На Першым інфармацыйным тэлеканале* расейскі эксперт Васіль Калташоў заявіў, што цэны на харчаванне ў заходніх краінах зніжаліся праз падзенне спажывання мяса і сыроў. Паводле яго слоў, харчаванне там становіцца бедным пайком. Але дадзеныя па Еўразвязе не паказваюць такога збяднення рацыёну: спажыванне мяса застаецца стабільным, сыроў еўрапейцы ядуць больш, і нават рынак арганічных прадуктаў расце.
Кантэкст: Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Вілейскі раён 7 жніўня раскрытыкаваў рост цэн у Беларусі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, з пачатку года цэны выраслі на лічаныя адсоткі, але яго асабліва занепакоілі сацыяльна значныя гародніна. Белакачанная капуста за паўгода падаражэла на 38%, цыбуля — на 24%, буракі — на 17%. Для міжсезоння такі рост заканамерны і адбываецца кожны год.
10 жніўня 2026 года на Першым інфармацыйным тэлеканале распавялі, што на Захадзе «свядома зніжаюць спажыванне прадуктаў, каб стрымліваць рост цэн». Дырэктар расейскага Інстытуту новага грамадства Васіль Калташоў заявіў, што жыхары заходніх краін сталі харчавацца прасцей і бядней.
«У 2025 годзе, і ў 24-м, і ў 23-м так зніжаліся цэны на харчаванне, на нафту — на ўсё. Таму што цэны на харчаванне, на збожжа ў першую чаргу, зніжаліся, таму што, напрыклад, спажыванне мяса памяншаецца, спажыванне сыроў. Харчаванне больш простым становіцца. А гэта бедны паёк, вельмі бедны паёк, як лекары кажуць, пазбаўлены яшчэ карысных інгрэдыентаў для нашага арганізму. То бок так нельга. Але з пункту гледжання ідэалогіі можна. І вось гэтая ідэалогія, яна прыкрывалася, і прыкрывае, і будзе прыкрываць зніжэнне спажывання на Захадзе», — заявіў Калташоў.
Спачатку пра цэны. Пасля крызіснага 2022 года харчаванне ў ЕЗ не таннела, а даражэла. У 2023 годзе цэны на прадукты выраслі на 12,7%, у 2025-м рост захаваўся, хоць і значна запаволіўся — да 2,8%.
Цяпер пра «бедны паёк». З мясам у еўрапейцаў сітуацыя стабільная. На працягу многіх гадоў жыхары ЕЗ у сярэднім з’ядаюць каля 66–70 кг мяса за год. Апошнія гады спажыванне трымаецца на высокім узроўні, хоць унутры рацыёну мяняецца структура: ялавічыну і свініну часткова замяняе мяса птушкі. Дадзеныя Еўракамісіі па мясным рынку не пацвярджаюць скарачэння спажывання, пра якое казаў Калташоў.
Сыры таксама не знікаюць з рацыёну еўрапейцаў. Паводле дадзеных Еўракамісіі, спажыванне сыру ў ЕЗ знаходзіцца прыкладна на ўзроўні 21 кг на чалавека за год. За апошнія пяць гадоў паказнік дадаў каля 1 кг, а за 25 гадоў — прыкладна 6 кг на душу насельніцтва.
З рыбай сітуацыя іншая: па Еўразвязе ў цэлым спажыванне за дзесяцігоддзе сапраўды знізілася. Паводле дадзеных Еўрапейскай абсерваторыі рынку прадукцыі рыбалоўства і аквакультуры (EUMOFA), у 2023 годзе сярэдняе спажыванне рыбы і морапрадуктаў у ЕЗ склала 22,89 кг на чалавека — гэта мінімум за дзесяць гадоў і на 2,7% менш, чым у 2022-м. Але і тут карціна не зводзіцца да агульнага «беднага пайку»: у большасці краін Усходняй Еўропы спажыванне рыбы, наадварот, вырасла.
Па аліўкавым алеі за апошнія 10 гадоў таксама няма прыкметаў устойлівай адмовы ад прадукту. У ЕЗ яго спажыванне застаецца каля 3 кг на чалавека. Спад быў у сезонах 2022—2024 гадоў, калі аліўкавы алей заўважна падаражэў праз неўраджай алівак.
Акрамя таго, еўрапейцы ўсё часцей купляюць арганічныя прадукты, хоць яны звычайна даражэйшыя. Паводле ацэнкі даследчай кампаніі IMARC Group, еўрапейскі рынак арганічнай ежы ў 2025 годзе дасягнуў $63,1 млрд, а да 2034 года можа вырасці да $139,4 млрд. Прагназаваны сярэднегадавы рост у 2026—2034 гадах — 8,94%. Гэта кепска спалучаецца з тэзай пра масавы пераход на «бедны паёк».
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.