Антыфэйк / фактчэк

26 лістапада

Лукашэнка VS Наўседа: каму намалявалі 80% галасоў выбаршчыкаў. Разбіраем заяву Васкрасенскага

Юрый Васкрасенскі выказаў меркаванне, што на выбарах, якія маюць адбыцца, Аляксандр Лукашэнка атрымае больш за 80% галасоў дзякуючы дысцыпліне і згуртаванасці беларусаў.

Аляксандр Лукашэнка на выбарах атрымае больш за 80% галасоў, а літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа свае амаль 80% падтрымкі народа намаляваў, заявіў палітолаг Юрый Васкрасенскі ў эфіры «Радыё Менск». Каманда Weekly Top Fake высветліла, як прэзідэнт Літвы атрымаў 74% галасоў.

Аналітычны цэнтр EcooM у лістападзе 2024 года апублікаваў вынікі апытання, паводле якіх Аляксандру Лукашэнку давяраюць 80% апытаных беларусаў. Разважаючы пра гэта 12 лістапада 2024 года ў эфіры «Радыё Менск», палітолаг Юрый Васкрасенскі выказаў меркаванне, што на выбарах, якія маюць адбыцца, Аляксандр Лукашэнка атрымае больш за 80% галасоў дзякуючы дысцыпліне і згуртаванасці беларусаў. Ён дадаў, што літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа такой падтрымкай народу не карыстаецца, а тыя 74%, якія ён атрымаў на выбарах, намалявалі.

«Калі літоўскі тыран Наўседа сабе намаляваў 80%, гэта нічога не збянтэжыла. А тое, што ён іх намаляваў, гэта лёгка правяраецца. Справа ў тым, што прайшлі выбары прэзідэнта, дзе Наўседа намаляваў 80%, амаль 80, і праз тры месяцы праходзяць выбары парламенту, дзе яго партыя ў шэсць-сем разоў менш [галасоў] атрымлівае. Ну, такога ж не можа быць. 70% літоўцаў прагаласавалі супраць Наўседы праз тры месяцы. Дык як такое можа быць?» — задаўся пытаннем Васкрасенскі.

Пераабраны на другі тэрмін прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа — беспартыйны. З кансерватарамі, якія прайгралі нядаўнія выбары, Наўседа меў канфлікты падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну. А сацыял-дэмакраты, якія перамаглі, Наўседу падтрымлівалі. 

Прэзідэнцкія выбары ў Літве прайшлі ў траўні 2024 года ў два туры. У першым ніхто з кандыдатаў не набраў большасці галасоў. За Наўседу прагаласавалі 44% выбаршчыкаў Літвы. Прэм'ер-міністарка краіны Інгрыда Шыманіце адстала ад яго ў два разы. За астатніх кандыдатаў галасоў было яшчэ менш, таму гэтыя двое і выйшлі ў другі тур, дзе Наўседа атрымаў 74% галасоў выбаршчыкаў. 

За Аляксандра Лукашэнку на выбарах 2020 года ЦВК налічыў 80,1% галасоў у першым туры. Пасля гэтага ў Беларусі ўспыхнулі пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Улады адрэагавалі на іх рэпрэсіямі і затрыманнямі. Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» на лістапад 2024 года, з лета 2020 года палітвязнямі прызналі амаль 3 600 чалавек. Сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну праз палітычныя рэпрэсіі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць