Гігант хімічнае прамысловасці завод «Гродна Азот» страціў магчымасць зарабляць на пастаўках у ЕЗ. Паводле ўнутранага дакументу дзяржаўнага прадпрыемства, прамы экспарт у Еўразвяз быў адзіным рэнтабельным кірункам. Альтэрнатыўныя маршруты паставак у Расею і краіны далёкай дугі прыносілі страты. 

Пасля публікацыі серыі матэрыялаў БРЦ пра схемы абыходу еўрапейскіх санкцыяў Літва, Латвія і Польшча заблакавалі пастаўкі забароненых беларускіх азотных угнаенняў. Нашыя матэрыялы атрымалі шырокае асвятленне ў медыях гэтых краін (Gazeta Prawna, Мoney.pl, Lsm.lv, Puaro.lv), а партнёры Беларускага расследавальніцкага цэнтру па адвакатаванні з GACC (сумесная ініцыятыва OCCRP і Transparency International, якая злучае расследавальніцкую журналістыку з грамадзянскім актывізмам, каб паскорыць барацьбу з карупцыяй) дамагліся каардынаванага спынення паставак і падрыхтавалі юрыдычнае абгрунтаванне гэтых блакіровак.

Літва, паводле дадзеных Eurostat, спыніла рэгулярныя пастаўкі з траўня 2023 года — праз два месяцы пасля публікацыі нашага расследавання «Як беларускія ўгнаенні ідуць у Еўропу праз фірмы-пракладкі». 

Пасля публікацыі ў ліпені 2025 года артыкула БРЦ «Як і колькі сябры Лукашэнкі зарабляюць на абыходзе санкцыяў коштам “Гродна Азоту”» санкцыі супраць яго фігурантаў увяла Польшча. У чорны спіс 7 жніўня патрапіла ТАА «ГрандГраніт», а 9 кастрычніка — польская кампанія TST PL і яе бенефіцыяр Армэн Аруцюнян. 

У жніўні сёлета імпарт спыніла Латвія — пасля публікацыі расследавання «Гаманцы Лукашэнкі, фірмы-матрошкі і падвойныя пракладкі» 22 чэрвеня 2025-га. Праз чатыры месяцы Служба дзяржаўных даходаў краіны (VID) пацвердзіла, што прынамсі ў жніўні і верасні не было паставак двух відаў прадукцыі: «мачавіны, у тым ліку ў водным растворы» (код 310210) і «сумесі мачавіны і аміячнай салетры ў водным або аміячным растворы» (код 31028000).

Еўразвяз наклаў санкцыі на «Гродна Азот» у снежні 2021 года за рэпрэсіі супраць працоўных, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года. Каб абысці забарону і працягнуць экспарт, завод распрацаваў схему з падстаўным Камунальным унітарным прадпрыемствам «Гріком», а калі БРЦ яе выкрыў, пастаўкі працягнулі іншыя фірмы, якія выдавалі сябе за самастойных вытворцаў азотных угнаенняў. Экспарт падсанкцыйнай прадукцыі «Гродна Азоту» на еўрапейскі рынак складаў да $60 млн у год.

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць