Кыргызскія журналісты падкрэсліваюць, што праблема абмежавання свабоды слова актуальная для ўсіх рэдакцый навін і медыйных арганізацый у краіне.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр далучаецца да кампаніі #FreeKyrgyz11 за свабоду прэсы ў Кыргызстане і заклікае мясцовыя ўлады вызваліць 11 зняволеных супрацоўнікаў Temirov Live. На гэтым тыдні над імі павінны прайсці суды. 

Журналістаў Temirov Live затрымалі 16 студзеня пасля ператрусаў па артыкуле аб закліках да масавых беспарадкаў. У прэс-службе МУС растлумачылі, што «падчас маніторынгу інтэрнэт-прасторы, на старонках [сайтаў выданняў] "Айт Айт Дэсе" і "Тэміраў Live" выяўленая інфармацыя», якая «змяшчае прыкметы заклікаў да акцый пратэсту і масавых беспарадкаў». Прадстаўнікі медыя знаходзяцца пад вартай ужо амаль два месяцы. 

Вызваліць журналістаў заклікаюць мясцовыя і замежныя СМІ, у тым ліку партнёры БРЦ OCCRP, а таксама праваабарончыя арганізацыі. Прадстаўніца Amnesty International Мэйсі Вейчэрдынг (Maisy Weicherding) запатрабавала ад уладаў Кыргызстану «спыніць рэпрэсіі супраць іншадумства і неадкладна і безумоўна вызваліць гэтых журналістаў і ўсіх іншых, каго кінулі за краты выключна за свабоднае выказванне сваіх поглядаў і ідэй». 

Кыргызскія журналісты падкрэсліваюць, што праблема абмежавання свабоды слова актуальная для ўсіх рэдакцый навін і медыйных арганізацый у краіне. Ім даводзіцца працаваць ва ўмовах надзвычайнага ціску. Да прыкладу, выданню Kloop загадалі зачыніцца, у офісах 24.kg прайшлі ператрусы, сілавікі канфіскавалі абсталяванне. 

Усяго ў свеце, паводле звестак справаздачы «Рэпарцёраў без межаў», на канец 2023 года за кратамі знаходзіўся 521 журналіст. Беларусь заняла трэці радок у рэйтынгу па колькасці арыштаваных супрацоўнікаў медыя — у снежні мінулага года іх налічвалася 39 чалавек.

Іншыя Навіны