Антыфэйк / фактчэк Сёння

Бязмытны гандаль у ШАС? На Беларускім радыё знайшлі выгаду, якой пакуль няма

Экспертка заявіла, што Беларусь гандлюе з краінамі ШАС без мытаў. Але сама арганізацыя толькі абмяркоўвае спрашчэнне гандлю.

15 чэрвеня 2026 года Шанхайская арганізацыя супрацы адзначыла 25-годдзе. У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё гэта звязалі з выгодамі для Беларусі і заявілі, што ўдзел у ШАС дае краіне бязмытны гандаль. Але такіх рашэнняў арганізацыя не прымала: спрашчэнне гандлёвых працэдураў паміж удзельнікамі пакуль застаецца на ўзроўні абмеркаванняў, ініцыятываў і працоўных групаў.

Кантэкст: Шанхайская арганізацыя супрацы, або ШАС, была створаная Кітаем, Расеяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Кыргызстанам і Узбекістанам для развязання памежных пытанняў. За 25 гадоў арганізацыя пашырылася да 10 дзяржаў-удзельніц. Беларусь прынялі ў ШАС у 2024 годзе.

У палітычным ток-шоу «Экспертны клуб» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 15 чэрвеня 2026 года вядоўца Максім Угляніца спытаў, як удзел Беларусі ў ШАС адбіваецца на жыцці звычайнага жыхара краіны. Загадчыца кафедры БДТУ, доктарка эканамічных навук, прафесарка Ірына Новікава заявіла, што дзякуючы адсутнасці мытаў Беларусь можа выгадна гандляваць з краінамі арганізацыі.

— Тут вельмі лёгка прасачыць. Па-першае, калі адкрыеце статыстыку, нават рабочы можа адкрыць і паглядзець, колькі тавару ідзе ў краіны ШАС. І цяпер уявіце, калі мы проста гэтыя лічбы з нашага валавога прадукту вымем, не, — сказала Новікава.

— Слухайце, але нехта скажа, што і без ШАС гандлявалі і будзем гандляваць. Чаму не будзе? — удакладніў Угляніца.

— Расказваю чаму. Адна справа зона свабоднага гандлю, калі вы гандлюеце без мытаў, гэта тавар… Вось мы толькі што пра нафту гаварылі, нафта расце — цана падымаецца. Тое ж самае, калі вы экспартуеце тавар… — адказала Новікава.

Але паміж краінамі ШАС мыты ніхто не адмяняў. Рашэнняў аб стварэнні зоны свабоднага гандлю ў арганізацыі няма. Спрашчэнне працэдураў гандлю паміж удзельнікамі пакуль толькі абмяркоўваецца.

У 2025 годзе на саміце ШАС у Кітаі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што вітае актывізацыю дыялогу ў кірунку спрашчэння працэдураў гандлю. Перад гэтым самітам першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч у інтэрв’ю БелТА гаварыў, што Беларусь разлічвае на прасоўванне ініцыятываў па спрашчэнні мытных працэдураў паміж краінамі ШАС. Фармулёўкі пра «актывізацыю дыялогу» і «прасоўванне ініцыятываў» паказваюць, што гаворка ідзе не пра дзейную зону свабоднага гандлю, а пра намеры і абмеркаванні.

Гэта пацвярджае і план мерапрыемстваў ШАС да 2030 года. У ім прапісаныя рэгулярныя пасяджэнні Адмысловай працоўнай групы па спрашчэнні працэдураў гандлю, выпрацоўка рэкамендацыяў і абмен інфармацыяй пра мыты. То бок мыты паміж краінамі арганізацыі захоўваюцца.

Экспарт Беларусі ў краіны ШАС таксама не даказвае, што менавіта сяброўства ў арганізацыі дало краіне гандлёвыя перавагі. У дзевяць краін ШАС Беларусь прадае тавараў на $31 млрд. Амаль увесь гэты аб’ём — 30 млрд — прыпадае на Расею, Кітай і Казахстан. З Расеяй і Кітаем Беларусь гандлявала задоўга да ўступлення ў ШАС. Казахстан уваходзіць у ЕАЭС, дзе сапраўды дзейнічае зона бязмытнага гандлю. Таму ўплыў менавіта сяброўства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацы на рост экспарту не пацвярджаецца.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Не сказаў дзядзьку не»: «СБ. Беларусь сёння» сказіла змены ў артыкулах пра сексуальны гвалт у Літве
Антыфэйк / фактчэк «Не сказаў дзядзьку не»: «СБ. Беларусь сёння» сказіла змены ў артыкулах пра сексуальны гвалт у Літве
Аўтарка газеты ўбачыла змякчэнне пакарання там, дзе заканадаўцы ўводзяць прынцып добраахвотнай згоды і захоўваюць забарону на сексуальныя кантакты з дзецьмі.
23 чэрвеня 2026 Чытаць
150 нацыянальнасцяў і стабільная польская супольнасць: як на News.by перабольшылі талерантнасць Беларусі
Антыфэйк / фактчэк 150 нацыянальнасцяў і стабільная польская супольнасць: як на News.by перабольшылі талерантнасць Беларусі
У эфіры пераблыталі колькасць нацыянальнасцяў, прадстаўнікі якіх жывуць у краіне, з удзельнікамі фестывалю і не заўважылі скарачэння польскай супольнасці.
21 чэрвеня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць