаў для трывогі няма: запасу лекаў хопіць больш чым на чатыры месяцы. Для параўнання: у Беларусі запасаў асноўных лекаў хопіць на тры месяцы. Пры гэтым у нашай краіне гаворка ідзе не пра большасць лекаў, як у Польшчы, а толькі пра асноўныя.
Пералік дэфіцытных лекаў у Польшчы публікуюць ужо больш за 10 гадоў — прыкладна раз на два месяцы. Гэта антыэкспартавы спіс: дзяржава кантралюе вываз гэтых прэпаратаў, каб не дапусціць іх масавага перапродажу за мяжу, дзе цэны вышэйшыя. Гэты спіс датычыць толькі суб’ектаў гаспадарання. Звычайныя людзі могуць вывозіць лекі для асабістага карыстання — да пяці ўпаковак.
Акрамя таго, раней пералік быў нават даўжэйшы. Напрыклад, пяць гадоў таму ў ім было больш за 380 прэпаратаў. Папярэдні спіс уключаў каля 270 найменняў, а актуальны павялічыўся да 282. Само знаходжанне прэпарата ў гэтым пераліку не азначае, што ён у дэфіцыце. Пра гэта і казаў польскі чыноўнік у інтэрв’ю, якое СТБ выкарыстаў як доказ недахопу лекаў у Польшчы.
Рынак лекаў у Польшчы значна большы, чым у Беларусі. У Польшчы зарэгістравана больш за 19 тысяч найменняў лекаў, а ў Беларусі — амаль у пяць разоў менш.