Беларускія кампаніі працягнулі пастаўкі ў Расею еўрапейскіх аўтамабіляў — пасля ўвядзення абмежаванняў, іх узмацнення і нават агалоскі парушэння санкцыйнага рэжыму. Улетку 2024 года БРЦ выкрыў схему такога незаконнага рээкспарту з удзелам фірмаў, звязаных з паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам. Гэтым разам мы знайшлі новых удзельнікаў ланцужка, прасачылі маршруты паставак і высветлілі, хто канчатковы атрымальнік забароненых аўтаў. Такія схемы падрываюць сэнс санкцыяў супраць краіны-агрэсара і могуць прывесці да новых абмежаванняў для Беларусі, эканамічныя наступствы якіх адчуюць у тым ліку звычайныя беларусы.
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывай «Рабочы Рух» і ўкраінскім выданнем «Слідство.Інфо» пры падтрымцы беларускіх «Кіберпартызанаў».
У верасні 2025-га ў Маскве адбылося ДТЗ: Mercedes-Benz сутыкнуўся з іншым транспартным сродкам. Мяркуючы па выпісцы Дзяржаўтаінспекцыі гораду, прэміум аўто пацярпела нязначна — маглі быць драпіны і пацёртасці на левым борце. На першы погляд, гэта адна з дзясяткаў аварыяў, якія штодня здараюцца на маскоўскіх дарогах. Унікальнай яе робіць тое, што гэты Mercedes-Benz фігураваў у схеме па пастаўцы падсанкцыйных аўтамабіляў у Расею праз Беларусь. [*]
Еўразвяз у сярэдзіне сакавіка 2022 года забараніў экспартаваць у РФ прадметы раскошы.
Да іх аднеслі і аўтамабілі коштам больш за €50 тыс., да прыкладу, Mercedes-Benz, Ferrari, Porsche і іншыя. У чэрвені 2023-га ЕЗ увёў новы пакет санкцыяў, у якім забаранілі пастаўляць асобныя катэгорыі аўтаў з любым коштам.
Схема другая: тыя ж і «Астрата»
Улетку 2024-га БРЦ распавёў пра схему незаконнага рээкспарту прэміяльных аўтаў з Украіны ў Расею. Да яе былі датычныя кампаніі і людзі, звязаныя з Віктарам Шэйманам, які да сярэдзіны чэрвеня 2021 года ўзначальваў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Забароненыя пастаўкі з удзелам беларускіх кампаніяў, у тым ліку праз тэрыторыю нашай краіны, працягнуліся і ў 2024-м, і ў 2025 годзе. Мы знайшлі новыя звёны гэтага ланцужка і сувязі са старымі афіляванымі структурамі.
Падсанкцыйныя аўтамабілі еўрапейскай вытворчасці ў 2023, 2024 і 2025 гадах у фірмаў, звязаных з Беларуссю, закупляла расейскае ТАА «Астрата». Кампанія набыла не менш за 19 аўтаў агульным задэклараваным коштам $1,96 млн: каля $1,13 млн — у 2023 годзе, $604 тыс. — у 2024-м і $222 тыс. — у 2025-м. Першапачаткова больш за палову аўтамабіляў, увезеных у два апошнія гады, былі зарэгістраваныя ва Украіне.
Кампанія «Астрата» з 9 ліпеня 2025 года на 80% належыць фігуранту некалькіх нашых расследаванняў Андрэю Свірыдаву. [*] [*] [*] Гэты грамадзянін Беларусі з 2019 па 2021 гады быў намеснікам тагачаснага кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі — Віктара Шэймана. Рэштай «Астраты» на момант выхаду матэрыялу валодала крымчанка з расейскім пашпартам Кацярына Карніенка. Да сярэдзіны 2025-га фірма ёй належала цалкам. Сувязь Карніенка і Свірыдава прасочваецца і праз іншую кампанію. З сакавіка 2022 года Карніенка займала пасаду дырэктара ТАА «ПИК», якім з красавіка 2019-га па кастрычнік 2022-га валодала кіпрская кампанія Rostumel Holding Limited (далей — Rostumel). [*] [*] [*] У апошняй, як пазначана ў даверанасці, станам на чэрвень 2024-га фінансавым дырэктарам значыўся Свірыдаў. [*]
І адпраўнік, і атрымальнік
Кіпрская кампанія, звязаная са Свірыдавым, — адна з адпраўшчыц санкцыйных аўтамабіляў у Расею. У канцы 2024-га Rostumel пастаўляла нямецкія машыны з Нідэрландаў праз Санкт-Пецярбург. З дэкларацыяў, якімі валодае БРЦ, вынікае, што аўтамабілі афармлялі на складах у партовай зоне Вугальная гавань.
Брытанскі адвакат і кіраўнік праекту State Capture Accountability Project Алекс Прэзанці ў каментары БРЦ выказаў здагадку, што, калі б супрацоўнікі мытні Нідэрландаў ведалі пра канчатковы пункт прызначэння аўтамабіля, яны б забаранілі яго экспартаваць:
«Асобам з ЕЗ забаронена прадаваць, пастаўляць, перадаваць або экспартаваць такія тавары асобам у Расеі або для выкарыстання ў Расеі. Я не ведаю, якім чынам і чаму гэты аўтамабіль прайшоў нідэрландскую мытню», — адзначыў адвакат.
Мы накіравалі пісьмовы запыт у мытныя органы Нідэрландаў, каб яны растлумачылі, як стала магчымай адпраўка забароненага тавару з краіны ЕЗ. На момант выхаду матэрыялу адказ мы не атрымалі.
У 2024-м адпраўлялі аўты ў РФ таксама дзве беларускія юрыдычныя асобы — ТАА «НьюІнвестГруп» і ТАА «ЛегіёнГрупІнвест». Першая працягнула і ў 2025-м. Яна з чэрвеня 2018-га па кастрычнік 2024-га цалкам належала фірме Dimicandum Invest Holding LTD (далей — Dimicandum), фінансавым дырэктарам якой быў Андрэй Свірыдаў. Ён жа з чэрвеня 2024-га кіруе «ЛегіёнГрупІнвест». [*] [*] [*] [*]
Агулам са студзеня да ліпеня 2025 года беларускія кампаніі завезлі ў Расею еўрапейскіх падсанкцыйных аўтамабіляў прыкладна на $1,8 млн. Колькі з іх з парушэннем заканадаўства, нам не вядома. Еўразвяз забараніў пастаўкі ў Беларусь з ліпеня 2024-га, аднак частку аўтаў маглі завезці ў краіну і да забароны.
(Не)ускосныя доказы
Удзел пералічаных вышэй кампаніяў у схеме абыходу санкцыяў невыпадковы. Іх сувязь пацвярджаюць фінансавыя дакументы за 2023 год, якія мы атрымалі дзякуючы «Рабочаму Руху». У чэрвені кіпрская Dimicandum заключыла з «НьюІнвестГрупп» дзве дамовы пазыкі. [*] [*] У тым жа месяцы тая аформіла пазыку кампаніі «Астрата». [*] Апроч таго, назва расейскай кампаніі, якая часткова належыць Свірыдаву, супадае з назвай украінскага ТАА «Астрата», замешанага ў справе аб незаконным рээкспарце аўтамабіляў, у якой фігуруе кампанія Rostumel. [*] [*]
У 2023 годзе СБУ выкрыла схему незаконнага экспарту тавараў з Украіны, уключаючы аўты. У рамках справы вясной ва ўкраінскага бізнесоўцы Віталя Бобыра прайшлі ператрусы. Праваахоўнікі канфіскавалі дакументы, пячаткі і электронныя носьбіты, звязаныя ў тым ліку з Rostumel, дырэктарка і ўласніца якога — маці Віталя Ірына Бобыр. [*] [*] Сам жа бізнесоўца значыўся супрацоўнікам «НьюІнвестГруп» у 2023—2024 гадах.
Журналісту БРЦ удалося звязацца з Бобырам, але канструктыўнай гутаркі не атрымалася. Спярша бізнесоўца выказаў здагадку, што за нашыя «гісторыі» плацяць ягоныя ворагі, затым парэкамендаваў журналісту пайсці на фронт. Адзінае, што Бобыр сказаў па сутнасці: ён нібыта не мае дачынення да кампаніяў Rostumel, «Астрата», «НьюІнвестГруп» і «ЛегіёнГрупІнвест» — «ані фізічна, ані юрыдычна».
Канчатковы пакупнік
Па VIN-нумарах (унікальных кодах з 17 сімвалаў, якія прысвойваюцца транспартавым сродкам на заводзе) нам удалося адсачыць, хто стаў канчатковым пакупніком некаторых аўтамабіляў, увезеных у абыход санкцыяў. Некалькі машынаў зарэгістравана на юрыдычныя асобы: сярод іх ТАА «ПФ „ВИС”», ТАА «Стоўн-XXI» і ТАА «Инстанта рус».
Дзякуючы «Рабочаму Руху», мы высветлілі, каму належыць Mercedes-Benz V300d AWD, што трапіў у аварыю, пра якую мы распавялі ў пачатку, і як ён трапіў да свайго ўладальніка. У студзені 2024 года — да забароны на ўвоз аўто ў РБ — «НьюІнвестГруп», звязаная са Свірыдавым, падпісала дамову на набыццё аўтамабіля з польскім прадпрымальнікам з Беларусі, а ў лютым ужо паставіла яго ў Расею. На момант ДТЗ машына была зарэгістраваная на расейскую кампанію ТАА «Ирвин 2». Яна займаецца аптовым гандлем фармацэўтычнай прадукцыяй. [*]
Праблемы ў рэжыме
Рээкспарт аўтамабіляў еўрапейскай вытворчасці, які працягваецца, сведчыць аб фундаментальных праблемах рэжыму санкцыяў, у якім многія краіны не ўдзельнічаюць, растлумачыў у каментары БРЦ нямецкі эканаміст і эксперт па санкцыях Бенджамін Хільгеншток.
«Забеспячэнне выканання санкцыяў ускладняецца адсутнасцю ў ЕЗ другасных санкцыяў, то бок экстэрытарыяльнага ўжывання захадаў. Прасцей кажучы, суб'екты ў трэціх краінах зазнаюць значна меншы ціск з мэтай выканання санкцыяў», — дадаў Хільгеншток.
Забарона на пастаўкі пэўных катэгорыяў аўтамабіляў у Расею, а пазней і ў Беларусь, увялі, каб спыніць гандаль таварамі не першай неабходнасці і абмежаваць матэрыяльныя рэсурсы краіны-агрэсара. Кампаніі, якія дапамагаюць у абыходзе санкцыяў, рызыкуюць наклікаць на Беларусь новыя абмежаванні і паглыбіць яе ізаляцыю ад сусветнай супольнасці. Эканамічныя наступствы гэтага могуць легчы ў тым ліку на звычайных беларусаў.
БРЦ накіраваў пісьмовыя запыты Андрэю Свірыдаву, Кацярыне Карніенка і кампаніям, якія фігуруюць у гэтым расследаванні. На момант публікацыі адказаў мы не атрымалі.