Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Канкуруе з курортамі Турцыі». Наколькі на АНТ перабольшылі паток расейцаў на травеньскія святы

У праграме «Контуры» Беларусь назвалі «напрамкам нумар адзін».

У эфіры АНТ заявілі, што Беларусь стала для расейцаў напрамкам нумар адзін на травеньскія святы і канкуруе з Турцыяй. Аднак дадзеныя расейскіх сэрвісаў браніравання і Асацыяцыі тураператараў Расеі не пацвярджаюць такой высновы: Беларусь сапраўды папулярная, але не з’яўляецца безумоўным лідарам.

Кантэкст: Расейцы ў сярэднім трацяць на авіятуры ў Беларусь каля $1000. Гаворка ідзе пра паездкі на тры-чатыры дні на травеньскія святы для двух-трох чалавек. Такія дадзеныя прадставіла аналітычная служба Асацыяцыі тураператараў Расеі. У арганізацыі таксама адзначылі, што ў 2026 годзе адпачынак у Беларусі для расейцаў падаражэў на 10–15%, а са студзеня дзецям для ўезду ў Беларусь патрэбны замежны пашпарт. Пры гэтым гэтыя фактары наўрад ці істотна паўплываюць на турыстычны паток: Беларусь і раней не была папулярным напрамкам для сямейнага адпачынку з дзецьмі, яе часцей выбіралі дарослыя турысты для экскурсіяў або санаторнага адпачынку.

У праграме «Контуры» на АНТ 3 траўня 2026 года ў сюжэце пра пачатак турыстычнага сезону Ангеліна Дзікун распавяла, што Беларусь стала для расейцаў галоўным напрамкам на травеньскія святы:

«Вясновыя святы — гэта не проста высокі сезон, гэта сапраўдны турыстычны бум. Статыстыка пацвярджае: на гэтыя травеньскія Беларусь для расейцаў — напрамак нумар адзін, які на роўных канкуруе з курортамі Турцыі».

Дадзеныя трох расейскіх букінгавых платформаў паказалі, што Беларусь лідаравала толькі на адной з іх — «Отелло». Там яна сапраўды абагнала Турцыю сярод замежных напрамкаў. На сэрвісе браніравання жылля «Островок» Беларусь заняла другое месца пасля Турцыі. Паводле дадзеных OneTwoTrip, беларускі напрамак у параўнанні з мінулым годам пагоршыў свае пазіцыі і апынуўся трэцім: яго абагналі Турцыя і Кітай. То бок паводле самастойнага браніравання Беларусь уваходзіць у тройку папулярных напрамкаў для вясновага адпачынку расейцаў.

У арганізаваным турызме пазіцыі Беларусі яшчэ ніжэйшыя. Паводле дадзеных Асацыяцыі тураператараў Расеі, гэтай вясной расейцы з-за ваенных канфліктаў у свеце пераключаліся з Кубы і ААЭ на іншыя турыстычныя напрамкі. Гэта ўпершыню вывела Беларусь у топ-10 травеньскіх тураў.

Каманда Weekly Top Fake знайшла паказнік, паводле якога Беларусь сапраўды апынулася на першым месцы і наблізілася да курортнай Турцыі, — кошт пражывання. Паводле дадзеных сэрвісу браніравання «Островок», расейцы плацяць за ноч у Беларусі ў сярэднім $170.

Такім чынам, супрацоўніца АНТ Ангеліна Дзікун перабольшыла пазіцыі Беларусі на расейскім турыстычным рынку. Краіна папулярная ў расейцаў і ўвайшла ў лік запатрабаваных напрамкаў на травеньскія святы, але дадзеныя розных сэрвісаў не пацвярджаюць, што яна стала напрамкам нумар адзін.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць