Антыфэйк / фактчэк

10 снежня

Дэкан журфаку БДУ заявіў, што ва Украіне ўвялі нармаванне харчавання. Мы апыталі украінцаў

Камандзе WTF не ўдалося знайсці інфармацыі, што ва Украіне ўвялі прадуктовыя карткі або ёсць дэфіцыт прадуктаў.

Ва Украіне ўвялі нармаванне харчавання, як пры мабілізацыйнай эканоміцы, распавёў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў. Каманда Weekly Top Fake спытала ў жыхароў краіны, ці ёсць у крамах пустыя паліцы і дэфіцыт якіх-небудзь тавараў. 

Пра эканамічную сітуацыю ва Украіне Аляксей Бяляеў, дэкан факультэту журналістыкі БДУ разважаў у эфіры «Альфа Радыё» 26 лістапада 2024 года. 

«Украіна сёння перайшла да гэтай вось мабілізацыйнай эканомікі. Украіна перайшла цалкам... Там ужо і нармаванне харчавання ўводзіцца, там ужо ўводзяцца розныя паказнікі ваеннага часу», — заявіў Бяляеў, але не распавёў, адкуль у яго такая інфармацыя.

Расейскія тэлеграм-каналы ў кастрычніку 2024 года пісалі, што ў Жытоміры зніклі з прылаўкаў крупы і мука, і паказвалі відэа з пустымі паліцамі ў супермаркеце, знятае нібыта нядаўна. 

Аказалася, што відэа знялі двума гадамі раней, у пачатку вайны, не ў Жытоміры, а ў Каменскім. Тады праз актыўныя баявыя дзеянні ўзніклі праблемы з лагістыкай па ўсёй краіне. Аднак яны былі часовымі і закранулі пастаўкі толькі некаторых прадуктаў. 

Камандзе WTF не ўдалося знайсці інфармацыі, што ва Украіне ўвялі прадуктовыя карткі або ёсць дэфіцыт прадуктаў. Мы спыталі жыхароў краіны, ці ёсць у іх праблемы з купляй харчавання і ці сустракаюць яны пустыя паліцы ў крамах. 

«Хачу паказаць, што з ежай у Кіеве ўсё добра. Людзі ходзяць, купляюць, няма ніякіх абмежаванняў. Усе паліцы занятыя», — з такім подпісам нам даслалі відэа з Кіева, на якім бачна, што прадукты на прылаўках сапраўды ёсць.

Па відэа з крамаў Вінніцы і Львова таксама нельга сказаць пра дэфіцыт харчавання. Ніхто з апытаных намі жыхароў не пацвердзіў, што на куплю прадуктаў былі ўведзеныя якія-небудзь абмежаванні.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць