Грузы з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь пастаўляе кампанія, яшчэ летась афіляваная з былым украінскім палітыкам і алігархам Віктарам Медвядчуком, вядомым як кум Пуціна. Гэта высветлілі нашыя ўкраінскія калегі. БРЦ, па слядах іх расследавання, даведаўся, якія буйныя айчынныя прадпрыемствы з ёй супрацоўнічаюць.

«Флоранс» — для Беларусі

У 2024 годзе з акупаваных тэрыторыяў Украіны беларускія прадпрыемствы прынялі 674 вагоны ўсемагчымых грузаў. З чаго больш за 40% — у апошнім квартале. Журналісты БРЦ даведаліся пра гэта з дакументаў, да якіх атрымалі доступ нашыя партнёры з «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі». Перавознікам выступіла расейскае ТАА «Флоранс». 

Кампанія вазіла пераважна металічную і мінеральную сыравіну, але напрыканцы 2024-га з’явілася новая пазіцыя — антрацыт. Менавіта ў чацвёртым квартале дзевяць вагонаў гэтага сорту каменнага вугалю даставілі для ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат».

Сёлета перавозкі з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь працягваюцца, хоць і ў істотна меншым памеры. Паводле інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», у першым квартале 2025-га беларускія прадпрыемствы за пасярэдніцтвам «Флоранс» атрымалі 30 вагонаў грузаў. 14 вагонаў з рознымі стальнымі вырабамі прыняла ТДА «Металургічная кампанія Прамбудметал». Сем вагонаў ліставой сталі атрымала ЗАТ «АЗТМ» (Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання), столькі ж вагонаў ліцейнага коксу ў гэты перыяд прыйшло на адрас ААТ «Гомельбудматэрыялы». 

Маршруты паставак

Паводле інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», лагістычны ланцуг выглядае наступным чынам: грузы вывозяць з акупаваных рэгіёнаў Данбасу, Запарожжа і Херсоншчыны чыгункай у Расею, а адтуль — у Беларусь. «Флоранс» выступае арганізатарам перавозкі на расейскім участку маршруту і далей да беларускай мяжы, пасля чаго эстафету прымаюць беларускія перавознікі-экспедытары.

БРЦ удалося высветліць дадатковыя дэталі гэтае схемы. Сёлета ў лютым каля 70 тон металічнай прадукцыі выехала з Енакіева ў акупаванай частцы Данецкай вобласці на станцыю Сцяпянка пад Менскам. Атрымальнікам выступіла «Металургічная кампанія Прамбудметал», а экспедытарам на тэрыторыі Беларусі — ТАА «Авантрэйл».

Таксама мы даведаліся, адкуль ішлі некаторыя грузы: летась тавары адпраўляў ТАА «Донецкий завод кислотоупорных материалов». Ён даставіў дзве партыі па 69 тон дыябазавых парашкоў для прыватнага прадпрыемства «Спецхімкамплект», зарэгістраванага ў Менскай вобласці.

Сярод асноўных беларускіх заводаў-спажыўцоў тавару, які заходзіць праз «Флоранс», — аўтамабілебудаўнічы гігант «БелАЗ» (поўная назва — Адкрытае акцыянернае таварыства «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ»), Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання і менскі вытворца будаўнічых матэрыялаў ААТ «Керамін». 

«Флоранс» з і без Медвядчука

Напрыканцы 2023 года праект «Система» ўпершыню паведаміў пра сувязь паміж «Флоранс» і Віктарам Медвядчуком. Журналісты выявілі, што на акупаваным Данбасе малавядомая кампанія выцесніла папярэдняга перавозніка, звязанага з алігархам Сяргеем Курчанкам, і стала асноўным лагістычным аператарам. 

У тым жа годзе расейскі ўрад паведаміў пра магчымасць выкарыстання «Флоранс» у якасці перавозніка для чыгуначных грузаў на акупаваныя тэрыторыі Украіны. Кампанія ў рашэнні не згадваецца, але кантакты прапанаванага перавозніка тыя ж, што і на сайце «Флоранс».

Нашыя калегі з Slidstvo.Info і KibOrg высветлілі, што кампанія вывозіла ўкраінскае збожжа ў 2023 годзе і цягам 2024-га абслугоўвала крымскі тытанавы бізнес, які пасля анексіі перайшоў ад алігарха Дзмітрыя Фірташа да братоў Аркадзя і Барыса Ратэнбергаў, бліжэйшых сяброў Уладзіміра Пуціна.

З прэзідэнтам Расеі звязаны і Медвядчук. Пуцін — хросны бацька яго дачкі Дар’і. Хросная маці — Святлана Мядзведзева, жонка намесніка старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева. Ва Украіне Медвядчука вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе і парушэнні звычаяў вайны. Яго затрымалі ў красавіку 2022 года, а ў верасні перадалі Расеі ў рамках маштабнага абмену палоннымі. У траўні 2021 года журналісты ўстанавілі, што кампанія Віктара Медвядчука супрацоўнічае з фірмамі аднаго з «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі — Мікалая Варабʼя.

У пачатку 2025 года «Флоранс» перажыла структурныя змены. Паводле расейскага рэестра, з ліку саўладальнікаў фірмы ў студзені выйшла кампанія АТ «Терминал». [*] Менавіта праз яе раней — са жніўня 2023 года па студзень сёлета — прасочвалася сувязь «Флоранс» з Медвядчуком. Новым уласнікам стала АТ «Алиот», якім валодае Цімур Сатдараў. [*] Да таго, як стаць уласнікам буйной міжнароднай транспартнай кампаніі, мужчына меў у Расеі дробны бізнес па продажы крафтавых кансерваў. Давесці ягоную сувязь з Медвядчуком на момант публікацыі не ўдалося. 

У чым парушэнне закону?

Краіна-акупант не мае права вывозіць прадукцыю або рэсурсы з акупаванай тэрыторыі. Такія дзеянні могуць разглядацца як марадзёрства. Падобнае палажэнне ўтрымлівае 55 артыкул Гаагскай канвенцыі:

«Акупуючая дзяржава павінна разглядацца толькі як адміністратар і карыстальнік дзяржаўных будынкаў, нерухомасці, лясоў і сельскагаспадарчых угоддзяў, што належаць варожай дзяржаве і размешчаны на акупаванай тэрыторыі. Яна павінна захоўваць сутнасць маёмасці і кіраваць ёю ў адпаведнасці з правіламі карыстання».

БРЦ неаднаразова расследаваў, як расейскія кампаніі вывозяць у Беларусь прадукцыю з акупаваных украінскіх тэрыторый. У прыватнасці — насенне рапсу і сланечніку.

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць