Потым, расказваючы пра эканамічныя поспехі, Лукашэнка заявіў, што «і ракеты лётаюць, і баявая тэхніка перасоўваецца і ў нас, і ў вас. [...] А заўтра падвядзем вынікі, што мы зрабілі. Мы дакладна адпрацавалі заробак, які нам плацяць».
Беларускі расследавальніцкі цэнтр узгадаў, колькі ж афіцыйна зарабляюць Лукашэнка і Пуцін.
Лукашэнка
Даведацца пра заробак Лукашэнкі можна толькі з дэкларацый аб даходах, якія публікуе ЦВК перад прэзідэнцкімі выбарамі. Таму, апошнія дадзеныя аб яго афіцыйнай зарплаце, змяшчаюцца ў дэкларацыі, пададзенай у 2020 годзе.
Так, за 2019 год, паводле апублікаваных у СМІ дадзеных, Лукашэнка зарабіў 117 068 беларускіх рублёў. То бок, ягоны сярэдні даход у месяц – 9755 беларускіх рублёў.
Пры гэтым ніякай нерухомай маёмасці, аўтамабіляў, акцый або доляў у статутных фондах юрыдычных асоб у Лукашэнкі ў дэкларацыі пазначана не было.
Сам Лукашэнка, падчас публічных выступаў, падкрэслівае сваю сціпласць.
«Я хачу, каб вы разумелі: чвэрць стагоддзя я прэзідэнтам працую, і калі б ужо недзе нейкія мільярды, як яны кажуць, ці палацы былі, мяне б ужо спаласавалі налева-направа. Таму калі нехта знойдзе палац Лукашэнкі, адразу ж засяляйцеся. Я вам публічна пра гэта кажу, я ў сваёй дзяржавы нічога не скраў, не ўзяў», – казаў Лукашэнка ў 2021 годзе.
Пуцін
Апошняя дэкларацыя Уладзіміра Пуціна была апублікавана ў 2022 годзе і змяшчала інфармацыю аб даходах за 2021 год. У мінулым годзе расейскі прэзідэнт падпісаў указ, які адмяняе публікацыю ў інтэрнэце і СМІ дэкларацый чыноўнікаў аб даходах, расходах і іншых звестак аб іх маёмасці на час вайны або, як гаворыцца ў дакуменце, «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Таму больш актуальных дадзеных пра ягоны афіцыйны заробак няма.
Так, паводле дадзеных на сайце Крамля, за 2021 год Пуцін зарабіў 10 202 616 расейскіх рублёў (каля 280 тысяч беларускіх рублёў). А значыць у месяц расейскі прэзідэнт зарабляў 850 218 расейскіх рублёў (больш за 24 500 беларускіх рублёў).
Акрамя таго, Пуцін летась праіндэксаваў свой заробак і заробак іншых дзяржслужачых сваім указам на 4%. Такім чынам, можна меркаваць, што цяпер Пуцін павінен «адпрацоўваць заробак» прыкладна ў 884 тысячы расейскіх рублёў (каля 27,5 тыс. беларускіх рублёў) у месяц.
Таксама афіцыйна, у Пуціна ва ўласнасці толькі адна кватэра плошчай 77 кв. м, гараж – 18 кв. м, два аўтамабілі ГАЗ М21, «Ніва» і прычэп «Скіф».