У студзені 2025 года Дональд Трамп адмовіўся выключыць уварванне ЗША ў Грэнландыю. Каментуючы гэтую навіну, вядоўца праекта «Вострая палітыка» на ютуб-канале агенцтва «Менская праўда» Цімафей Сыракваш 17 студзеня распавёў, што Данія не зможа сябе абараніць у выпадку вайны:
«Данія не зможа нічога супрацьпаставіць магчымаму далучэнню Грэнландыі да ЗША вайсковым шляхам пры абраным амерыканскім прэзідэнце Дональдзе Трампе, бо большую частку сваіх узбраенняў і вайсковай тэхнікі яна адправіла на патрэбы Узброеных сіл Украіны. Да такой высновы прыйшла газета Politico. Ну, зрэшты, Украіна такую шчодрасць не асабліва ацаніла і ўжо заявіла, што двухбаковыя пагадненні, падпісаныя ў 24 годзе, не такое ўжо і двухбаковае. Украіна, напрыклад, нікому нічога не павінна. І наогул, дайце грошы».
У артыкуле амерыканскага выдання Politico, на які спаслаўся вядоўца, тэма і асобныя фразы супадаюць з тым, што сказаў Сыракваш, але няма высноваў, якія ён агучыў. У тэксце гаворыцца, што перададзеная Кіеву наземная баявая тэхніка, нягледзячы на значныя аб'ёмы, усё роўна была б мала карысная для абароны Грэнландыі ад гіпатэтычнага ўварвання ЗША і не паўплывала б на сітуацыю.
Абаронны бюджэт ЗША самы вялікі ў свеце — у сто разоў большы, чым у Даніі. Розніца ў памеры узброеных сіл таксама велізарная: 1,3 млн чалавек асабовага складу ЗША супраць 17 тыс. у Даніі. Да таго ж частка амерыканскіх вайскоўцаў ужо некалькі дзесяцігоддзяў знаходзіцца ў Грэнландыі. Тэарэтычную вайну паміж Грэнландыяй і ЗША ў артыкуле называюць самай кароткай у свеце праз адсутнасць у вострава абарончага патэнцыялу.
Што тычыцца дамоўленасцяў паміж Даніяй і Украінай: Данія абавязалася доўгатэрмінова падтрымліваць зброяй Украіну ў барацьбе з Расеяй, а Кіеў, у сваю чаргу, гарантаваў, што будзе выкарыстоўваць вайсковую дапамогу Даніі для самаабароны. Акрамя таго, украінцы абавязаліся змагацца з карупцыяй, зрабіць кіраванне краінай больш празрыстым і ў цэлым адпавядаць міжнародным стандартам. Згадкі пра абавязацельства Украіны абараняць тэрыторыю Даніі там няма.