Антыфэйк / фактчэк

08 ліпеня

У Варшаве ад анкалогіі памерла беларуска. Азаронак звязаў трагедыю яе сям'і з палітыкай

Рак у дзяўчынкі выявілі ў 2019-м.

У Варшаве ад анкалогіі 27 чэрвеня 2024 года памерла 18-гадовая беларуска Ліза Брылеўская. Рыгор Азаронак звязаў гэтую трагедыю з ад'ездам сям'і дзяўчыны з Беларусі нібыта па палітычных прычынах. Каманда Weekly Top Fake тройчы выкрыла хлусню вядоўцы. 

У Беларусі 3 ліпеня 2024 года адсвяткавалі Дзень незалежнасці і 80-годдзе вызвалення Менску ад фашысцкай акупацыі. У гонар свята Рыгор Азаронак правёў васьмігадзінны стрым, падчас якога абвінаваціў апазіцыю ў смерці беларускі ад анкалогіі.

«У Варшаве памерла 18-гадовая беларуска. Так, мы ў святочны дзень пра гэта скажам, таму што кожны выбірае свой шлях. Яе не стала 27 чэрвеня. У траўні ёй сабралі 139 тысяч еўра на лячэнне анкалогіі, каб яна легла ў Charitе. Грошай не хапіла. Дзе грошы? Я нагадаю, што ў Беларусі лячэнне анкалогіі бясплатнае. І Ліза магла б жыць. Вось гэтая дзяўчынка. Аааа, Ліза гэта тая, якую згвалтавалі. Але і гэтая дзяўчынка, 18-гадовая беларуска, магла б жыць, калі б не вашы Светкі (Святлана Ціханоўская — рэд.), Франакі (Франак Вячорка — рэд.) і іншае дзярмо, якое пудрыла гэтым дзецям галаву. Ці бацькі забралі яе ў 20-м годзе, калі яна маленькая была, ёй 14 гадоў было? Значыць, бацькам запудрылі галаву. Гэты чалавек мог бы жыць, яе б вылечылі ў Беларусі. Бясплатна», — сказаў Азаронак.

Ліза і яе бацькі ў 2020 годзе не з'язджалі з краіны і ўвесь гэты час жылі ў Горадні. Рак у дзяўчынкі выявілі ў 2019-м. Яе лячылі ў Беларусі — у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах. Там яна прайшла хіміятэрапію, прамянёвую тэрапію, а ў 2022 годзе ёй зрабілі аперацыю. Гэта пацвярджаюць дакументы, якія паказалі бацькі ў інстаграме. 

Мама дзяўчынкі ў інтэрв'ю перад зборам сродкаў на яе лячэнне ў траўні 2024 года распавяла, як сям'я апынулася ў Варшаве: 

«Ліза заканчвае 11 клас, лінейка, выпускны, планы на паступленне, едзем на чарговы кантроль у Бараўляны. І там зноў рэцыдыў. <...>

Мы пачалі пісаць і напісалі ў некалькі клінік. І вось — Centrum Zdrowia Dziecka (Цэнтр здароўя дзіцяці — пераклад з польскай мовы, рэд.) у Варшаве. У клініцы быў пратакол лячэння, які ўключаў шэсць блокаў хіміятэрапіі. І пасля другога блока лекары прынялі рашэнне, што арганізм Лізы настолькі ўжо аслаблены, не можа вытрымліваць усю тую хімію, проста гэта ўжо небяспечна для жыцця». 

Адзіная надзея была на аперацыю. За яе пагадзілася ўзяцца толькі клініка Charitе ў Нямеччыне. Лячэнне там беларуская дзяржава не аплочвае. Грошай, якія людзі сабралі, на аперацыю хапала, але дзяўчына да яе не дажыла. А ў Варшаве, як і ў Беларусі, Лізу лячылі бясплатна.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Выратаваў Палац Незалежнасці ад штурму і разагнаў пратэстоўцаў? Лукашэнка распавёў старую гісторыю па-новаму
Антыфэйк / фактчэк

Выратаваў Палац Незалежнасці ад штурму і разагнаў пратэстоўцаў? Лукашэнка распавёў старую гісторыю па-новаму

Гэтая гісторыя адрозніваецца ад той, якую 23 жніўня 2020 года апублікавала прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант у тэлеграм-канале «Пул Першага».

28 жніўня 2024 Чытаць