Пераконвае беларусаў палітычны аглядальнік з тэлеканалу «Беларусь-1» Аляксей Аўдонін

Долар наблізіўся да свайго краху – пераконвае беларусаў палітычны аглядальнік з тэлеканалу «Беларусь-1» Аляксей Аўдонін:

«Долар ЗША ў 2022 годзе паскорана губляў статус сусветнай валюты. У «Простай эканоміцы» мы распавядалі пра залаты апакаліпсіс. Мінулы год наблізіў крах долару».

Гэта не праўда. Мінулы год, наадварот, быў для долару даволі паспяховым – асабліва ў статусе сусветнай валюты. Да 2022 года 59% сусветных рэзерваў захоўвалася ў доларавых актывах.

З таго часу, як з'явіўся еўра, гэтая доля пастаянна падала. Але ў 2022 годзе доля долару зноў вырасла – амаль на 1%. Гэта стала следствам таго, што федэральная рэзервовая сістэма ЗША падняла базавыя працэнтныя стаўкі, долар умацаваўся да асноўных сусветных валют, і інвестарам з усяго свету стала больш выгадна ў яго ўкладвацца.

Вайна таксама адыграла сваю ролю. У крызісныя часы людзі звяртаюцца да долару, як да валюты, у якой можна бяспечна захоўваць свае сродкі. Аб гэтым пішуць не толькі амерыканцы. Нават арабскія СМІ прызнаюць, што долар прадэманстраваў найлепшыя гадавыя паказнікі за 7 гадоў.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Ва Украіне павесілі Дзеда Мароза і Снягурку

Ва Украіне мяняюць Дзеда Мароза і Снягурку на Санта Клаўса, а іх чучала павесілі на мосце ў цэнтры Кіева. Пра гэта беларускім гледачам расказаў, прадэманстраваўшы адпаведнае фота, супрацоўнік тэлеканала СТВ Рыгор Азаронак.

«У беснаватым Кіеве павесілі Дзеда Мароза і Снягурку. Так яны пазбаўляюцца ад савецкай спадчыны. Санта Клаўса ім падавай».

Пра гэтае здарэнне паведаміў і Дзмітрый Бачкоў з тэлеканала АНТ. 

«Самае бяскрыўднае, што мы назіраем, гэта адмяніць Дзеда Мароза, Снягурку — усё, што звязана з гэтым пластом нашай гісторыі. І самае бяскрыўднае, што мы там убачылі, гэта тое, што яны вешаюць пад мастамі чучала. Дзякуй богу, што пакуль чучала Дзеда марозу і Снягуркі».

Такая акцыя сапраўды прайшла ў Кіеве ... але не цяпер, а 10 гадоў таму — 19 снежня 2012 года. Яшчэ пры прэзідэнцтве Януковіча. Правялі яе актывісты партыі «Братэрства», якая актыўна выступала супраць уступлення Украіны ў НАТА і збліжэння з ЗША і ЕС, а сябе называе нацыянал-хрысціянскай сеткай.

На ютуб-канале «Братэрства» можна прачытаць, што гэтую акцыю актывісты правялі ў гонар Дня Святога Мікалая Цудатворца, арцыбіскупа Мір Лікійскіх — гэта значыць праваслаўнага святога, ад імя якога ў Еўропе раней і дарыліся дзецям падарункі. А Дзеда Мароза ў гэтай партыі лічаць падробкай і «параджэннем варожага богу Савецкага Саюза».

Гэта значыць, яны выступаюць не за замену Дзеда Мароза на Санта Клаўса, а за вяртанне да тых самых праваслаўных традыцый, за якія так актыўна выступаюць Азаронак і Бачкоў.

Дзмітрый Бачкоў пайшоў яшчэ далей і знайшоў ва Украіне прыкметы барацьбы украінцаў з хрысціянствам і адраджэння нацызму.

«У ноч на 23 снежня чыны адроджанага палка Азоў урачыста адзначылі Ёль. Гэта паганскае свята зімовага сонцастаяння. Нагадаю таксама, што Ёль адзначалі таксама эсэсаўцы на чале з Генрыхам Гімлерам. У шэрагах СС гэтае свята поўнасцю замяніла каляды. Як яны так хутка закадзіравалі? Памятайце, яшчэ зусім нядаўна ўкраінцы смяяліся: што вы выдумляеце, няма ў нас ні нацыстаў, нікога». 

Аднак тое, што Гімлер адзначаў нейкае свята — зусім не робіць яго нацысцкім. Ёль адзначалі за шмат стагоддзяў да з'яўлення фашызму і працягваюць святкаваць зараз. У тым ліку і ў Расіі. Так, у снежні 2022 года Ёль святкавалі ў Пензе, пад Выбаргам, у Санкт-Пецярбургу і ў Маскве.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Дзякуючы росту прамысловасці расце заробак мінчан

Зарплата мінчан у мінулым годзе расла дзякуючы росту прамысловасці. Пра гэта расказала ў эфіры Альфа-Радыё намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.

«Сапраўды за студзень-лістапад тэмп росту заработнай платы па горадзе Мінску — 111,5% намінальнай налічанай заработнай платы. Але я хачу сказаць аб тым, што яна налічана за адпрацаванае. І самае галоўнае мы павінны разумець, што нашыя флагманы прамысловасці горада Мінска і ў прынцыпе прамысловасць даюць «тэмпоўку» 116% па аб'ёме вытворчасці. Адпаведна, калі рост ЗП 111% пры такой тэмпоўцы мы разумеем, што яна зароблена. Яна не проста налічана або выкручаная».

Намінальная зарплата ў Мінску за гэты перыяд сапраўды вырасла на 11,5%. Праўда, гэта горшы паказчык па краіне. А вось лічба ў 16% прамысловага росту ў сталіцы — фэйк. Паводле Белстата, індэкс прамысловай вытворчасці за 11 месяцаў мінулага года ў Мінску быў без малога 2%. Пры гэтым, у цэлым па краіне ён пайшоў у мінус 5, 6%. Акрамя таго Мінск здолеў назапасіць самыя вялікія запасы гатовай прадукцыі на складах — амаль 100% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці (у сярэднім па краіне — крыху больш за 70%), тады як у мінулым годзе было крыху больш за 50%. Прадукцыйнасць працы ў Мінску ўпала амаль на 3% за год, ды і па росце валавой прадукцыі сталіца апынулася на перадапошнім месцы ў краіне — падзенне на 5 з паловай працэнтаў. 

Такім чынам, заява, што прамысловасць працавала ўдарнымі тэмпамі і таму заробак мінчукоў «не проста налічаны ці выкручаны», а сапраўды зароблены — не адпавядае рэчаіснасці.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Беларусы зарабляюць у Польшчы менш, чым у Беларусі

Беларусы ў Польшчы зарабляюць менш, чым атрымлівалі ў Беларусі, распавяла супрацоўніца тэлеканала «Беларусь-1» Ксенія Лебедзева. У доказ сваіх слоў яна зачытвае скрыны перапіскі ў чаце беларусаў у Польшчы: 

«- Колькі гадзін вы працуеце. 396?

- 370, плюс прэмія за наведванне 350 і вяртанне за жыллё 150

- Я 220 адрабляю і лічу рабствам.

- Я б лепш у Германіі бутэлькі збіраў чым 370 гадзін у месяц працаваць

- 370? вы па 12 гадзін у суткі без выходных працуеце 30 дзён у месяц?) жорстка. а якая хоць сфера?! 

- Завод такі ёсць МА-3, робіць крышкі на завод тэлевізараў LG

- Яшчэ на бежанства падайцеся

- Дзякуй, але мы не плануем тут заставацца)

- Пераязджаеце ў іншую краіну? 

- Вядома, з такімі нормамі «выпрацоўкі» па 370 гадзін нікому не захочацца застацца)) ідэальны працаўнік... за 17 pln у гадзіну па 16 гадзін у дзень) ідэалачка вядома для працадаўцы

- Я адпрацавала намеснікам дырэктара ў гандлёвай сетцы Віталюр, маючы заробак у 800 даляраў…

- У вас тут на заводзе 670$ у месяц(пры здаровай норме 168 гадзін), а ў РБ было 800$»

«Гэта значыць, жанчына памяняла жыццё ў Беларусі, уласны дом і пасаду намесніка дырэктара буйной гандлёвай сеткі на працу наклейшчыцай этыкетак без выходных і абедаў. Ці не смешна?», - кажа Лебедзева.

У рэчаіснасці, завода з такой назвай, як згадваецца ў перапісцы, у Польшчы знайсці не ўдалося, а сама перапіска абрэзана, што цалкам сказіла яе сэнс. 

Вось як яна выглядала цалкам: 

«Я адпрацавала намеснікам дырэктара ў гандлёвай сетцы Віталюр, маючы заробак у 800 даляраў... Вы лічыце гэта годны заробак з такой адказнасцю? Там да інфаркту недалёка» 

Гэта значыць, насамрэч гэтым паведамленнем жанчына паказвае, што такі беларускі заробак у буйной гандлёвай сетцы яна лічыць неадэкватным затрачаным на яе намаганнямі.

Да таго ж, калі прагартаць перапіску вышэй, то карціна становіцца больш поўнай — жанчына шмат працуе ў Польшчы, але і зарабляе добра: 7500 злотых у месяц — гэта каля 1700 даляраў. У дыялогу яна тлумачыць гэта тым, што яны з мужам прыехалі сюды на заробкі —  у планах пабольш назапасіць, а потым вярнуцца ў Беларусь і ўладкаваць дом, гаспадарку. Таму што з беларускім заробкам яны будаваліся б гадоў 20, а з польскім зробяць гэта значна хутчэй.

Што да колькасці гадзін працы — то ў Польшчы, таксама як і ў Беларусі, устаноўлены 40-гадзінны працоўны тыдзень для тых, хто працуе па кантракце. А для працуючых па дамове падраду з пагадзіннай аплатай —  такіх абмежаванняў няма. Работнік сам вырашае колькі гадзін яму працаваць.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Захад зайздросціць саюзу Беларусі і Расіі

Калектыўны Захад зайздросціць і хоча браць прыклад з Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, сцвярджае аглядальнік газеты «СБ Беларусь сегодня» Максім Осіпаў, які вяшчае на «Беларусь-1». У доказ ён прывёў такія аргументы:

«Саюзная дзяржава — прыклад для пераймання. Але ня толькі прыклад. Гэта яшчэ і аб'ект адкрытай зайздрасці найперш у краінах калектыўнага Захаду. Ацэнкі мінскай сустрэчы замежнай пячаткай гавораць самі за сябе. Беларусь куды больш аўтаномная ў саюзе з РФ, чым Францыя — у альянсе з ЗША, заключае французская газета Le Figaro».

Гэта не праўда. Le Figaro такога не пісала. У кароткай нататцы толькі прывялі словы Пуціна аб тым, што Расія не зацікаўленая ў паглынанні свайго саюзніка, цытата, які «вельмі залежыць ад Масквы ў плане паставак нафты і газу».

Пра аўтаномію Беларусі ад сябе дадаў расейскі рэсурс «ІнаСМІ», які публікуе пераклады замежнай прэсы. І ў гэтыя пераклады ён любіць устаўляць пераказаныя сваімі словамі каментары нібыта еўрапейскіх чытачоў, якія выказваюцца пад арыгінальным артыкулам. 

Вось гэты кавалак-пераказ ад «ІнаСМІ»:

«Расія і Беларусь пад ціскам Захаду хутка інтэгруюць свае войскі і эканомікі, паведамляе Figaro. Гэтая сітуацыя выклікала спрэчку паміж чытачамі. Шмат хто ўзяў іранічны тон, але натыкнуўся на заўвагу, заснаваную на цытатах з прамоў Лукашэнкі. Той паводзіць сябе з Расіяй куды больш вольна, чым Парыж з ЗША».

Атрымліваецца, што расейскі рэсурс толькі пераказаў меркаванне нейкага невядомага каментатара пад артыкулам. Ну а Максім Осіпаў паспяшаўся заявіць, што Лукашэнку хваліць найстарэйшая газета нацыянальнага ўзроўню ў Францыі нібыта з зайздрасці да Саюза Беларусі і Расіі.

«Лёсавызначальнымі лічыць менскія перамовы і харвацкая Advance: "Цяперашняя сустрэча вельмі важная, а наколькі — мы даведаемся ўжо хутка"», — працягвае Осіпаў.

Насамрэч у фразе харвацкай Advance пра важную сустрэчу гаворка ідзе зусім не пра Саюз. Аўтар разважае аб магчымасці наступлення расійскіх войскаў на Кіеў з тэрыторыі Беларусі. Маўляў, нездарма Пуцін туды прыехаў у разгар вайны.

«На гэты раз мы чакаем не пачатку ўзброенага канфлікту, а яго эскалацыі. Гэта падводзіць нас да Мінска і пацвярджае важнасць сённяшняй сустрэчы Уладзіміра Пуціна з беларускім лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам», — гаворыцца ў артыкуле.

Такім чынам, заходняя прэса зусім не захапляецца Саюзнай дзяржавай, а піша, што Беларусь залежыць ад Расіі і Пуцін спрабуе ўцягнуць яе ў вайну супраць Украіны.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі