Галоўнае адкрыццё
Расследаванне пацвярджае, што беларускія санаторыі сістэматычна прымаюць ветэранаў расейскай вайны супраць Украіны з 2023 года, хоць афіцыйна Беларусь не бярэ ўдзел у канфлікце.
Сведчанні ўдзельнікаў
Журналісты БРЦ змаглі пагаварыць з Антонам Кубасавым, 41-гадовым снайперам-выведнікам з 488 мотастралковага палка, які ваяваў за Крамянную на Луганшчыне. Ён праходзіў рэабілітацыю ў Лепельскай вайсковай санаторыі з 20 лістапада па 10 снежня 2024 года і быў у захапленні ад умоў.
Іншы пацыент санаторыі – Андрэй Палзахноўскі з Пскова, які вярнуўся з вайны без нагі, але з ордэнам Мужнасці і трыма мільёнамі рублёў кампенсацыі. Ён адпачываў у той жа санаторыі адначасова з Кубасавым.
Афіцыйнае пацверджанне
Супрацоўніца маркетынгавага аддзелу Лепельскай вайсковай санаторыі пацвердзіла журналістам БРЦ (якія назваліся працаўнікамі расейскага дзяржмедыя), што такая катэгорыя грамадзянаў з РФ праходзіць аздараўленне штогод з 2023 года. За адпачынак вайскоўцы не плацяць – пуцёўкі падаюць дзяржаўныя органы і дабрачынныя арганізацыі, прыкладам, фонд «Защитники Отечества», які ўзначальвае намесніца міністра абароны РФ Ганна Цывілёва.
Праўная падстава
Праграма рэалізуецца на падставе пастановы Рады Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 2011 года, якую ў 2022-м скарэктавалі, дадаўшы ў пералік атрымальнікаў паслуг «ветэранаў баявых дзеянняў, у тым ліку на тэрыторыі іншай дзяржавы».
Планы пашырэння
Улады Расеі і Беларусі абмяркоўваюць пашырэнне праграмы. Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка і першы віцэ-прэмʼер Беларусі Мікалай Снапкоў дамовіліся пра стварэнне праграмы рэабілітацыі, па якой штогод не меншыя за 800 расейскіх вайскоўцаў і чальцоў іх семʼяў будуць праходзіць аздараўленне ў беларускіх санаторыях.
Аляксандр Лукашэнка асабіста выказаў гатовасць дапамагчы з гэтай ініцыятывай, пры гэтым не згадаўшы, што Беларусь ужо тры гады прымае ўдзельнікаў вайны супраць Украіны.
Кантэкст
Гэта расследаванне дапаўняе серыю матэрыялаў БРЦ пра тое, як Беларусь стварае каляваенную інфраструктуру для падтрымкі расейскай агрэсіі: дапамагае абыходзіць санкцыі, стварае фільтрацыйныя лагеры і таемна лечыць параненых ваяроў элітных расейскіх падраздзяленняў у сваіх шпіталях.
Беларусь афіцыйна не ўдзельнічае ў вайне Расеі супраць Украіны, але ўлады краіны сістэмна абслугоўваюць Крэмль, ствараючы каляваенную інфраструктуру. У папярэдніх расследаваннях БРЦ паказаў, як Менск дапамагае Маскве абыходзіць санкцыі, стварае фільтрацыйныя лагеры і сакрэтна лечыць параненых байцоў элітных расейскіх падраздзяленняў у сваіх шпіталях. Гэтым разам мы пацвердзілі, што цягам апошніх трох гадоў ветэраны «СВА» аднаўляюць здароўе ў беларускіх санаторыях.
Электрафарэз для снайпера
Масажныя крэслы, дыхальны салявы пакой, электрафарэз і шмат іншых працэдураў прапанаваў Лепельскі ваенны санаторый Збройных сілаў Рэспублікі Беларусь былому ўдзельніку «СВА» Антону Кубасаву. Пра гэта расеец сам распавёў журналістцы БРЦ, якая патэлефанавала яму пад выглядам супрацоўніцы беларускага дзяржаўнага выдання. Мы выйшлі на мужчыну, калі шукалі пацверджанні таму, што беларускія здраўніцы прымаюць расейскіх салдат.
Цяпер Кубасаву 41 год. Ён скардзіцца на самаадчуванне, кажа, што развальваецца, дакучае разбурэнне суставаў. На аздараўленні ў Беларусі ён быў летась з 20 лістапада па 10 снежня — у складзе групы ветэранаў.
«Мне вельмі спадабалася [у Лепельскім санаторыі]. Па-першае, само стаўленне да нас было на найвышэйшым узроўні. Сілкаванне абалдзеннае. Усе імпрэзы, якія праходзілі, — вельмі класна, спадабалася. Не параўнаць да рускіх [санаторыяў]», — падзяліўся Кубасаў.
У размове ён прызнаўся, што служыў снайперам-разведчыкам у 488 палку (гэта мотастралковы полк, які ўваходзіць у склад 144 гвардзейскай мотастралковай дывізіі ў Смаленскай вобласці). Кубасаў дадаў, што ўдзельнічаў у баях за Крамянную на Луганшчыне — з сярэдзіны красавіка 2022-га горад знаходзіцца пад расейскай акупацыяй.
Сам пра сябе мужчына сказаў: «Адзін з тых, хто там выжыў». Пацверджанай інфармацыі, колькі не выжыла мірных жыхароў у час штурму расейскімі войскамі гораду, няма. На другі дзень баёў за Крамянную тагачасны кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай назваў лічбу ў 200 чалавек, але падкрэсліў, што яна можа быць большай, бо эвакуяваць насельніцтва падчас захопу было немагчыма. Тыя, хто самастойна намагаўся пакінуць горад, траплялі пад абстрэлы.
Без нагі, але з грашыма
Паездка ў беларускі санаторый — гэта адзіная ўзнагарода за ўдзел у вайне супраць Украіны, паскардзіўся Кубасаў. Ані медалёў, ані выплат ён не атрымаў. У адрозненні ад іншага госця Лепельскага санаторыя — нарадзінца Пскова Андрэя Палзахноўскага. З вайны супраць Украіны ён вярнуўся без нагі, але, як пісала выданне «Север. Реалии», з ордэнам Мужнасці і трыма мільёнамі расейскіх рублёў у якасці кампенсацыі за раненне ($32 тыс.). Цяпер яму 24 гады.
У Лепельскім санаторыі Палзахноўскі адпачываў у той жа час, што і Кубасаў. Фотаздымкі з ім у інтэр’ерах беларускай установы апублікаваў расейскі фонд «Защитники Отечества». Палзахноўскі публічна падзякаваў арганізатарам лячэння — гэта дало нам яшчэ адно пацверджанне, што жаўнеры, якія ваявалі супраць Украіны, праходзяць рэабілітацыю ў Беларусі.
Мы спрабавалі паразмаўляць з расейцам, але не змаглі датэлефанавацца да яго. Ваяваць супраць Украіны ён пайшоў добраахвотна ў кастрычніку 2022-га з жаданнем зарабіць. Пра сваё рашэнне не шкадуе. Больш за тое, калі б не пратэст маці, то вярнуўся б на вайну — прынамсі так ён сказаў у 2023 годзе журналістам выдання «Север. Реалии».
Тры гады — без розгаласу
Такіх як Кубасаў і Палзахноўскі Лепельскі ваенны санаторый, што знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, прымае з 2023 года. Пра гэта нам распавялі ў маркетынгавым аддзеле ўстановы. Мы патэлефанавалі туды, выкарыстаўшы легенду пра журналістаў дзяржаўнага медыя, але гэтым разам расейскага.
«У нас аздараўленне праходзіць, санаторна-курортнае лячэнне менавіта вось гэта катэгорыя грамадзянаў з Расейскай Федэрацыі штогод», — сказала супрацоўніца санаторыя.
За адпачынак расейскія вайскоўцы не плацяць. Пуцёўкі ім даюць дзяржаўныя органы і дабрачынныя арганізацыі. Адна з іх — фонд «Защитники Отечества», якім кіруе намесніца міністра абароны РФ і, як сцвярджае расейскае выданне «Вёрстка», сваячка Уладзіміра Пуціна Ганна Цывілёва. Падстава для прадстаўлення такой паслугі, паводле супрацоўніцы санаторыя, — дамова з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы: «Гэта [датычыць] не толькі “СВА”. Гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ветэраны-афганцы». На іншыя пытанні яна адмовілася адказваць, бо «ў якім фармаце падаць гэтую інфармацыю, спачатку трэба абмеркаваць з начальнікам санаторыя».
Дамова, якую ўзгадала нашая суразмоўца, найхутчэй датычыць мерапрыемстваў па арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, прадугледжаных пастановай Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы за 2011 год. Першапачаткова яна была скіраваная на людзей з інваліднасцю і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, аднак у 2022 годзе дакумент скарэктавалі. У пералік тых, хто мае права за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы атрымліваць курортна-санаторнае лячэнне, дадалі людзей з інваліднасцю і ветэранаў баявых дзеянняў, у тым ліку на тэрыторыі іншай краіны. Гэты афіцыйны дакумент прадугледжвае адпачынак расейскіх ваенных у беларускіх здраўніцах.
У 2024 годзе ўдзел у рэалізацыі праграмы прымалі тры беларускія санаторыі — ужо згаданы Лепельскі ваенны, «Чабарок» і «Сасновы бор», а таксама два расейскіх — «Переделкино» і «Карачарово».
Фінансаванне вядзецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Сёлета на патрэбы па аздараўленні ветэранаў выдзелілі 26 млн расейскіх рублёў ці амаль 950 тыс. беларускіх (каля $312 тыс.). У 2024 годзе сума была меншай — 877 тыс. беларускіх рублёў на 389 пуцёвак, 180 з якіх — у нашыя здраўніцы. Колькі сярод іх для жаўнераў, што ваявалі супраць Украіны, нам не вядома.
Лукашэнка гатовы дапамагчы
У хуткім часе ў беларускія санаторыі могуць прыехаць сотні былых удзельнікаў «СВА». Расейскія і беларускія ўлады абмяркоўваюць адмысловую праграму дапамогі ў рэабілітацыі для былых удзельнікаў вайны ва Украіне. Удзельнічае ў гэтым губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка. Напрыканцы верасня ён прыязджаў у Беларусь з візітам. Яго сустракаў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.
У той жа час жонка Драздзенкі Ірына, якая кіруе Усевалажскім Мульціцэнтрам сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі, наведала санаторна-курортныя ўстановы Меншчыны і правяла перамовы з кіраўніцтвам выканкаму Магілёўскай вобласці. У выніку паўстала дамоўленасць пра стварэнне праграмы рэабілітацыі для расейскіх ваенных і іх сем’яў у беларускіх санаторыях. Мяркуецца, што аздараўленне ў нашай краіне штогод будуць праходзіць не меней 800 чалавек. На якіх умовах — гэта цяпер прапрацоўвае Камітэт па сацыяльнай абароне Ленінградскай вобласці. Ініцыятыву ўжо ўхваліў Мікалай Снапкоў, пра што пісалі расейскія медыя, а вось беларускія дзяржаўныя СМІ гэтым планам увагі не надалі. [*]
Беларускі і расейскі бакі цягам некалькіх гадоў абмяркоўваюць магчымасць скіроўваць удзельнікаў вайны супраць Украіны ў нашыя санаторыі. У верасні 2023 года Аляксандр Драздзенка ўжо ўздымаў гэтае пытанне пры сустрэчы з Мікалаем Снапковым. Тады ленінградскі губернатар наракаў, што ў Расеі не хапае свайго рэсурсу. Летась Драздзенка прапанаваў выкарыстоўваць беларускія курорты для аздараўлення расейскіх салдат і самаму Аляксандру Лукашэнку. Той выказаў гатовасць дапамагчы, не згадаўшы, што Беларусь ужо прадставіла свае санаторыі для былых удзельнікаў вайны ва Украіне.
Мы даслалі запыты ў расейскі фонд «Защитники Отечества», Лепельскі ваенны санаторый і Міністэрства аховы здароўя Беларусі з просьбай пракаментаваць, колькі былых удзельнікаў «СВА» прайшлі рэабілітацыю ў беларускіх санаторыях, а таксама на якім этапе знаходзіцца распрацоўка сумеснай праграмы дапамогі. На момант публікацыі ніхто з іх не адказаў.