Антыфэйк / фактчэк

23 красавіка

Мадэрнізацыя ад АНТ: выдаткі прыменшылі, прыбытак перабольшылі. Правяраем паведамленне пра поспехі цэментавага заводу

Гігант у Касцюковічах — гэта «Беларускі цэментны завод».

Дата з'яўлення фэйка: 14.04.2024
Цэментны гігант у Касцюковічах пасля мадэрнізацыі ўжо каторы год б'е рэкорды вытворчасці. Так лічыць журналістка тэлеканалу АНТ Наталля Піткевіч. Каманда Weekly Top Fake разабралася, ці сапраўды беларуская цэментная прамысловасць дасягнула небывалых поспехаў. 

Цэментны завод у Касцюковічах пахвалілі ў перадачы «Наш час» 14 красавіка 2024 года. Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў сакавіку запатрабаваў да 9 траўня прывесці ў парадак дарогі ў краіне. На АНТ паказалі, як ідзе праца, і распавялі, што ў Беларусі стаўку робяць на бетонныя дарогі, таму што для вытворчасці асфальту патрэбны «бітум з імпартнай нафты, а вось у бетону санкцыйная страхоўка абсалютная». 

«Галоўны пастаўшчык сыравіны ў [Магілёўскай] вобласці — цэментны гігант у Касцюковічах. Больш за два мільёны тон. Рэкорды вытворчасці ўжо каторы год. У мадэрнізацыю ўклалі 25 млн рублёў. Зарабілі ўдвая больш», — распавяла Наталля Піткевіч у сюжэце.

Гігант у Касцюковічах — гэта «Беларускі цэментны завод». У 2012 годзе яго мадэрнізавалі — запусцілі другую тэхналагічную лінію па вытворчасці цэменту. Пры куплі новага абсталявання, яшчэ ў 2009 годзе, планавалі, што завод зможа выпускаць тры мільёны тон цэменту ў год. Але пасля мадэрнізацыі яго магутнасць — толькі два мільёны тон.

У мадэрнізацыю прадпрыемства ўклалі не 25 млн рублёў. Па дадзеных за 2011 год, запуск другой тэхналагічнай лініі на БЦЗ павінен быў каштаваць 736 млрд рублёў. На той момант гэта $245 млн. Але гэтыя разлікі апынуліся памылковымі. Мадэрнізацыя БЦЗ у выніку абышлася амаль у $450 млн. 

Беларуская цэментная вытворчасць агулам працуе не так паспяхова, як планавалі ўлады. Тры заводы (у тым ліку Касцюковіцкі) вырабілі ў 2006 годзе менш за 4 млн тон цэменту. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу да 2011 года павялічыць выпуск да 10 млн тон. Пад гэта прыцягнулі кітайскія звязаныя крэдыты. Але будаўніцтва зацягнулася, падаражэла ў два разы. Цэны на цэмент за гэты час наадварот — упалі. 

У выніку ў мадэрнізацыю ўклалі больш за мільярд долараў. Але замест запланаваных 10 млн тон цэменту атрымалі 5 млн тон. Такі аб'ём вытворчасці паказалі тры цэментныя заводы летась. 

«Беларускі цэментны завод», як і астатнія беларускія прадпрыемствы гэтай накіраванасці, дагэтуль стратны і не можа самастойна пагасіць крэдыты. Дзяржава рэгулярна прыцягвае для гэтага грошы з бюджэту.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі