Антыфэйк / фактчэк

08 красавіка

Беларусь зніжае выдаткі на абарону і больш укладвае ў сацыяльную сферу. Што не так з гэтым сцвярджэннем

Каманда Weekly Top Fake параўнала, як мяняліся выдаткі бюджэту.

У Беларусі скарачаюць ваенныя выдаткі і будуюць паліклінікі і шпіталі. Пра гэта распавёў палітолаг Андрэй Лазуткін. Каманда Weekly Top Fake праверыла дакладнасць гэтай інфармацыі. 

Аб клопаце пра людзей, палякаў, якія рыхтуюцца да вайны, і выдаткі бюджэту на сацыяльную сферу казаў Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка 2023 года, наведваючы Гарадзенскую вобласць. Падчас візіту ён распарадзіўся пабудаваць новы клінічны шпіталь за два гады замест планавых 50 месяцаў. 

«Мы ж цяпер таксама капаем зямлю, як і яны [палякі], зусім побач з мяжой. Толькі мэты ў нас зусім розныя. Там капаюць акопы, траншэі супраць танкаў і іншае, павялічваюць выдаткі на ўдарнае ўзбраенне, а мы тут дзве траціны бюджэту рэгіёну накіроўваем на сацыяльную сферу», — заявіў Лукашэнка.

Тэму павелічэння Польшчай вайсковых выдаткаў і Беларусі, якая іх зніжае, развіў 3 красавіка ў перадачы «Аб'ектыўна» на АНТ Андрэй Лазуткін.

«Гэта частка агульнай інфармацыйнай кампаніі, якая цяпер у Еўропе ідзе. Гэта ўсё пра боепрыпасы. Яны на першым этапе паставілі туды ўсё, што было, а цяпер у амерыканцаў трэба закупіць новыя запасы. Пад гэта фармуецца грамадская думка. Пасля апошняга "Рамштайна" (сустрэча кантактнай групы па абароне Украіны — рэд.), які быў месяц таму, пайшла задача — трэба гэта меркаванне фармаваць праз пастаяннае палоханне вайной. І яны, хутчэй за ўсё, людзей падвядуць да таго, што мы павялічваем вайсковыя выдаткі. Беларусь іх зніжае, паказваем, што вось мы паліклінікі будуем, шпіталі», — сказаў палітолаг. 

Летась у рэспубліканскім бюджэце на нацыянальную абарону выдзелілі 2,7 млрд рублёў. Гэта 7,5% расходнай часткі бюджэту. У 2024-м — ужо 3,5 млрд. Гэта 8% расходнай часткі бюджэту.

Каманда Weekly Top Fake параўнала, як мяняліся выдаткі кансалідаванага бюджэту Беларусі (рэспубліканскага і ўсіх мясцовых) на сацыяльную сферу і абарону за апошнія гады. У 2020 годзе на сацыяльную сферу накіравалі 44,4% выдаткаў, у 2024-м — ужо 42,3%. Гэта зніжэнне. На абарону ў 2020 годзе ішло 3,2% выдаткаў, у гэтым — 4,9%. Гэта рост. 

Што тычыцца шпіталяў: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч лічыць, што ў Польшчы і краінах Балтыі іх наогул не будуюць. 

«Вы шмат бачылі, каб шпіталі сёння адкрывалася ў Прыбалтыцы, у Польшчы? Дагэтуль няма. Гэта ў нас кіраўнік дзяржавы ездзіць і вырашае гэтыя канкрэтныя задачы», — сказаў дэпутат у праграме «Азаронак. Наўпрост» 2 красавіка 2024 года.

Загалоўкі ў мясцовай прэсе кажуць пра адваротнае. Да прыкладу, у канцы сакавіка 2024 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда наведаў новы будынак Малапольскага рэабілітацыйнага цэнтру ў Радзішуве, які ўвялі ў эксплуатацыю месяцам раней. А ў літоўскім Каўнасе да 2025 года плануюць пабудаваць новы інфекцыйны цэнтр.

У Беларусі ў 2024 годзе на ахову здароўя плануюць выдаткаваць $3,5 млрд з усіх бюджэтаў. У Польшчы — $47 млрд, то бок у 13 разоў больш, чым у Беларусі. У Літве, якая ўтрая меншая за Беларусь, на ахову здароўя выдаткуюць нават крыху больш, чым у Беларусі — €3,8 млрд (больш за $4 млрд).

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі

Замест «Мрії» — клумбы? Ці сапраўды ва Украіне грошы, выдзеленыя на аднаўленне легендарнага самалёта, выдаткавалі на кветкі
Антыфэйк / фактчэк

Замест «Мрії» — клумбы? Ці сапраўды ва Украіне грошы, выдзеленыя на аднаўленне легендарнага самалёта, выдаткавалі на кветкі

Ан-225 «Мрія» — гэта транспартны самалёт з самай вялікай грузападымальнасцю ў свеце, які стварылі пад касмічную праграму.

13 чэрвеня 2024 Чытаць