Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Азіяцкі тыгр» без росту: як на «Менскай праўдзе» перабольшылі поспехі М’янмы

Пасля візіту Лукашэнкі вядоўца праграмы «Інфаполе» назваў краіну неаграненым алмазам Паўднёва-Усходняй Азіі.

Тлумачачы важнасць турнэ Аляксандра Лукашэнкі па Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі, вядоўца ютуб-каналу «Палітыка. Менская праўда» Антон Сінкавец назваў М’янму перспектыўнай краінай з уражальным эканамічным ростам. Але гэтыя сцвярджэнні заснаваныя на дадзеных дзесяцігадовай даўніны. Пасля пандэміі і вайсковага перавароту эканоміка М’янмы не расце, а скарачаецца.

Кантэкст: Замежная камандзіроўка Аляксандра Лукашэнкі пачалася 26 чэрвеня 2026 года з сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Валдаі. За тыдзень ён наведаў Расею, Кітай, Інданезію і М’янму. Паводле слоў кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Дзмітрыя Крутога, мэтай візітаў былі «праекты прэзідэнцкага ўзроўню» на дзясяткі мільёнаў долараў. Пасля вяртання Лукашэнка на некалькі дзён знік з медыйнага поля і ўпершыню за многія гады не з’явіўся ні на адным з мерапрыемстваў у гонар Дня Незалежнасці 3 ліпеня.

У праграме «Інфаполе» ютуб-каналу «Палітыка. Менская праўда» 8 ліпеня 2026 года вядоўца Антон Сінкавец заявіў, што апошняя краіна візіту Аляксандра Лукашэнкі — М’янма — вельмі перспектыўная, паказвае ўражальную эканамічную дынаміку і неўзабаве можа стаць краінай, якая хутка развіваецца.

«Трэці пункт [камандзіроўкі Аляксандра Лукашэнкі] — М’янма. Дзяржава, якую эксперты называюць неаграненым алмазам Паўднёва-Усходняй Азіі. Краіна дэманструе ўражальную дынаміку. Рост ВУП дасягае 8% за год. Пры захаванні такіх тэмпаў праз 5—7 гадоў эканоміка М’янмы можа стаць паўнавартасным азіяцкім тыграм», — сказаў Сінкавец.

М’янма сапраўды паказвала высокія тэмпы эканамічнага росту — каля 6—8% за год. Але гэта было ў 2010-х, калі краіна пераходзіла да адкрытай рынкавай эканомікі пасля дзесяцігоддзяў міжнароднай ізаляцыі. Затым пачалася пандэмія COVID-19, а ў лютым 2021 года вайскоўцы здзейснілі дзяржаўны пераварот, зрынулі абраны ўрад і ўвялі надзвычайнае становішча. Пасля гэтага па ўсёй краіне пачаліся масавыя пратэсты. Іх задушэнне хутка перарасло ва ўзброены канфлікт і гуманітарны крызіс.

З таго часу эканоміка М’янмы так і не аднавілася. Паводле дадзеных Сусветнага банку, з 2020 па 2025 год яна ў сярэднім не расла, а скарачалася больш чым на 3% за год.

М’янма застаецца адной з самых бедных краін свету. Паводле рэйтынгу Worldometer, складзенага пераважна на аснове дадзеных Сусветнага банку, у 2024 годзе па ВУП на душу насельніцтва яна займала 186-е месца з 218. Таму сцвярджэнне пра тое, што эканоміка М’янмы ўжо сёння дэманструе рост каля 8% і неўзабаве стане новым «азіяцкім тыграм», не адпавядае цяперашнім эканамічным дадзеным.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Не сказаў дзядзьку не»: «СБ. Беларусь сёння» сказіла змены ў артыкулах пра сексуальны гвалт у Літве
Антыфэйк / фактчэк «Не сказаў дзядзьку не»: «СБ. Беларусь сёння» сказіла змены ў артыкулах пра сексуальны гвалт у Літве
Аўтарка газеты ўбачыла змякчэнне пакарання там, дзе заканадаўцы ўводзяць прынцып добраахвотнай згоды і захоўваюць забарону на сексуальныя кантакты з дзецьмі.
23 чэрвеня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць