Журналісты тэлеканалу «Беларусь-1» выдалі пратэсты ў Браціславе 2020 года супраць антыковідных захадаў за пратэсты ў Славакіі супраць падтрымкі Украіны

Журналісты тэлеканалу «Беларусь-1» выдалі пратэсты ў Браціславе 2020 года супраць антыковідных захадаў за пратэсты ў Славакіі супраць падтрымкі Украіны:

«У Славакіі таксама праходзяць масавыя акцыі пратэсту з патрабаваннем спыніць забеспячэнне зброяй Кіеў. Дэманстранты заклікаюць урад падумаць аб гаротным становішчы ўласных грамадзян. Але там так падумалі, што проста вырашылі разагнаць абураных людзей з дапамогай паліцыі».

Вам толькі што паказалі акцыю, якая па-першае: прайшла ў Браціславе ў кастрычніку 2020 года; па-другое: якая была накіравана супраць антыковідных мер. Вось відэа пратэстаў у Браціславе 2020 года, якое мы знайшлі на YouTube. Яно было апублікавана больш за два гады таму.

Хаця, жыхары Славакіі сапраўды не асабліва падтрымліваюць пастаўкі зброі Украіне, паводле апошняга апытання Еўрабарометру. Але гэта не адмяняе таго, што працаўнікі «Беларусь-1» пратэст гэты прыдумалі.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Тэмы

Пуцін у навагоднім відэа выкарыстоўвае акцёраў

Украінскія СМІ абвінавацілі Уладзіміра Пуціна ў тым, што пры запісе навагодняга віншавання ён выкарыстоўваў статыстаў, якія выконывалi ролю вайскоўцаў. Так, канал ТСН апазнаў аднаго з іх пры дапамозе сэрвісу распазнання асобы.

«Распазнаванне асобы юнака, які знаходзіцца злева за спіной прэзідэнта Расіі, выводзіць карыстальнікаў на выдаленую старонку сацсеткі ВК, ID якой сэрвіс ROZEYE звязвае з чалавекам па імені Цімафей. Характэрна, што ў “Цімфея“ на грудзях красуецца зорка Героя Расеі, але за апошнія тры гады ніводзін чалавек з такім імем афіцыйна гэтай узнагароды не атрымліваў».

Хлопца паспяшаліся назваць акцёрам і падстаўной асобай. Але, падобна, што ён насамрэч рэальны.

Пра тое, што яфрэйтар Цімафей Мацвееў атрымаў зорку героя Расіі, паведаміў тэлеканал «Звязда» 31 снежня. Гэта значыць яшчэ перад навагоднім зваротам, а не заднім лікам — у адказ на выкрыцці.

Пазней многія рэгіянальныя СМІ РФ апублікавалі больш падрабязныя рэпартажы пра танкіста-дэсантніка. «Навіны Хабараўска», напрыклад, напісалі аб тым, як ён сустракаўся з грамадскасцю ў сваім родным рэгіёне — Габрэйскай аўтаномнай вобласці Расіі.

Яшчэ большае распаўсюджванне ў сетцы атрымалі абвінавачанні ў акцёрстве жанчыны-вайскоўцы з таго ж віншавання.

Украінскі «24 канал» абвінаваціў яе ў здымках у ролі рыбачкі ў 2016 годзе, потым — заўважыў у царкве за спіной Пуціна ў 2017 годзе. А ў тым жа годзе і яшчэ ў 2019, паводле канала, яна нібыта выконвала ролю прадаўца марожанага на авіяшоў, якое наведваў Пуцін.

Пра гэта выказаўся і ўкраінскі журналіст Зміцер Гардон.

«Цётка, груба кажучы, марозіва яму прадае падчас наведвання чагосьці. Вось гэтая цётка стаіць у царкве за ім на наступны год зусім выпадкова. Вось гэтая цётка стаіць сярод вайскоўцаў у вайсковай форме».

Аднак, насамрэч марозіва яму прадавала Кацярына Сафронава. У 19 годзе яна нават пабывала ў студыі НТВ. А лавіла з Пуціным рыбу — Ларыса Сергухіна. Яна ж была з ім на службе ў манастыры. Чалавек рэальны, у розных публікацыях яна паўстае пад уласным імем. А так часта трапляе ў адзін кадр з Пуціным таму, што гэтыя мерапрыемствы праходзілі ў Наўгародскай вобласці, дзе яна жыве, вядзе бізнэс і з'яўляецца заўважным прадстаўніком партыі «Адзіная Расія».

Ну а ў навагоднім віншаванні засвяцілася ўжо трэцяя бландынка — капітан медслужбы Ганна Сідарэнка.

Бачна, што гэта розныя жанчыны, яны рэальна існуюць, а іх імёны і прозвішчы былі вядомы і да гэтага Новага года.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Большасць еўрапейцаў супраць санкцый 

Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч яшчэ два гады таму заклікаў да крымінальнай адказнасці за заклікі да ўвядзення санкцый. Цяпер жа ў эфіры Альфа-радыё ён сам патрабуе «больш санкцый», бо «яны дапамагаюць беларускай і расійскай эканомікам развіваць уласныя вытворчасці». Пакутуюць ад санкцый, паводле яго слоў, толькі самі еўрапейцы.

«Калі прайсці па Еўропе, узяць 90 чалавек апытаць, 80 скажа — ідзіце *** са сваімі санкцыямі, мы хочам міру, хутчэй сядзьце за стол перамоваў і дамовіцеся».

На эканамічную стомленасць еўрапейцаў ад дарагіх энергарэсурсаў, здаецца разлічваюць і ўлады Расіі, мяркуючы па роліках, якія дзяржаўныя СМІ РФ запускалі перад каталіцкімі Калядамі. 

Аднак, згодна з апошнім аглядам Еўрабарометра (афіцыйнага сацыялагічнага інструмента Еўракамісіі, які робіць маштабныя апытанні насельніцтва па ўсіх краінах ЕС), пазіцыя еўрапейцаў адносна антырасійскіх санкцый зусім іншая.

Хоць больш за палову апытаных сказалі, што вайна ва Украіне паўплывала на іх асабісты фінансавы дабрабыт, а задаволенасць рэакцыяй Бруселя на падзеі, якія адбываюцца, паступова зніжаецца, пераважная большасць насельніцтва ў ЕС (71%) падтрымлівае санкцыі супраць Расіі. Калі глядзець па краінах — то толькі ў пяці (Грэцыя, Славакія, Кіпр, Балгарыя і Венгрыя) праціўнікаў антырасійскіх санкцый больш, чым прыхільнікаў, у астатніх 22-х краінах ЕС большасць — за санкцыі.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

У Беларусі хапае партоў, каб вывозіць увесь свой экспарт

У Беларусі хапае партоў, каб вывозіць увесь свой экспарт. У гэтым пераконваў беларусаў намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Урывак яго заявы апублікаваў тэлеграм-канал Пул Першага.

«Сёння мы забяспечваем партовай інфраструктурай увесь неабходны экспарт Рэспублікі Беларусь. Як правільна было адзначана ў асноўным, на 80 працэнтаў гэта нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. У нас дастаткова сёння партовай інфраструктуры, каб вывозіць увесь аб'ём экспартуемага прадукта»

Нагадаем, раней большасць беларускіх калійных угнаенняў экспартавалі праз літоўскі порт Клайпеда. Але ў студзені 2022 года Літва скасавала кантракт на іх транзіт па сваёй чыгунцы, пасля таго як уступілі ў дзеянне санкцыі ЗША супраць «Беларуськалія», уведзеныя з-за палітычнага становішча ў Беларусі.

Снапкоў далажыў, што на замену літоўскім знайшліся іншыя парты. Праўда, рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі выклікае сумневы наконт таго, ці так усё добра з партамі, як расказвае намеснік прэм'ер-міністра.

«Пытанне застаецца за малым — пачынаць грузіць у гэтых партах, хоць сёе-тое мы ўжо пачалі грузіць», — заявіў ён.

Раней можна было проста праверыць сцвярджэнні Снапкова паводле звестак Белстата. Але зараз беларускія ўлады засакрэцілі дадзеныя па экспарце калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў. Аднак ускосныя сведчанні гавораць аб тым, што ў Беларусі ёсць праблемы з перавалкай угнаенняў у расійскіх партах. Так, эксперты партала Порт Ньюз пішуць, што Расіі самой не хапае спецыялізаваных магутнасцей для перавалкі мінеральных угнаенняў.

«Таму раней мы меркавалі, што беларускія ўгнаенні, хутчэй за ўсё, давядзецца «раскідваць» адносна дробнымі партыямі па розных расейскіх партах, і, паводле наяўных у нас звестак, гэта менавіта так і адбываецца. Беларускія ўгнаенні перагружаюцца ў біг-бэгах праз марскі шматфункцыянальны перагрузачны комплекс «Бранка» пад Санкт-Пецярбургам».

Перавальваюць у біг-бэгах — гэта значыць, што гаворка аб дробных партыях, расфасаваных ва ўпакоўку. Вялікія партыі танней за ўсё перавальваць насыпам. Але для гэтага патрэбны спецыяльныя насыпныя тэрміналы, якіх у Расіі не хапае і для сваіх грузаў.

Таму Мінск заяўляў, што хоча пабудаваць свой порт у Расіі. Але да гэтага яшчэ далёка.

Паводле ацэнак найбуйнейшага ў свеце вытворцы калійных угнаенняў — канадскай кампаніі Nutrien — экспарт калію з Беларусі ў 2022 годзе скараціўся на 50-60% у параўнанні з годам раней.

Гэта значыць, падобна, што забяспечанасць экспарту партамі, аб якой кажа Снапкоў — толькі на паперы.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Барэль прапанаваў еўрапейцам памерці за дэмакратыю

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і бяспецы Жазэп Барэль прапанаваў еўрапейцам памерці за дэмакратыю, сцвярджаюць вядучыя перадачы «Зразумелая палітыка» на «Беларусь-1».

«Зрэшты ўжо восенню Барэль зноў уляпаўся ў скандал. Барэль прапанаваў еўрапейцам памерці за дэмакратыю. Менавіта такое рашэнне дыпламат прапанаваў еўрапейцам у адказ на скаргі аб дарагой камуналцы. Прапанову пажыць у холадзе, затое ў свабодзе ацанілі не многія. Зрэшты, свабоды таксама няма. Калі моцна разагрэеш кватэру, больш за 18 градусаў, чакай гасцей у фуражках».

Насамрэч такой заявы Барэля не было. У рэчаіснасці яе выдумаў сатырычны тэлеграм-канал пад назвай «А вось мой яндэкс гаманец». У апісанні канала чорным па белым напісана — што гэта пародыя, сатыра на палітычную рэчаіснасць.

Праз тры дні пасля гэтай публікацыі, тэлеграм-канал ужо здзекваўся з тых, хто тыражаваў іх жарт як сапраўдную навіну. «Беларусь-1» жа выдала гэты фэйк за рэальную навіну амаль праз 2 месяцы пасля гэтага.

У гэтым жа выпуску вядучыя агучылі яшчэ і фэйк пра былога брытанскага прэм'ер-міністра Ліз Трас.

«Пасля Трас патрапіла ў гісторыю з-за паведамлення «Усё зроблена», якое адправіла дзяржсакратару ЗША. Гэта ёй каштавала прэм'ерскага крэсла»

Насамрэч гісторыя з СМС-кай «Усё зроблена» пачалася 30 кастрычніка 2022 г., калі інтэрнэт-прадпрымальнік Алекс Джонс заявіў у сваім твітары, што ёсць нейкія дадзеныя, што Ліз Трас адправіла СМС-ку такога зместу адразу пасля выбуху на «Паўночным патоке ». Але на той момант Ліз Трас ужо не займала пасаду прэм'ер-міністра Брытаніі.

Пра яе сыход стала вядома 20 кастрычніка, гэта значыць за 10 дзён да твіту аб СМСку. Так што скандал ніяк на гэта не паўплываў. Больш за тое — адпраўляла яна такое паведамленне ці не, так і засталося недаказаным.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі