Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Прадаюць абсталяванне з Ігналіны». Эксперт белрадыё выдаў экспарт літоўскай тэхнікі за распродаж ядравых рэактараў

Пазіцыя «ядравыя рэактары» ў статыстыцы ёсць, а продажаў па ёй — няма.

Латвійскі блогер і палітычны аналітык Саламон Бэрнштэйн заявіў на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, што Літва нібыта дагэтуль зарабляе на распродажы абсталявання з закрытай Ігналінскай АЭС. У доказ ён прывёў таварную групу «машыны, ядравыя рэактары, катлы», якая складае каля 5% літоўскага экспарту. Але гэта агульная катэгорыя рознага абсталявання, а не статыстыка продажаў атамнай станцыі.

Кантэкст: У Літве загаварылі пра магчымае вяртанне атамнай энергетыкі. Генеральны дырэктар Ігналінскай АЭС Лінас Баўжыс у інтэрвʼю літоўскаму выданню LRT, апублікаваным 13 ліпеня 2026 года, сказаў, што ўжо ў 2040—2045 гадах у краіне могуць пабудаваць атамныя рэактары новага пакалення — малыя модульныя рэактары. Паводле яго слоў, адных сонечных і ветраных электрастанцыяў з часам будзе недастаткова, таму Літве спатрэбіцца стабільная крыніца электраэнергіі. Пры гэтым Баўжыс падкрэсліў, што гэта пакуль толькі ягоная экспертная ацэнка, а не рашэнне ўладаў. Цяпер краіна працягвае вывад з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС і чакае ад Еўрапарламенту выдзялення яшчэ соцень мільёнаў еўра на наступны этап.

14 ліпеня 2026 года на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё латвійскі блогер і палітычны аналітык Саламон Бэрнштэйн заявіў, што Літва дагэтуль атрымлівае грошы ад закрытай Ігналінскай АЭС, таму што нібыта прадае абсталяванне станцыі.

«У Літвы дагэтуль 5% вонкавых продажаў — гэта гандаль катламі і абсталяваннем для атамнай энергетыкі. <…> Яны рэальна прадаюць абсталяванне з Ігналіны. А калі б знайшлі, куды штурхнуць атамнае паліва, яны і яго б штурхнулі», — сказаў Бэрнштэйн.

У гандлёвай статыстыцы Літвы сапраўды ёсць таварная група пад назвай «машыны, ядравыя рэактары, катлы». Яна займае каля 5% літоўскага экспарту. Але з гэтага не вынікае, што Літва прадае абсталяванне з закрытай АЭС. У гэтую групу ўваходзяць самыя розныя тавары: ядравыя рэактары, звычайныя паравыя катлы, хатнія батарэі ацяплення, рухавікі, турбіны, пральныя машыны і нават ткацкія станкі. Па сутнасці, гэта шырокая катэгорыя абсталявання і тэхнікі.

Калі паглядзець, што менавіта Літва рэальна экспартуе ў гэтай групе, на першым месцы аказваюцца кампʼютары і серверы — на $322 млн. Далей ідуць кандыцыянеры, халадзільнікі, авіяцыйныя турбіны і фільтры для ачысткі вадкасцяў і газаў. Ніжэй у спісе — прынтары, сельгастэхніка, падʼёмныя краны, помпы і кампрэсары.

Для ядравых рэактараў ёсць асобны таварны код — 8401. Па ім у літоўскай статыстыцы нуль долараў продажаў. То бок такіх паставак няма.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць