Кантэкст: Літва 20 лістапада, на 10 дзён раней за заяўленую дату, адкрыла мяжу з Беларуссю, зачыненую праз запуск метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з тэрыторыі нашай краіны. Такое рашэнне прынялі ў першую чаргу для вяртання літоўскіх дальнабойнікаў. Запрацавалі два памежныя пераходы.
Страты грузаперавознікаў праз сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы і высілкі Беларусі па іх мінімізацыі вядоўца Паліна Канога і палітолаг Вадзім Баравік абмеркавалі на ютуб-канале СБТБ 15 лістапада 2025 года.
— З гэтымі фурамі — пачынаюць шантажаваць, што потым суды і кампенсацыі. Некаторыя эксперты кажуць, што там ужо мільярд еўра страт, — сказала Канога.
— Мы ж наадварот, мы забяспечваем захаванасць, ахоўваем [літоўскія вялікагрузы, што захраслі ў Беларусі праз закрыццё мяжы]. Па мінімальных тарыфах. У Еўропе ахоўваць каштуе ў 5 разоў даражэй. Мы, вось, свой беларускі такі ўсярэднены тарыф [увялі], забяспечваем [такім чынам] захаванасць грузаў, — адказаў палітолаг.
Расцэнкі на ахову літоўскіх фур у Беларусі пяццю днямі раней агучыў Аляксандр Лукашэнка: «Аўтамабілі сабраны, стаяць пад аховай. Тыя, хто іх ахоўвае, папрасілі, па-мойму, €120 за содні, так? Заплацілі за ахову. Колькі содняў будуць стаяць — памножыць на €120 — плаціце, забірайце аўтамабілі з грузам».
Мы спыталіся ў некалькіх дальнабойнікаў, ці сапраўды ў краінах ЕЗ ахова машын з грузамі абыходзіцца ў 5 разоў даражэй. Таксама каманда WTF вывучыла цэны на гэтыя паслугі ў адкрытых крыніцах. Напрыклад, у Польшчы стаянка для фуры абыходзіцца ў €14—18 за содні, у Нямеччыне — €20—40, у Францыі — €30—40. Пры гэтым, чым даражэй стаянка, тым больш там выгод.
Атрымліваецца, беларускі тарыф не мінімальны — ён перавышае еўрапейскія ў некалькі разоў.
Баравік назваў айчынны тарыф усярэдненым, то бок тыповым для Беларусі. І гэта таксама не так. Мы вывучылі кошт размяшчэння цягача з прычэпам на ахоўнай стаянцы: гэта 15—20 рублёў у содні ці прыкладна €4—5. Нават калі ўявіць, што кожную фуру ахоўваў бы асобны ахоўнік, па расцэнках Дэпартаменту аховы МУС, гэта абышлося б прыкладна ў 11 рублёў за гадзіну ці трохі больш за €3. У пераліку выходзіць каля €80 за содні.