Разам з Валерам Сахашчыкам, чальцом Абʼяднанага кабінету Святланы Ціханоўскай па пытаннях абароны і былым камандзірам 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў Берасце, мы вырашылі разабрацца: якія сістэмныя змены адбыліся ў беларускай арміі з моманту той сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі і пра што гэтыя змены сведчаць.
Расея перадае Беларусі новую зброю
Праз некалькі дзён пасля сустрэчы з Лукашэнкам, Пуцін перадаў Беларусі батарэю зенітна-ракетных комплексаў «Тор-М2К». Тады прадстаўнік Мінабароны Беларусі Леанід Касінскі заявіў, што ЗРК былі перададзеныя ў рамках існай міжурадавай дамовы аб ваенна-тэхнічнай супрацы паміж краінамі.
Паводле слоў Сахашчыка, у гэтым выпадку афіцыйныя ўлады Беларусі не падманулі, таму што ЗРК сапраўды былі перададзены ў рамках заключаных раней дамовах аб ваенна-тэхнічнай супрацы. Пры гэтым суразмоўца падкрэсліў, што гэта толькі чарговая партыя ўзбраення, якая пайшла ў Беларусь. Раней Менск ужо атрымліваў ад Масквы «Тор-М2К» у 2011, 2012, 2013, 2016 і 2018 гадах.
Таксама ў рамках супрацоўніцтва ў сферы ваенна-прамысловага комплексу як мінімум 6 беларускіх прадпрыемстваў, як піша MotolkoHelp, вырабляюць для Расеі супрацьтанкавыя ўмацаванні «Зубы дракона».
Раскансервацыя
13 студзеня зʼявілася інфармацыя аб тым, што ў 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе праводзяць раскансервацыю і абслугоўванне БТР-82А. 24 студзеня Мінабароны абʼявіла, што падраздзяленні 11-й асобнай механізаванай брыгады пачалі эксплуатаваць тэхніку, якая раней была на працяглым захоўванні, у рамках «правядзення мерапрыемстваў баявога згладжвання групоўкі войскаў Беларусі і Расеі».
Як адзначае Сахашчык, гэтая інфармацыя «не адпавядае рэчаіснасці». У першым выпадку, размова аб раскансервацыі ўвогуле не ідзе і насамрэч БТР-82А былі перададзены Беларусі з Расеі. У другім выпадку сітуацыя адваротная і тэхніку Маскве перадае Менск. Па словах Сахашчыка, беларуская ваенная тэхніка на працягу ўсяго 2022 года здымалася з захоўвання і пастаўлялася ў РФ.
Што гэта ўсё значыць?
Валерый Сахашчык лічыць, што сцвярджэнне заходніх аналітыкаў аб адмове Лукашэнкі ўступіць у вайну ва Украіне было залішне смелым і рэальных падстаў, каб рабіць такія высновы, не было.
«На дадзеным этапе мы бачым, што мерапрыемствы, якія праводзяцца, – гэта не заспакаенне Пуціна, а вывераны план для сумеснай падрыхтоўкі рэгіянальнай групоўкі войскаў Расеі і Беларусі», – растлумачыў эксперт.
Гэта, паводле яго слоў, неабходна для таго, каб ажыццявіць шэраг агульных мэт Пуціна і Лукашэнкі. У прыватнасці, падрыхтаваць расейскіх мабілізаваных, выкарыстоўваючы інфраструктуру Беларусі і яе вайсковых інструктараў; стварыць для ВСУ ўяўную пагрозу і адцягнуць украінскіх вайскоўцаў на Паўночным напрамку фронту; а таксама дапамагчы Маскве ўзбраеннем і падрыхтаваць войскі Расеі і Беларусі да сумеснай аперацыі.
«Мэты прымянення РГВ(С) (Рэгіянальная групоўка войскаў Саюзнай дзяржавы) могуць мяняцца. Аднак на дадзеным этапе можна сцвярджаць, што РГВ(С) да наступу не гатовая, для правядзення падрыхтоўкі наступальнай аперацыі патрабуецца час», – дадаў Сахашчык.