Антыфэйк / фактчэк Сёння

На БТ асабняк расейскага даішніка з залатым унітазам выдалі за нерухомасць сябра Зяленскага бізнесоўца Міндзіча

Раскошныя інтэр'еры належаць фігуранту карупцыйнай справы ў Расеі.

Аўтары тэлеграм-каналу News.by (належыць Белтэлерадыёкампаніі) распавялі пра раскошнае жыццё бізнесоўца Цімура Міндзіча, сябра Уладзіміра Зяленскага, і паказалі фатаграфіі інтэр'ера нібыта ў яго доме. Каманда Weekly Top Fake высветліла, дзе насамрэч былі зроблены здымкі.

Кантэкст: Цімуру Міндзічу — прадзюсару і суўласніку студыі «Квартал 95», сябру прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага — выставілі абвінавачанне ў стварэнні карупцыйнай схемы ў АТ «НАЭК “Энергоатом”», дзяржаўным аператары ўкраінскіх атамных электрастанцый. Паводле дадзеных Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ), удзельнікі схемы патрабавалі ад контрагентаў «Энергоатома» адкаты ў памеры 10—15% ад сумы кантрактаў. На фоне скандалу апазіцыя ва ўкраінскім парламенце запатрабавала адстаўкі ўрада, а Міндзіч пакінуў краіну. 

Пост з фатаграфіямі, зробленымі, як сцвярджаюць аўтары тэлеграм-каналу News.by, у раскошным жытле ўкраінскага бізнесоўца Цімура Міндзіча, якога называюць сябрам Уладзіміра Зяленскага, апублікавалі 10 лістапада 2025 года. 

«Супрацоўнікі НАБУ правялі ператрусы ў суўласніка студыі "Квартал 95" Цімура Міндзіча, якога клічуць "гаманцом Зяленскага". Бізнесоўца на месцы не апынулася — ён з'ехаў з краіны ўсяго за некалькі гадзін да прыбыцця дэтэктываў. <...> Яшчэ ўлетку ў інтэрнэце ўсплылі здымкі яго раскошнага жытла, дзе быў сфатаграфаваны залаты ўнітаз», — сказана ў подпісы да фатаграфій.

Журналісты WTF праверылі гэтыя здымкі і высветлілі, што яны не маюць дачынення ні да дому Міндзіча, ні нават да Украіны. Залаты ўнітаз, ложак і асабняк належаць затрыманаму ў 2021 годзе за хабар расейскаму службоўцу, экс-начальніку ДІБДР Стаўраполля Аляксею Сафонаву.

Пра залаты ўнітаз у кватэры, што належыць нібыта Цімуру Міндзічу, пад канец ліпеня 2025 года распавядаў украінскі дэпутат Яраслаў Жалязняк, аднак гаворка ішла пра іншую сантэхніку.

Гэту заяву журналісты таксама праверылі і высветлілі, што нерухомасцю па паказаным Жалезняком адрасе валодаюць іншыя людзі, не звязаныя з Міндзічам. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць