На памежным пункце пропуску Райгардарс (Літва) (з боку Беларусі – Прывалка), былі спыненыя дзве фуры, якія на той момант ужо прайшлі мытны кантроль Літоўскай Рэспублікі.
Кіраўніку Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіславу Івашкевічу ўдалося паразмаўляць з кіроўцам першага грузавіка, які пацвердзіў, што ўгнаенні пагрузілі ў яго машыну на прадпрыемстве «Горадня Азот». Кіроўца таксама паведаміў, што ён не ў курсе, што груз санкцыйны і проста вязе яго да месца прызначэння. Шафёр другой фуры пацвердзіў аналагічнае паходжанне свайго грузу.
Пасля абмеркавання сітуацыі з прадстаўнікамі літоўскай паліцыі, супрацоўнікамі мытні і пагранічнікамі, было прынята рашэнне развярнуць гэтыя фуры і адправіць іх на дадатковую праверку.
Уначы з 13 на 14 лютага на беларуска-літоўскай мяжы прадстаўнікам ініцыятывы «Рабочы Рух» сумесна з беларускімі актывістамі ўдалося заблакаваць увоз на тэрыторыю Еўразвязу прадукцыі прадпрыемства «Горадня Азот», якое знаходзіцца пад санкцыямі. Пры гэтым прысутнічалі журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру.