Кантэкст: Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі (чаму толькі цяпер, мы распавялі тут). Гэтае рашэнне на сайце прэзідэнта Украіны апублікавалі 18 лютага 2026 года. Прычынай назвалі «спрыянне забойству ўкраінцаў». Усяго ў дачыненні да беларускага палітыка ва Украіне дзейнічаюць 17 відаў абмежаванняў, у тым ліку блакаванне актываў, забарона на ўезд, забарона фінансавых аперацый і іншыя. Асобныя санкцыі ўведзены бестэрмінова, некаторыя — на 10 гадоў.
Як розныя краіны ваююць з рускай мовай і не могуць яе перамагчы, вядоўца Алёна Радоўская і госць студыі палітычны аглядальнік Андрэй Мукавозчык абмеркавалі 18 лютага 2026 года ў эфіры «Вечаровага палітычнага каналу» на «Радыё-Менск». Мукавозчык заявіў, што большасць украінцаў працягваюць размаўляць на рускай мове.
— Я вам прывяду прыклад Украіны. Яны там дагэтуль таксама на гэта самае…
— На рускай, — дапоўніла яго вядоўца.
— Так. Там гэтыя моўныя амбудсмены б'юцца галовамі аб сцены Рады, матлошацца галоўкамі аб трыбуны, але зрабіць нічога не могуць. Па ўсіх сацдаследаваннях, украінцы ў быце аддаюць перавагу рускай мове, — падсумаваў Мукавозчык.
На рускай мове, паводле даследавання цэнтру СОЦІС у лютым 2025 года, удома гавораць каля 10% украінцаў, на рускай і ўкраінскай — каля 30%, а толькі на ўкраінскай — амаль 58%. Падобныя вынікі паказала апытанне сацыялагічнай групы «Рэйтынг». У ліпені 2025-га амаль дзве траціны апытаных заявілі, што ў быце гавораць толькі на ўкраінскай. Прыкладна такія ж лічбы дэманструе і апытанне Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі.