Расследаванні

18 лістапада 2022

Dolce vita: як італьянскі бізнесмен знайшоў залатую жылу ў Беларусі

З афіцыйным Менскам звязаная яшчэ адна група «ценявых дыпламатаў» – гэта замежнікі, якія прадстаўляюць інтарэсы Беларусі ў іншых краінах

Гэты матэрыял падрыхтаваны сумесна з выданнямі Süddeutsche Zeitung, L’Espresso і Profile у межах міжнароднага праекту Shadow Diplomats.

  • Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў ICIJ прадставіў праект Shadow Diplomats, або «Ценявыя дыпламаты». Ён пралівае святло на групу найменш вывучаных фігураў у міжнароднай дыпламатыі – ганаровых консулаў. Расследаванні аб крымінальных справах і скандалах, у якіх замешаныя гэтыя дыпламаты-добраахвотнікі, журналісты аб'ядналі ў адзіную базу дадзеных. Над ёй ICIJ працавалі разам з незалежнай некамерцыйнай службай навінаў ProPublica і яшчэ 59 медыя-партнёрамі, сярод якіх і БРЦ.
  • У выніковы спіс уключылі 551 «ценявых дыпламатаў», і 11 з іх – дзеючыя і былыя ганаровыя консулы ў Беларусі. Усе яны – бізнесмены, і многія – героі нашых папярэдніх расследаванняў. Яны замешаныя ў рээкспарце санкцыйных тавараў, кантрабандзе, незаконным будаўніцтве, гандлі зброяй і продажы лекаў па завышаных коштах. Мы падрабязна распавялі пра іх у першай частцы гэтага расследавання.
  • З афіцыйным Менскам звязаная яшчэ адна група «ценявых дыпламатаў» – гэта замежнікі, якія прадстаўляюць інтарэсы Беларусі ў іншых краінах. Сярод іх – бізнесмен Раберта Гоці, ганаровы консул Беларусі ў Італіі. Нашае сумеснае расследаванне з нямецкімі, італьянскімі і аўстрыйскімі партнёрамі паказала, што пасля жніўня 2020 года Гоці працягваў прасоўваць прадукцыю беларускага дзяржпрадпрыемства ў ЕЗ і гэта дазволіла яму выкарыстоўваць уплыў беларускіх дыпламатаў у асабістых мэтах.

Куй жалеза, пакуль гарачае

Фота: https://belsteel.com/

З 2000 года Раберта Гоці кіруе кампаніяй Dismas Trading, якая займаецца аптовым гандлем вырабамі з жалеза і іншых металаў.

Увесь гэты час яна супрацоўнічае з Беларуссю, у прыватнасці – з Беларускім металургічным заводам. Сам бізнесовец расплывіста тлумачыць, што на гэты рынак яго прывялі «каштоўныя беларускія людзі».

Дзве незалежныя адна ад адной крыніцы назвалі БРЦ больш канкрэтныя прычыны, якія маглі прыцягнуць Гоці ў нашую краіну. Напрыклад, лагістыка: БМЗ – адзін з найбольш блізка размешчаных да Італіі металургічных заводаў.

У 2010 годзе Dismas Trading атрымала эксклюзіўнае права на гандаль прадукцыяй БМЗ у Італіі, а сам Гоці стаў партнёрам заводу. Праз яго прадпрыемства пастаўляла ў Італію металапракат, бясшвовыя трубы, катанку, цвікі, дрот і блюмы. З дадзеных Белстата вынікае, што экспарт гэтых тавараў у Італію з 2010 года ішоў дынамічна, а па выніках 2021 года дасягнуў піка.

За гады эксклюзіўнага партнёрства Гоці з БМЗ Беларусь экспартавала ў Італію сталі і жалеза больш чым на 380 мільёнаў долараў. Амаль 46 мільёнаў з іх – у 2021 годзе.

Ад калегаў з італьянскага выдання L’Espresso мы атрымалі дадзеныя аб даходах фірмы Гоці за гэты перыяд. У 2021 годзе Dismas Trading атрымала выручку прыкладна ў 40 мільёнаў долараў, а чысты прыбытак – амаль 490 тысяч долараў.

0 / 2

Калі разглядаць гэты паказчык як сярэдні, то за 12 гадоў Dismas Trading магла зарабіць на Беларусі каля 6 мільёнаў долараў.

Усе дарогі вядуць у Рым

Раберта Гоці не толькі кіруе Dismas Trading, але і з'яўляецца саўладальнікам. Да снежня 2021 года ён валодаў паловай фірмы. Сваю долю ён прадаў італьянскай кампаніі Triholding, якая стала асноўным акцыянерам Dismas (83%).

Пры гэтым палова Triholding належыць самому Гоці. Яшчэ 50% – у італьянскай суднаходнай фірмы Samer  & Co Shipping. Яе Dismas Trading выкарыстоўвала ў якасці транспартнай кампаніі для сваёй прадукцыі.

Пазасталыя 17% Dismas Trading зараз належаць аўстрыйскай кампаніі RMZ VERTRIEBSGESELLSCHAFT. Яе асноўны акцыянер – бізнесмен Эдуард Пінхасаў, які прасоўваў прадукцыю БМЗ на Захадзе з 1993 года.

0 / 5

Ад калегаў з аўстрыйскага выдання Profil мы даведаліся, што RMZ пазіцыянавалася як дачка БМЗ і фірмы BELMET HANDELSGESELLSCHAFT M.B.H. Пры гэтым BELMET – гэта даччыная фірма БМЗ. У яе таксама была доля ў Dismas Trading – 33%. Аднак 24 лютага 2022 года, у дзень уварвання Расеі ва Украіну, BELMET перадала гэтыя акцыі Triholding.

Крыху раней, у снежні 2021 года, BELMET таксама выйшла са складу акцыянераў RMZ.

Такім чынам, да канца мінулага года амаль 50% фірмы Dismas Trading у выніку належыла холдынгу «Беларуская металургічная кампанія», і ўся дзейнасць кампаніі грунтавалася вакол экспарту беларускай прадукцыі. Частку прыбытку ад Dismas Trading атрымліваў асабіста Раберта Гоці. Цяпер прыбытак кампаніі ён дзеліць з фірмамі, якія дапамагалі яму з лагістыкай ці наладжваннем кантактаў у Беларусі.

Ганаровы консул   

У лістападзе 2018 года «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» падпісаў з Dismas Trading пагадненне аб фінансаванні экспартных паставак БМЗ на рынак Італіі. Ужо праз месяц пасля гэтага Раберта Гоці стаў ганаровым консулам Беларусі ў Італіі. На гэтай пасадзе ён заняўся арганізацыяй спартовых і культурных мерапрыемстваў. Паводле яго слоў, да Еўрапейскіх гульняў у Менску ён арганізаваў больш за сотню выставаў. Пра бізнес італьянец таксама не забываў. Стаўшы консулам, ён заявіў, што збіраецца «забяспечыць экспарт усёй лінейкі беларускіх тавараў». І сапраўды, у 2020 годзе БМЗ упершыню паставіў у Італію пракат плоскі з нелегіраванай сталі халоднакатаны.

У тым жа годзе пасол Беларусі ў Італіі ўручыў Гоці дзяржаўную ўзнагароду.

Аднак у жніўні 2020 года на БМЗ пачаліся выступы рабочых, незадаволеных вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і абыходжаннем з пратэстоўцамі. Кіраўніцтва заводу  разгарнула супраць іх апарат рэпрэсій, і, як паведаміла нашая крыніца на прадпрыемстве, каля 50-70 чалавек былі звольненыя або падведзеныя пад непадаўжэнне кантракту. Прыкладна 40 з іх былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі.

Фота: https://belsteel.com/

Рэакцыяй ЕЗ на жорсткае падаўленне пратэстаў у Беларусі сталі санкцыі супраць дзяржпрадпрыемстваў, прызначаныя скараціць фінансаванне беларускіх уладаў. Нягледзячы на ​​гэта, Раберта Гоці ў траўні 2021 года асабіста зладзіў у Італіі перамовы для кіраўніцтва БМЗ і іх патэнцыйных еўрапейскіх партнёраў. Да таго моманту ЕЗ прынялі ўжо тры пакеты санкцый супраць Беларусі, але БМЗ і яго прадукцыі ў гэтых спісах не было. Гендырэктар заводу Дзмітрый Корчык прызнаўся, што прадпрыемства апынулася ў бяспецы дзякуючы «пэўнай працы» кліентаў.

У нас няма доказаў дачынення Гоці да гэтай працы, аднак яна дазволіла яму легальна экспартаваць прадукцыю БМЗ яшчэ больш за год. У сакавіку 2022 тавары прадпрыемства патрапілі пад еўрапейскія санкцыі, але забарона на іх увоз у ЕЗ пачала дзейнічаць у чэрвені. Тым не менш, прадукцыя БМЗ працягвала хадзіць у Італію яшчэ ў ліпені, пра што БРЦ стала вядома з дадзеных Еўрастату.

Мы запрасілі праверку гэтай пастаўкі і высветлілі, што гаворка ідзе пра раннюю адгрузку з БМЗ. Кантракт на пастаўку ў Італію быў заключаны да пачатку дзеяння санкцый, але груз быў размытнены толькі ў ліпені.

На дадзены момант Раберта Гоці афіцыйна не можа гандляваць з БМЗ, але яго кантакты з беларускімі ўладамі працягваюцца. Цяпер – на палітычнай глебе. Ад калегаў з нямецкага выдання Süddeutsche Zeitung мы атрымалі дакументы, з якіх вынікае, што Гоці выкарыстоўваў уплыў беларускіх дыпламатаў для выканання асабістых мэтаў.

Неспартовыя паводзіны

Арганізацыяй спартовых мерапрыемстваў у Беларусі Раберта Гоці займаўся не толькі ў якасці ганаровага консула, але і як прадстаўнік Федэрацыі гістарычнага фехтавання Італіі. На радзіме ў яго ёсць уласная школа баявых мастацтваў. Яе адкрыццё наведалі тагачасны пасол Беларусі ў Італіі Аляксандр Гур'янаў і алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова. Разам з італьянскім сцягам у школе вісеў дзяржаўны сцяг  Беларусі.

Як вынікае з дакументаў Süddeutsche Zeitung, у 2022 годзе Гоці звярнуўся да беларускай амбасады ў Італіі, каб атрымаць галасы беларусаў на прэзідэнцкіх выбарах Еўрапейскай канфедэрацыі фехтавання. Ён прасіў галасаваць за свайго земляка Джорджыа Скарса. Амбасада пагадзілася, адзначыўшы заслугі Гоці перад беларускімі ўладамі.

0 / 2

Па выніках закрытага галасавання Скарса выйграў выбары. Мы не можам сцвярджаць, што яго перамогу забяспечылі беларускія дыпламаты, аднак зварот Гоці наглядна паказвае, як ганаровыя консулы могуць злоўжываць сваім статусам.

Разам з калегамі мы накіравалі Раберта Гоці афіцыйны ліст з просьбай пракаментаваць ягоны зварот да беларускіх дыпламатаў. Ён пацвердзіў, што прасіў іх паўплываць на зыход выбараў Еўрапейскай канфедэрацыі фехтавання, аднак, паводле яго слоў, зрабіў гэта дзеля захавання адносінаў паміж беларускімі і італьянскімі федэрацыямі, спартоўцамі і трэнерамі.

На нашае пытанне аб сувязях з беларускімі ўладамі Раберта Гоці не змог даць дакладнага адказу: «Калі вы спытаеце мяне, ці з'яўляюцца санкцыі добрым палітычным інструментам, я магу адказаць толькі тое, што я не з'яўляюся і не хачу быць палітыкам і што я не ведаю, ці лепш спыніць усе дзелавыя адносіны, ці пакінуць іх адкрытымі».

Тэрмін дзеяння мандата ганаровага консула Беларусі ў Італіі ў Раберта Гоці заканчваецца ў 2023 годзе. Ён спадзяецца на яго працяг.

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць