Пра тое, што ў Латвіі жыць горш, чым у Беларусі, латыш Раман Самуль распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» 3 студзеня 2025 года.
«У Еўразвязе, там гэта паўсюдна, па ўсіх краінах, там у вельмі вялікім узросце нараджаюць дзяцей. Таму што людзі дзесьці толькі да 40, да 50 гадоў пачынаюць мець сваю кватэру. Добра, калі. Ну ці разумеюць, што потым гэта ўжо не атрымаецца і ўвогуле вырашаюць нараджаць дзяцей», — распавёў латыш-уцякач, якому ў 2023 годзе пракуратура Латвіі выставіла абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Расеі.
На афіцыйным сайце Еўрастата напісана, што ў Еўразвязе сярэдні ўзрост, у якім жанчыны нараджаюць першае дзіця, — каля 29 з паловай гадоў. У Латвіі паказнік ніжэйшы — прыкладна 27 з паловай. І гэта амаль не адрозніваецца ад узросту маці пры нараджэнні першынца ў Беларусі — 27 гадоў.
Распавёў Раман Самуль і пра памеры дзіцячай дапамогі ў Латвіі:
«Плюс дзяржава не падтрымлівае наогул як-кольвек дзяцей. Там дзіцячая дапамога штомесячная 13 еўра 78 капеек. Гэта плюс-мінус 48 рублёў беларускіх. Мы падалі на дзіцячыя грошы тут. І мы зараз дапамогу атрымалі першую, літаральна нядаўна 700 рублёў. Мы будзем штомесяц атрымліваць — гэта на першае дзіця».
Пра памеры дапамогі ў краінах Еўразвязу мы ўжо пісалі. Выплаты па доглядзе дзіцяці да трох гадоў у Беларусі адныя з самых нізкіх у Еўропе, але плацяцца даўжэй. У іншых еўрапейскіх краінах дапамога больш, але плаціцца меншы перыяд часу. Важнае адрозненне: падчас дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі маці плацяць толькі дзяржаўную дапамогу — каля 780 рублёў (прыкладна €220), у той час як у іншых краінах акрамя дапамогі захоўваецца адсотак заработнай платы.
Акрамя таго, у Беларусі для дзяцей старэйшых за 3 гады выплаты не прадугледжаныя. У еўрапейскіх краінах часта дапамогу на дзіця атрымліваюць да дасягнення ім 16 або 18 гадоў. Напрыклад, у Латвіі пабудавана сістэма з некалькіх выплат для дзяцей:
па доглядзе дзіцяці да года з паловай — блізу €170, затым паўгода плацяць ужо крыху больш за €40. Пры гэтым аднаму з бацькоў падчас дэкрэтнага адпачынку належыць ад 40% да 60% заробку. Гэта значыць, калі заробак быў блізу тысячы еўраў, то бацька або маці будзе атрымліваць у дэкрэце больш за €400. Таксама ёсць дзяржаўная сямейная дапамога, якую выплачваюць да дасягнення дзіцём 18 гадоў. Яна складае €25 на месяц.