Антыфэйк / фактчэк Учора «Невальфовіч» абвінаваціў Кіеў і Вільню ў карупцыі праз куплю ўкраінскай зброі для Украіны. Разбіраемся

Каманда WTF знайшла паведамленне на гэтую тэму на сайце літоўскага ведамства.

Літва закупіць зброю ў УСУ, каб перадаць яе Украіне, паведамілі аўтары тэлеграм-канала «Невальфовіч». Яны ўгледзелі ў адносінах паміж Вільняй і Кіевам карупцыю. Каманда Weekly Top Fake высветліла, у каго плануюць закупіць узбраенне і каму аддаць. 

Пост пра закуп Літвой зброі ў УСУ і з абвінавачваннем Захаду ў карупцыі ў тэлеграм-канале «Невальфовіч» апублікавалі 4 сакавіка 2025 года.

«Літва закупіць у Украіны зброю... каб перадаць яе Украіне. Мінабароны Літвы вырашыла не шукаць лёгкіх шляхоў: купляем у УСУ, каб падарыць УСУ. Геніяльная схема, праўда? Пытанне: чаму Кіеў прадае зброю, калі яна яму так патрэбная? Адказ: а хто ж тады заробіць? Слоў няма, адны 100% адкаты», — напісалі аўтары посту і прымацавалі да яго скрыншот навіны на гэтую тэму з сайта расейскага выдання «Газета.ru». Яе аўтар спаслаўся на інфармагенцтва ТАСС і Міністэрства абароны Літвы. 

Каманда WTF знайшла паведамленне на гэтую тэму на сайце літоўскага ведамства. У ім ідзе гаворка пра развіццё сумеснай абарончай вытворчасці ў Літве і сярод іншага ёсць фраза:

«Літва працягне інвеставаць ва ўкраінскую абаронную прамысловасць, закупляючы прадукцыю ў Украіны для Украіны. На гэтыя мэты ўжо выдзелена сума ў €20 мільёнаў, якая будзе працягваць расці».

Гэта значыць, што Літва купляе зброю ў украінскіх абаронных вытворцаў, а не ў УСУ, і такім чынам падтрымлівае вытворчасць узбраення на месцы — ва Украіне. 

Так робіць не толькі Літва. У праекце ZBROYARI: Manufacturing Freedom (глабальная кампанія па зборы сродкаў), у рамках якога ў дадзеным выпадку Вільня спансуе абарончую прамысловасць Украіны, удзельнічаюць і іншыя краіны. У 2024 годзе сярод іх былі Данія, Канада, Вялікая Брытанія, Нідэрланды і Літва. Апошняя, напрыклад, выдаткавала €10 млн на фінансаванне вытворчасці ўкраінскіх ракет-дронаў «Паляниця». Таксама Вільня і Кіеў дамовіліся стварыць сумесную вытворчасць зброі ў Літве.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі