Антыфэйк / фактчэк

28 верасня

Фэйкі тыдня: 16-гадовым украінцам пагражае прызыў, а рэпутацыі Расеі — нічога

А таксама — выкрыццё стаўленіка Сораса ў Арменіі і дапамога непісьменным дзецям Заходняй Беларусі. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Санкцыі не ўплываюць на рэйтынгі Расеі

Дата фэйка: 19.09.2023 

За паўтара года вайны ЕЗ прыняў 11 пакетаў санкцый супраць Расеі. Пра пачатак падрыхтоўкі 12-га 18 верасня паведаміла агенцтва Bloomberg. На наступны дзень тэлеграм-канал Berezina апублікаваў пост, што на стаўленне да Расеі абмежаванні не ўплываюць. 

«Час расстаўляе ўсё па сваіх месцах. Свежыя сацапытанні паказваюць, што Расею ізаляваць не ўдалося.

У рэйтынгу самых уплывовых краін планеты Расея насуперак санкцыйнаму ціску і спробам адмяніць рускую культуру апынулася на трэцім месцы. 

Апытанне праводзілася па замове Us News & World Report. Апытвалі больш за 17 тысяч чалавек з усяго свету, ацэньваліся 87 краін, быў вызначаны пералік параметраў з 73 пунктаў», — гаворыцца ў посце. 

На самай справе «рэйтынг самых уплывовых краін», пра які піша Berezina, — гэта адзін з 10-ці падрэйтынгаў, па якіх выводзіцца рэйтынг лепшых краін свету (Best Countries rankings). У гэтым падрэйтынгу пад назвай «Улада» Расея сапраўды застаецца на 3 месцы пасля ЗША і Кітая, бо большасць апытаных па ўсім свеце працягваюць лічыць Расею палітычна ўплывовай краінай з моцнай арміяй. 

Па астатніх дзевяці параметрах пазіцыі Расеі нашмат горшыя. Па культурным уплыве, напрыклад, яна на 38 месцы з 87-мі. Па якасці жыцця — на 51-м. Па прывабнасці для падарожжаў — на 79-м. А па адкрытасці для бізнесу — на апошнім. У агульным рэйтынгу лепшых краін свету Расея на 37 месцы, тады як у 2021 годзе, да вайны, была на 24-м.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Тэмы

Фэйк №2: У Заходняй Беларусі дзецям забаранялі вучыцца

Дата фэйка: 15.09.2023 

У Беларусі 17 верасня адзначылі Дзень народнага адзінства. У гэты дзень у 1939 годзе Савецкі Саюз напаў на Польшчу, у выніку чаго да БССР далучылі Заходнюю Беларусь. Напярэдадні гэтай даты, 15 верасня, першы сакратар Цэнтральнага камітэту БРСМ Аляксандр Лук'янаў у перадачы  «Азаронак. Наўпрост» распавёў, што ў заходніх абласцях Беларусі да прыходу савецкай улады была татальная непісьменнасць. 

«Працэс апалячвання ішоў і ў рэлігіі, працэс апалячвання ішоў і ў адукацыі. Бо дзеткам забаранялі вучыцца. Толькі кожны трэці ці чацвёрты мог атрымаць адукацыю — і тое не на роднай мове, беларускай або расейскай, а толькі на польскай», — заявіў Лук'янаў.

Польскія гісторыкі сапраўды прыводзяць дадзеныя, што ў 1921 годзе, адразу пасля пераходу гэтых зямель ад бальшавікоў Польшчы, на тэрыторыі Усходніх Крэсаў (польск. Kresy Wschodnie, ад польскага слова «крэс» — мяжа, канец, край) вучылася толькі кожнае трэцяе дзіця. Аднак за міжваенныя гады сітуацыя змянілася. 

Паводле звестак малога статыстычнага зборніка 1939 года, у Беластоцкім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах, землі якіх пасля адышлі БССР, узровень ахопу школьнай адукацыяй складаў каля 80%. Хоць працэсы апалячвання сапраўды ішлі — беларусы практычна не маглі вучыцца на беларускай мове. 

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Фэйк №3: Ва Украіне плануюць прызываць у войска 16-гадовых падлеткаў

Дата фэйка: 18.09.2023 

Новы міністр абароны Украіны мае намер знізіць прызыўны ўзрост да 16 гадоў, паведаміла 18 верасня ў перадачы «Наш час» на тэлеканале АНТ вядоўца Анжаліка Аверкава. 

«Свежы міністр абароны Рустэм Умераў адкрыта намякнуў Вярхоўнай Радзе, што тая павінна прыняць закон, каб ужо з 16 гадоў адпраўляць падлеткаў у войска. Чытай — на фронт», — заявіла Аверкава. 

Рустэм Умераў выступіў перад украінскім парламентам 16 верасня, у дзень свайго прызначэння на пасаду кіраўніка Міністэрства абароны Украіны. У стэнаграме яго выступу прапановы прызываць у войска 16-гадовых няма.

Пра гэта паведамлялі толькі расейскія медыі са спасылкай на неназваныя тэлеграм-каналы. Такую навіну сапраўды апублікаваў тэлеграм-канал «Жывы эфір» — са спасылкай на цытату міністра, нібыта размешчаную агенцтвам УНІАН.

Агенцтва УНІАН на запыт журналістаў Weekly top fake адказала, што такую інфармацыю не публікавала. 

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Фэйк №4: Арменія ніколі не ўдзельнічала ў вучэннях АДКБ

Дата фэйка: 17.09.2023

Арменія адмовілася ад правядзення вучэнняў АДКБ, а 11-20 верасня правяла супольныя вайсковыя вучэнні з ЗША. Абмяркоўваючы гэтыя навіны, вайсковы эксперт Юрый Дудкін заявіў, што армянскае кіраўніцтва падпарадкоўваецца Дзярждэпу і Сорасу ды заўсёды ігнаравала вучэнні сіл АДКБ:

«Дарэчы, Арменія, якая ўваходзіць у АДКБ, ніколі не ўдзельнічала ў сумесных ваенных вучэннях АДКБ. Гэта таксама шмат пра што кажа», — распавёў Дудкін у перадачы «САСС упаўнаважаны заявіць» на СТБ 17 верасня.

У рэчаіснасці Арменія ўдзельнічала ў вучэннях АДКБ амаль штогод.

У 2015 годзе на тэрыторыі Арменіі прайшлі вучэнні з міратворчымі сіламі АДКБ.

У 2016 годзе на тэрыторыі Арменіі сілы АДКБ адпрацоўвалі спыненне тэрарыстычных пагроз і ліквідацыю ўзброеных бандфармаванняў. 

У 2017 годзе на тэрыторыі Арменіі прайшло сумеснае вучэнне «Узаемадзеянне-2017» армянскіх і расейскіх войскаў.

У 2019 годзе армянскія вайскоўцы ўзялі ўдзел у вучэннях «Непарушнае братэрства».

У 2020 годзе Арменія прапусціла вучэнні, якія праходзілі ў Беларусі, праз сітуацыю ў Карабаху. Але ўжо ў 2021 годзе правяла вучэнні «Гром» на сваёй тэрыторыі.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Фэйк №5: Прэм'ер-міністр Арменіі — стаўленік Сораса

Дата фэйка: 20.09.2023 

Тэлеграм-канал «ЖС прэміум» 20 верасня размясціў сумесную фатаграфію прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна з амерыканскім мільярдэрам-філантропам Джорджам Сорасам.

«Нікол,  “ты памятаеш, як усё пачыналася”?

Безбароды на здымку — спонсар “каляровых” рэвалюцый, майданаў і “вызваленчых” войнаў. 

І, дарэчы, кіраўнік Азербайджану Аліеў, праз месяц пасля правалу дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, назваў прэм'ер-міністра Арменіі Пашыняна стаўленікам амерыканскага мільярдэра Сораса: “Сёння ў Арменіі існуе рэжым Сораса. Пераварот, які не атрымаўся ў Беларусі, атрымаўся ў Ерэване. Кіраўнік Арменіі — стаўленік Сораса”.

“І не сябар, і не вораг, а так…”. Стаўленік», — гаворыцца ў пасце (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя).

Каманда Weekly Top Fake знайшла арыгінал гэтага здымку — на ім Сорас сфатаграфаваны з прэм'ер-міністрам Паўночнай Македоніі Заранам Заевым у кулуарах Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе ў 2019 годзе.

Ільхам Аліеў таксама сустракаўся з Сорасам — неаднаразова. Сумеснае фота з іх афіцыйнай сустрэчы ў 2007 годзе апублікавана на сайце Дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Азертадж». Фотаздымкі з сустрэчы ў 2015-м — на афіцыйным сайце прэзідэнта Азербайджану.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі

Фэйкі тыдня: Лукашэнка выратаваў МАЗ, а Чулпан Хаматаву выгналі з рэстарана за рускую мову

Антыфэйк / фактчэк

Фэйкі тыдня: Лукашэнка выратаваў МАЗ, а Чулпан Хаматаву выгналі з рэстарана за рускую мову

А таксама — самы танны ў Еўропе грамадскі транспарт, актуальная для Беларусі экалогія і Сталін у канстытуцыі Кітая і Карэі. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

06/12 Чытаць
Фэйкі тыдня: Нямеччына вучыцца захопліваць Польшчу пакуль у Беларусі бясплатна імплантуюць зубы

Антыфэйк / фактчэк

Фэйкі тыдня: Нямеччына вучыцца захопліваць Польшчу пакуль у Беларусі бясплатна імплантуюць зубы

А таксама — украінскі вайсковец збіў школьніка, Літва страціла незалежнасць і Арастовіч з інфармацыйнай бомбай. Топ—5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Face.

29/11 Чытаць
Расейская студыя пераагучыла фрагмент серыяла  «Ранішняе шоу», дзе герой распавядае пра абстрэлы Марыупаля

Антыфэйк / фактчэк

Расейская студыя пераагучыла фрагмент серыяла «Ранішняе шоу», дзе герой распавядае пра абстрэлы Марыупаля

Партнёрскі матэрыял

У серыяле некалькі разоў закранаецца тэма вайны Расеі супраць Украіны. Расейцы дадалі фэйк у адну з серый, у якой гаворка ідзе пра абстрэлы Марыупаля ў пачатку...

23/11 Чытаць