Антыфэйк / фактчэк

08 лістапада 2023

Фэйкі тыдня: Віка Цыганова пераблытала Швейцарыю з Лесота, а супрацоўнікі дзяржмедыяў Беларусі насеклі дроў для палякаў, якія замярзаюць

А таксама — Лукашэнка ратуе два заводы, нямецкія дыпламаты ігнаруюць мемарыялы ахвярам фашызму, АНТ распавядае пра кошты на электрычнасць. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: У Швейцарыі самы высокі ўзровень самагубстваў у свеце

Вікторыя Цыганова разам з мужам Вадзімам 2 лістапада далі інтэрв'ю Рыгору Азаронку. З-за скаргаў карыстальнікаў яго выдалілі з YouTube. Пасля гэтага расейская спявачка ў сваім тэлеграм-канале выклала відэа-адказ крытыкам. У ім яна звязала узровень дабрабыту і колькасць самагубстваў.

«І ўсё гэта спажывальніцтва, бяздзейнае існаванне камфортнае, яно прывядзе проста да краху. У Швейцарыі вельмі добра людзі жывуць — самы вялікі працэнт суіцыду менавіта там». 

Паводле дадзеных Сусветнага банку за 2019 год, у Швейцарыі канчаюць жыццё самагубствам 14,5 чалавека на 100 тысяч насельніцтва. Краіна знаходзіцца на 31 месцы ў свеце па ўзроўні суіцыду. У Расеі гэты паказнік амаль у два разы большы — 25 чалавек на 100 тысяч. РФ па ўзроўні самагубстваў — на 9-м месцы.

Першае месца займае афрыканская дзяржава Лесота — 72 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва.

Фэйк №2: Нямецкі амбасадар ніколі не наведваў Хатынь 9 траўня

Еўрапейскія дыпламаты 30 кастрычніка наведалі ўрочышча Курапаты, каб ушанаваць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Супрацоўніца «СБ Беларусь сёння» Людміла Гладкая задала некалькі пытанняў часоваму паверанаму Нямеччыны ў Беларусі:

— Я тут кветкі паклаў, каб шанаваць памяць ахвяр сталінскага тэрору, — паведаміў ёй дыпламат.

— Так? А вы ведаеце, у нас на 9 траўня прынята ўскладаць кветкі ў памяць велізарнай колькасці ахвяр фашысцкага тэрору. Вы там былі? — спытала Гладкая.

— Ведаеце, я вельмі шмат тут ускладаў…

—  Не, вы былі 9 траўня на ўскладанні кветак, на ўрачыстым мерапрыемстве?

—  Мы вельмі ў многіх мерапрыемствах удзельнічаем.

— 9 траўня вы былі на ўскладанні? 9 траўня? Не. 

На наступны дзень вядоўца Рыгор Азаронак і палітолаг Аляксей Дзермант абмеркавалі гэты дыялог у эфіры «Азаронак. Наўпрост»:

— Вельмі важна яшчэ па немцу. Ніколі ж у Хатынь 9 траўня яны не з'яўляюцца. Не радуюць нас сваёй прысутнасцю, ушанаваць памяць ахвяр. Не, гэта не цікава, — заявіў Азаронак.

— Гэта зноў жа паказвае акцэнты іх ідэалогіі, — дадаў Дзермант. 

Часовы павераны ў справах Нямеччыны Міхаэль Новак кіруе пасольствам у Менску з 4 ліпеня 2023 года. Яго папярэднік Манфрэд Хутэрэр штогод 9 траўня ўрачыста ўскладаў вянкі, наведваў мемарыялы «Яма» і «Хатынь», А таксама комплекс «Чырвоны бераг» і «Трасцянец».

Фэйк №3: Зніжаныя тарыфы на ацяпленне прывялі да павелічэння выкарыстання электраэнергіі

Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка заслухаў даклад аб заканчэнні будаўніцтва БелАЭС. На ім міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч даў справаздачу аб тым, што электраэнергія ў Беларусі стала больш даступнай, а аб'ёмы яе спажывання выраслі. 

Тэлеканал АНТ распавёў, што гэтаму спрыяюць паніжаныя тарыфы.

«Да пераходу на ацяпленне і падагрэў вады з дапамогай электраэнергіі спрыяюць паніжаныя тарыфы», — гаворыцца ў навінавым сюжэце.

Кубаметр газу ў 2023 годзе па ільготным тарыфе каштуе 20,6 капейкі. Адзін кВт электраэнергіі — 4,5 капейкі. З улікам ККД сучасных газавых катлоў, адзін мегаджоуль цяпла каштуе 0,66 капейкі супраць 1,24 капейкі пры выкарыстанні электраэнергіі. Гэта значыць ацяпленне газам удвая таннейшае, чым электрычнасцю.

З моманту запуску АЭС электраэнергія ў Беларусі падаражэла. У 2020 годзе самы танны ільготны тарыф для ацяплення дамоў каштаваў тры капейкі за кВт/г, у лістападзе 2023-га — чатыры, а для кватэр вырас з 16 да 20 капеек за той жа перыяд.

Фэйк №4: У Беларусі праводзяць чэмпіянат па колцы дроў, каб дапамагчы палякам

У Беларусі 29 кастрычніка прайшоў другі чэмпіянат па колцы дроў. На наступны дзень аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін у эфіры «Альфа Радыё» паведаміў, што гэта мерапрыемства праводзіцца, каб дапамагчы палякам у барацьбе з «марозным генацыдам».

«Мы пачалі калоць дровы, каб дапамагчы ім. Мы прывозім гэтыя дровы на мяжу і грамадзяне, бо ў нас дзейнічае бязвіз, грамадзяне суседніх дзяржаў могуць прыехаць узяць гэтыя дровушкі і назапасіцца перад зімой. < ... > Мы бачым, што мерапрыемства маштабуецца. Таму дапамога нашым суседзям будзе яшчэ большай», — заявіў ён. 

Год таму, рубячы дровы з алігархам Сяргеем Цяцерыным, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы дапамагчы польскаму прэзідэнту Анджэю Дудзе дровамі: 

— Не дамо, Сямёныч, Еўропе змерзнуць, дапаможам нашым братам, можа і яны калі-небудзь дапамогуць.

— Вы думаеце пра ўсіх: і пра Еўропу і пра ўсю планету.

— Ну а як... < ... > Галоўнае, каб у Польшчы Дуда і Маравецкі не змерзлі. 

Пасля леташняга чэмпіянату насечаныя дровы пад камерамі журналістаў адвезлі не на мяжу з Польшчай, а пенсіянерцы з вёскі Гаішча Менскага раёну. У гэтым годзе палякам дровы таксама не дасталіся. Іх атрымалі два самотныя беларускія пенсіянеры з Менскага раёну — па 5 кубоў кожны.

Фэйк №5: Лукашэнка выратаваў цэментныя заводы

Інфармацыйнае агенцтва БелТА 4 кастрычніка расказала пра тры беларускія цэментныя заводы, якія цяпер паспяхова развіваюцца дзякуючы своечасовым рашэнням Аляксандра Лукашэнкі.

«Была вялікая праблема ў частцы далейшага развіцця холдынгу, звязаная з непад'ёмнымі пазыкамі. Кіраўніком дзяржавы быў прыняты ўказ №181, які, у прынцыпе, дазволіў нам на сённяшні момант, першае, захаваць тры заводы, якія сёння працуюць на поўную магутнасць і больш за 60% сыходзіць на экспарт, другое, забяспечыць іх нармальную працу сістэмную і развіццё», — гаворыцца ў сюжэце.

Гаворка пра «Беларускі цэментны завод», прадпрыемствы «Краснасельскбудматэрыялы» і «Крычаўцэментнашыфер», якія амаль 20 гадоў таму Лукашэнка вырашыў мадэрнізаваць. У гэтыя мерапрыемствы ўклалі звыш мільярда еўра, у асноўным кітайскіх крэдытаў пад гарантыі ўрада. Але заводы так і не сталі прыбытковымі і іх даўгі цяпер вяртаюцца з дзяржбюджэту.

У мінулым годзе завод «Краснасельскбудматэрыялы» даў справаздачу аб стратах у 40 млн рублёў і ў 220 млн руб. у пазамінулым. У мінус 40 млн руб. спрацаваў у 2022 годзе «Беларускі цэментны завод», хоць у 2021 годзе яму ўдалося выйсці на прыбытковасць у 1,5 млн руб. Страты «Крычаўцэментнашыфера» за гэты перыяд павялічыліся з 10 да 23 млн руб.

Указ №181 дае чарговую адтэрміноўку ад выплаты запазычанасцяў. Гэтым разам да 2049 года.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі