Расследаванні

08 кастрычніка

Беларускі гамбіт. Як «Белшына» страціла кантроль над пастаўкамі ў РФ, але працягнула забяспечваць расейскіх вайскоўцаў

Андрэй Бунакоў, Аляксандр Кавалёў
Крыніца: БРЦ / Андрэй Бунакоў, Аляксандр Кавалёў. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
«Белшына» стала адным з нешматлікіх прадпрыемстваў, якім удалося выкрэсліць сябе з санкцыйнага спісу Еўразвязу: суд вырашыў, што кампанію бяздоказна абвінавацілі ў фінансаванні рэжыму Лукашэнкі і падтрыманні вайны Расеі супраць Украіны. Аднак БРЦ высветліў, што паралельна з аспрэчваннем санкцыяў прадпрыемства пастаўляла шыны расейскаму войску. І, калі еўрапейцаў «Белшына» здолела перайграць, то выйсці пераможцам з карупцыйнага скандалу на радзіме ў яе не атрымалася. Ён скончыўся перадзелам рынку шынаў у інтарэсах сям'і Лукашэнкі. Такім чынам, суд памыліўся двойчы: прадпрыемства не толькі падтрымлівае вайну, але і наўпрост спансуе беларускую ўладу.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» і ініцыятывы «Рабочы Рух».

У 2024 годзе Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пастанавіў зняць санкцыі з ААТ «Белшына», бо палічыў недаказанымі сцверджанні, што прадпрыемства фінансуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі і звязанае з падтрымкай вайны Расеі супраць Украіны. Пасля гэтага БРЦ правёў уласнае расследаванне, якое паказала, што гэтае рашэнне — памылка.

ААТ «Белшына» — беларускі вытворца шынаў. Гісторыя прадпрыемства пачалася ў 1963 годзе.

Цяпер кампанія выпускае шыны для легкавых, грузавых, вялікагрузных аўтамабіляў, а таксама для аўтобусаў, будаўніча-дарожнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі. Вытворца з 30 снежня 2011 зарэгістраваны ў якасці рэзідэнта СЭЗ «Магілёў» з інвестпраектам у сферы вытворчасці шынаў і шэрагам падатковых прывілеяў.

Барацьба з карупцыяй: метад Лукашэнкі

У лютым 2023 года на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміну Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гендырэктар «Белшыны» Андрэй Бунакоў знаходзіцца ў СІЗА. Паводле словаў Лукашэнкі, расследаванне ў дачыненні да кіраўніка прадпрыемства звязанае з тым, што ён падпісаў кантракт з расейскімі партнёрамі на продаж буйнагабарытных шынаў ніжэй за сабекошт прыкладна на 16-20%. Расейскіх пасярэднікаў Лукашэнка назваў жулікамі, якія перапрадавалі шыны амаль на 60% даражэй за сабекошт.

«Белшына» вырабляе больш за 300 тыпаў шынаў для рознага транспарту: ад легкавікоў да вялікагрузаў. Кошт шынаў для буйнагабарытнага транспарту, які выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прамысловасці, можа дасягаць $20 тыс. і больш. Менавіта гэты прадукт «Белшыны» апынуўся ў цэнтры разбораў, пра якія распавёў Аляксандр Лукашэнка:

«Такі попыт на іх [шыны] сёння [на фоне санкцыяў і сыходу заходніх кампаніяў з расейскага рынку]! Грошы шалёныя плацяць горназдабыўныя прадпрыемствы, перш за ўсё ў Расеі. Вязі — не хачу. У страту прадае гэтыя шыны».

шына
Крыніца: БРЦ. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

БРЦ высветліў, што расейскі пасярэднік, пра якога казаў Лукашэнка, — гэта ТАА «Импориа Тайерс», зарэгістраванае ў красавіку 2021 года, незадоўга да падпісання дамовы з «Белшынай». [*]

Кампанія займаецца аптовым гандлем аўтамабільнымі дэталямі, вузламі і прыладамі. І гэтым яна адрозніваецца ад іншых пакупнікоў прадукцыі «Белшыны». Як правіла, гэта або дылерскія сеткі, або аўтамабільныя заводы.

У 2021-2022 гадах медыі называлі ТАА «Импориа Тайерс» афіцыйным дыстрыб'ютарам «Белшыны» ў Расеі: кампанія пастаўляла буйнагабарытныя і звышбуйнагабарытныя (ЗБГ) шыны. У 2022-2023 гадах «Импориа Тайерс» была трэцім імпарцёрам у Расею шынаў «Белшыны» паводле кошту — па звестках з мытнай базы ЕАЭС, кампанія ўвозіла ў Расею выключна прадукцыю «Белшыны». Апошняя пастаўка адбылася ў студзені 2023-га. Пасля гэтага, паводле звестак базы, кампанія нічога не ўвозіла з Беларусі ў Расею наўпрост.

Як высветлілі журналісты БРЦ падчас расследавання, бенефіцыярам разбораў вакол прадпрыемства стаў Дзмітрый Лукашэнка, сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі.

Трапіць пад самазвал

Попыт на звышбуйнагабарытныя шыны на пачатак 2021 года, паводле ацэнкі новага генеральнага дырэктара «Белшыны» Аляксандра Кавалёва, быў вельмі невысокім. Аб'ёмы ЗБГ-шынаў, якія набывала ў «Белшыны» ААТ «БелАЗ», штогод зніжаліся. «БелАЗ» не быў задаволены якасцю прадукцыі, прычым прэтэнзіі вытворца выказваў яшчэ ў 2017 годзе: «Мы ў В'етнам паставілі партыю самазвалаў на беларускіх шынах. Яны выйшлі са строю за пару месяцаў», — казаў тады намеснік гендырэктара «БелАЗу» Канстанцін Рыльцоў.

Праз тое, што «БелАЗ» не гарантаваў загрузкі вытворчых магутнасцяў па ЗБГ-шынах нават на 30%, у 2021 годзе «Белшына» падпісала дамову аб пастаўках прадукцыі з «Имория Тайерс». Пра гэта Кавалёў паведаміў у лісце да старшыні дзяржканцэрну «Белнафтахім» — акцыянера «Белшыны». [*]

Аляксандр Кавалёў
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Кавалёў. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

То бок кампаніі падпісалі дамову да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, якое выклікала дэфіцыт звышбуйнагабарытных шынаў на расейскім рынку. Са словаў жа Лукашэнкі, гендырэктар «Белшыны» падпісаў кантракт на эксклюзіўную пастаўку шынаў з пакупніком у РФ, калі «з расейскага рынку сышлі заходнія канкурэнты, і кошты на гэтую прадукцыю пачалі расці». Акрамя таго, «Белшына» пастаўляла шыны не толькі «Импориа Тайерс», але і ўласнаму «Нижегородскому ТД "Белшина"», прычым кошты на некаторыя пазіцыі для «Импориа Тайерс» былі вышэйшыя.

У 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, «БелАЗ» зноў праявіў цікавасць да шынаў «Белшыны», але завод не мог задаволіць запыт з-за загружанасці вытворчасці для расейскіх кліентаў праз «Импориа Тайерс». [*]

У перамовы ўнёс карэктывы Аляксандр Лукашэнка, які назваў «Импориа Тайерс» жулікамі. «Які дырэктар можа наогул у любой сітуацыі падпісаць такую дамову? Які? Гэта адразу — дамову паглядзеў — у турму», — заявіў Лукашэнка на той жа нарадзе Савета Міністраў у лютым 2023-га.

У выніку кампанію адхілілі ад продажаў беларускіх шынаў у Расею, а правы дылера перайшлі АТ «Торговый дом "БелАЗ"». [*]

З ліпеня 2023-га «Белшына» і «БелАЗ» вялі перамовы, вынікае з дакументаў, якімі з намі падзялілася Абъяднанне былых сілавікоў Беларусі BelPol. У тым жа годзе кампаніі падпісалі дыстрыб’ютарскае пагадненне аб эксклюзіўнай рэалізацыі буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шынаў «Белшыны» канчатковым спажыўцам у Расеі. Пры гэтым «Торговый дом "БелАЗ"» набываў у «Белшыны» звышбуйнагабарытныя шыны для расейскага рынку па кошце ніжэйшым за той, які яна прапаноўвала свайму ніжагародскаму гандлёваму дому.

Саўладальнік «Торгового дома "БелАЗ"» — Прэзідэнцкі спартовы клуб (ПСК), яму належыць 45% кампаніі. Кіруе ПСК сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый. Такім чынам, у выніку ўмяшання Лукашэнкі ў дзейнасць «Белшыны» адбыўся перадзел рынку, а кантроль над продажамі прадпрыемства перайшоў да структуры, падкантрольнай Дзмітрыю Лукашэнку. У адным з папярэдніх расследаванняў БРЦ ужо раскрываў падобную схему, звязаную з ПСК і «БелАЗам»: не самую выгадную для вытворцы, але прыбытковую для атачэння і чальцоў кіруючай сям’і.

Усё гэта вымушае сумнявацца ў правільнасці рашэння Еўрапейскага суда, які пастанавіў, што рэжым Лукашэнкі не атрымлівае выгады ад дзейнасці «Белшыны».

Шыны для вайсковай машыны

Расследаванне БРЦ даказвае, што суд памыліўся і ў другой частцы рашэння, якая тычыцца падтрымання вайны з Украінай.

Сярод пакупнікоў прадукцыі «Белшыны» — Міністэрства абароны Расеі. Кампанія пастаўляла шыны для расейскай вайсковай тэхнікі праз свайго дыстрыб'ютара — ТАА «Белнефтехим-Рос», канчатковы бенефіцыяр якога беларуская дзяржава. [*] [*] [*]

Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Сяргей Шайгу
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Сяргей Шайгу. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Падчас расследавання БРЦ высветліў, што з 2022 па 2023 год «Белнефтехим-Рос» і Мінабароны Расеі падпісалі некалькі кантрактаў на суму больш за 1,5 млрд расейскіх рублёў ($19,5 млн). Толькі за першае паўгоддзе 2023-га «Белнефтехим-Рос» прадаў Міністэрству абароны тавараў на суму больш за $11 млн.

А ў «Белшыны» за ўвесь 2023 год дылер набыў больш за 2 млн шынаў на суму $90 млн. Выручка «Белнефтехим-Рос» у 2023 годзе склала амаль 29 млрд расейскіх рублёў (больш за $321 млн), а чысты прыбытак — 284 млн расейскіх рублёў (каля $3,2 млн). [*] [*]

«Для ААТ "Белшына" шынны рынак Расейскай Федэрацыі як экспартная пляцоўка мае першараднае значэнне. Мы пільна сочым за зменамі, якія адбываюцца там, і старанна іх аналізуем», — заявіў у студзені 2024-га Аляксандр Кавалёў, генеральны дырэктар кампаніі. У жніўні 2022-га на той момант віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык дапусціў, што «Белшына» магла б заняць месца вытворцаў, якія сышлі з Расеі.

Як БРЦ высветліў з даденых у мытных накладных, пастаўкі «Белшыны» ў Расею ў 2023 годзе заставаліся на ўзроўні 2022 года. У 2022 годзе кампанія паставіла ў РФ 2,8 млн шынаў, а ў 2023 годзе — 2,4 млн. У 2023-м у беларускага вытворцы з'явіліся новыя пакупнікі. Напрыклад, ТАА «ШЕРП» і ТАА «АЗ “НАЗ”» (экс-«Автозавод “ГАЗ”»), а таксама павялічыліся пастаўкі на АТ «Автомобильный завод “Урал”». ТАА «Нижегородский ТД "Белшина"» прадаваў шыны АТ «БАЗ», ПАТ «КАМАЗ», АТ «СЭГЗ» і АТ «СКБ», якое знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ. Усе пералічаныя кампаніі вырабляюць вайсковую тэхніку, што можа сведчыць пра тое, што прадукцыя «Белшыны» шырока выкарыстоўваецца ў расейскай вайсковай прамысловасці.

Ускоснае пацверджанне таго, што шыны «Белшыны» выкарыстоўваюцца на расейскай вайсковай тэхніцы, мы знайшлі на вайскова-тэхнічным форуме «Армия-2023», які праходзіў у Падмаскоўі. На ім былі прадстаўленыя ўзоры ваеннай тэхнікі, абсталяваныя шынамі «Белшына». 

Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
Крыніца: Віталь Кузьмін / Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад «Белшыны», прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023» у Падмаскоўі
0 / 9

Сярод іх, напрыклад, самаходная гаўбіца «Мальва» — адна з перадавых распрацовак расейскага войска. Такія гарматы выкарыстоўваюцца ў нападах на Харкаўскую вобласць. Расейскія ваенкоры хваляць яе, сярод іншага, за мабільнасць: «дзякуючы колаваму шасі [яна] здольная хутка разгортвацца на пазіцыі і пакідаць яе, сыходзячы ад агню ў адказ, што вельмі важна ва ўмовах контрбатарэйнай барацьбы». А абутыя гэтыя шасі, прынамсі, на выставе ў прадукцыю «Белшыны».

Яшчэ адна гармата вайны на форуме «Армия-2023» у «абутку» ад «Белшыны» — цягач БАЗ, прыстасаваны пад расейскую сістэму супрацьпаветранай абароны C-400.

Гэтая зенітная ракетная сістэма збівае ўкраінскія самалёты, ракеты і беспілотнікі, а таксама, паводле словаў украінскіх экспэртаў, магла выкарыстоўвацца для абстрэлу ўкраінскіх памежных гарадоў. Беларускую гуму носяць і разнастайныя мадыфікацыі ваенных шасі аўтамабільнага заводу «Урал». Прынамсі, выставачныя. Напрыклад, бронеаўтамабіль «ВПК-Урал». Паводле дадзеных крыніцы ТАСС, ён актыўна ўдзельнічае ў вайсковых дзеяннях. Адну з яго мадыфікацыяў украінцы захапілі падчас адступлення расейцаў з Херсоншчыны.

«C-400 стала выкарыстоўваецца ў зоне баявых дзеянняў. ВПК 590951, ён жа “ВПК-Урал” — так, іх знішчана з два дзясяткі за час вайны і ёсць не менш за тры трафейныя», — распавёў БРЦ ваенна-палітычны эксперт групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

Несвоечасовыя санкцыі

Да вясны 2024-га «Белшына» знаходзілася ў чорным спісе ЕЗ. У тым ліку праз тое, што Беларусь падтрымала вайну Расеі супраць Украіны. Але яшчэ раней, у 2021-м, Еўразвяз увёў санкцыі супраць прадпрыемства, адзначыўшы, што гэта адна з вядучых дзяржкампаніяў Беларусі, якая з'яўляецца істотнай крыніцай даходу для рэжыму Лукашэнкі. Яшчэ адна прэтэнзія ЕЗ тычылася звальнення супрацоўнікаў «Белшыны», якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года. За гэта прадпрыемства абвінавацілі ў рэпрэсіях у дачыненні да грамадзянскай супольнасці.

шыны беларусь
Крыніца: БРЦ. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

«Белшына» не пагадзілася з унясеннем у чорны спіс і падала пазоў у суд ЕЗ. У ім кампанія заявіла, што сапраўды цалкам знаходзіцца ў дзяржуласнасці, але да моманту ўнясення ў санкцыйны спіс несла страты. Адпаведна, абмежаванні за фінансаванне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, на думку прадстаўнікоў «Белшыны», увялі незаконна.

20 сакавіка 2024 Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі прыняў пастанову аб скасаванні санкцыяў супраць «Белшыны». Па меркаванні суда, Рада Еўразвязу не змагла давесці, што кампанія ўяўляе сабой істотную крыніцу даходаў рэжыму Лукашэнкі і «беларуская дзяржава наўпрост здабывае выгаду з даходаў, якія атрымлівае [прадпрыемства]». Суд таксама выключыў «Белшыну» са спісу санкцыяў ЕЗ, уведзеных праз вайсковыя дзеянні ва Украіне, што кампанія таксама аспрэчвала.

Аднак, як паказала нашае расследаванне, пазней, прынамсі ў 2022-2023 гадах, кампанія пастаўляла шыны для расейскай вайсковай тэхнікі і супрацоўнічала з Міністэрствам абароны Расеі. А ў 2023 годзе дыстрыб'ютарам прадпрыемства стаў «Торговый дом "БелАЗ"», які на 45% належыць Прэзідэнцкаму спартоваму клубу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі.

Абазначэнні і прадстаўленыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў дадзенай публікацыі, ніякім чынам не маюць на ўвазе выказвання якога-небудзь меркавання з боку UNESCO адносна прававога статусу якой-небудзь краіны, тэрыторыі, горада або раёна, іх уладаў, а таксама адносна дэлімітацыі іх межаў. Аўтары нясуць адказнасць за выбар і выклад фактаў, якія змяшчаюцца ў дадзенай публікацыі, а таксама за выяўленыя ў ёй меркаванні, якія не абавязкова супадаюць з меркаваннем UNESCO і не накладаюць на Арганізацыю ніякіх абавязкаў.

Іншыя Расследаванні